МОДА НА ГЛІНУ НЕ АДЫХОДЗІЦЬ

Общество

Неяк у Вішневе адна вельмі пажылая жанчына расказала, што да вайны прыязджалі ў іх вёску гандляры з вырабамі івянецкіх ганчароў, і, каб пераканаць пакупніка, што тавар добры, бралі ў рукі пра збанку і моцна ўдаралі імі адзін аб другі. Натоўп заміраў, а на бліскучых баках збаноў нават трэшчын не заставалася…

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма, – тлумачыць вядучы мастак Івянецкага завода мастацкай керамікі Вераніка Мікалаеўна Нячаева. – Усё залежыць ад якасці гліны. Калі яна добра спякаецца, то посуд будзе моцным, амаль, як з фарфору. Менавіта з такой сыравінай працавалі даўнейшыя івянецкія ганчары. З-за высокага ўтрымання свінцу іх вырабы мелі не толькі свой адметны колер – цёмна-чырвоны, але і маглі доўга захоўваць свежасць самых розных прадуктаў. Гаспадыні Івянца і ваколіц мястэчка малако злівалі толькі ў гліняныя ёмкасці, у кожным доме меліся спецыяльныя керамічныя гарлачыкі для масла, мёду, мукі, прыпраў. Існавала і безліч іншых прылад, якія зараз ужо выйшлі з ужытку. Напрыклад, спарыш – два злучаныя гаршэчкі. Можна дастаўляць на поле адразу дзве стравы!»

Попыт на керамічны посуд зараз амаль на нулі, а вось заяўкі з гандлёвай сеткі на іншае хатняе начынне паступаюць, з аптовых дыскаўнтараў – двойчы на месяц, з меншых магазінаў – раз у месяц ці квартал.

Што будзе прадаваць прадпрыемства, на чым заробіць грошы – у многім залежыць ад вядучага мастака. Працуючы над новым відам прадукцыі, В. М. Нячаева павінна вырашыць адразу дзве задачы: па-першае, «пажаніць» форму і дэкор вырабу, па-другое, прадугадаць, якія тэндэнцыі запануюць у наступным сезоне…

Дзякуючы яе фантазіі, на традыцыйных беларускіх гаршэчках зараз можна ўбачыць не толькі «цвяток радзімы васілька», але і экзатычных фламінга, японскую сакуру, шатландскую клетку, абстракцыю.

Мастацкія знаходкі Веранікі Мікалаеўны высока ацэнены спецыялістамі. Многія яе аўтарскія работы ўзяты за ўзор у катэгорыю вырабаў народнага промыслу, упрыгожваюць прыватныя калекцыі ў блізкім і далёкім замежжы, прадстаўляюць прыкладное мастацтва нашай краіны на выстаўках і экспазіцыях у Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Можна смела сцвярджаць, што ўбачаная ў дзяцінстве казка па пераўтварэнню шэрага камяка гліны ў цудоўнага «лебедзя» стала быллю ў лёсе вядучага мастака прадпрыемства В. М. Нячаевай.

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *