ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

НЯПРОШАНЫЯ ГОСЦІ.

«Украў, выпіў – у турму! Рамантыка!» – саркастычна жартаваў галоўны герой кінастужкі «Джэнтльмены ўдачы». На падобную «рамантыку» пацягнула і кампанію з двух мужчын і адной жанчыны. Ім вельмі карцела выпіць, а грошай не было. Што рабіць – скумекалі хутка. У вёсцы Воўкаўшчына выбралі наўгад дачны дом, выбілі акно і праніклі ўнутр. Тут адшукалі і што выпіць, і чым закусіць. Праз некалькі дзён дачнік-гаспадар заўважыў сляды крадзяжу і паведаміў у міліцыю пра балёўку няпрошаных гасцей. Міліцыя затрымала ўсю крымінальную кампанію.

А вось другому дачніку з Воўкаўшчыны пашанцавала менш. Ён не далічыўся ў сваім недабудаваным доме бензапілы і электрычнай бетонамяшалкі. Матэрыяльны ўрон складае 5 мільёнаў рублёў. Зламыснікі праніклі ў запёртае памяшканне шляхам выстаўлення аконнай рамы. Асобы злачынцаў высвятляюцца.

БАІ БЕЗ ПРАВІЛ

«Баі без правіл» маглі назіраць 4-га студзеня жыхары Ракава на тэрыторыі аўтастаянкі ўчастковай бальніцы.

Перамог больш агрэсіўны. Ён бязлітасна біў нагамі ў чаравіках свайго саперніка, які ляжаў на зямлі і не мог абараняцца. Пацярпелы трапіў у бальніцу ў цяжкім стане з чэрапна-мазгавой траўмай, а «пераможцу» пагражае турэмнае зняволенне.

У ІМГНЕННЕ ВОКА

На мінулым тыдні ў агні загінула 78-гадовая жыхарка райцэнтра. Трывожны званок у пажарна-выратавальную службу раздаўся ў 0 гадзін 40 хвілін 14 студзеня. Выратавальнікі дзейнічалі хутка, аднак бяду прадухіліць не змаглі – дом гарэў знутры. Прычына пажару зараз высвятляецца.

ТРЭБА ЗАВІХАЦЦА, КАБ З ДАЎГАМІ ПАКВІТАЦЦА

Палявод ААТ «Лоск» у 2006 годзе пазбаўлены бацькоўскіх правоў на трохгадовую дачку і, па рашэнні суда, павінен выплачваць на яе ўтрыманне ў дзяржаўнай установе грошы. Аднак працаваць яму не хацелася, як і аддаваць частку заробку на роднае дзіця. У выніку доўг гора-бацькі склаў амаль 44 мільёны рублёў. Зараз лёс нядобрасумленнага аліментшчыка будуць вырашаць праваахоўныя органы і суд. За падобнае злачынства Крымінальным кодэксам прадугледжана пазбаўленне волі. Пры гэтым, доўг давядзецца пагасіць.

ПАНЁС, КОЛЬКІ ЗДУЖАЎ

У першы дзень Новага года ў адзін з магазінаў Ракава зайшоў непрацуючы мясцовы жыхар 1971 года нараджэння. Заўважыўшы, што прадаўшчыца шчыруе каля пакупнікоў, а за ўласнымі рэчамі не сочыць, ён рашыў правучыць жанчыну, а заадно і пажывіцца за яе кошт. Без дакору сумлення злодзей забраў сумачку, у якой ляжаў кашалёк з грашыма і банкаўскімі карткамі, а таксама …бот. Цэлую пару забраць было, відаць, зацяжка. Гэта ўжо не першыя супрацьзаконныя дзеянні гэтага грамадзяніна. Не так даўно ён быў судзімы за крадзеж.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий