СОЛА НАТХНЕННЯ I ТВОРЧАСЦI

Культура

Штогадовы фестываль праваслаўных песнапенняў “Калядная зорка” сабраў у вёсцы Гародзькі амаль 40 юных музыкантаў.

Удзельнікі свята – наведвальнікі Нядзельных школ Валожынскага благачыння, а таксама калектывы навучэнцаў музычных школ раёна – прадставілі 9 нумароў як харавога, так і сольнага выканання.

У невялікай зале будынка Гародзькаўскага філіяла ДУ “Валожынская школа мастацтваў” сабраліся дзясяткі цікаўных гледачоў. Свята распачалося з прывітальнага слова і благаслаўлення айца Дзімітрыя Агіевіча – настаяцеля прыхода святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены ў Валожыне.

Са сцэны гучала музыка, якая паланіла не толькі слых, але і душу. Выступалі дзеці з Пяршайскай Нядзельнай школы, з Вішнеўскай, Гародзькаўскай, Дорскай, Валожынскай школ мастацтваў. Выкананнем акапэла вызначыліся івянецкія юныя спевакі. Тэматыка ўсіх выступленняў была звязана са светлым святам Нараджэння Хрыстова.

Ініцыятарам правядзення фестывалю ў Гародзьках з’яўляецца настаяцель мясцовага Свята-Пакроўскага прыхода протаіерэй Сергій Лянкевіч. Святар не выпадкова надае вялікую ўвагу выхаванню падрастаючага пакалення, бо ў самога – 6 дзяцей.

Фестываль не з’яўляецца конкурсам. Галоўная яго задача – падарыць людзям ціхую радасць вялікай хрысціянскай урачыстасці, пасяліць у сэрцах шчасце і надзею. Песні, што выконваюцца дзецьмі, гучаць асабліва кранальна і хвалююча.

Напрыканцы імпрэзы юныя выканаўцы атрымалі навагоднія падарункі цукерак, пасля іх чакаў салодкі стол.

Трэба адзначыць, што ў Гародзьках ужо шмат гадоў ладзяць і “дарослае” свята царкоўнай музыкі, якое дае магчымасць дакрануцца да пеўчай традыцыі Праваслаўя. У фестывалі ўдзельнічаюць не толькі хоры праваслаўных прыходаў Валожынскага благачыння, але і творчыя калектывы выкладчыкаў музычных школ. Прыязджаюць у вёску і спевакі з іншых раёнаў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота Андрэя ЯЗЕРСКАГА

 



Добавить комментарий