Общество

Спасціжэнне пластыкі рухаў, адчуванне рытму, музычная азбука… Гэтаму клапатліва вучыць сваіх шматлікіх выхаванцаў Святлана Міхайлаўна ЗАЙЛЯНКОВА.

Вянцом яе творчай працы можна назваць харэаграфічны калектыў “Івянчанка”.  У яго складзе дзве ўзроставыя групы. Юныя артысты паспяхова выступалі на многіх конкурсах і фестывалях. Яны аблашчаны і сімпатыямі ўдзячных гледачоў  гарпасёлка: “Івянчанка” ўпрыгожвае многія канцэртныя праграмы з нагоды розных свят.

Святлана Міхайлаўна дзясяты год загадвае Івянецкім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Любоў да танцавальнага мастацтва яна пранесла праз усё сваё свядомае жыццё. А разгарэлася  яркая іскарка таленту яшчэ ў час вучобы ў Мінскім каледжы мастацтваў у далёкія 70-я гады. Наступнай прыступкай прафесійнага росту стала вучоба ў інстытуце культуры ў Мінску.

За гады руплівай працы з адоранымі дзецьмі створана шмат удалых харэаграфічных кампазіцый. Сярод іх алегарычная пастаноўка “ Птушыны свет”, якую гледачы маглі высока ацаніць у час традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях”.  Кожны новы год багацее творчы багаж! Ужо сёння тут старанна адточваюць сцэнарый будучай мастацка-харэаграфічнай пастаноўкі “Чалавек нараджаецца жыць!”, прысвечанай 70-годдзю  вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў…

Няўрымслівая натура Святланы Міхайлаўны не дае творчаму працэсу быць аднастайным, шэрым. Штораз у яе з’яўляюцца новыя арыгінальныя ідэі, яркія творчыя рашэнні. З такім чалавекам-энтузіястам лёгка і цікава працаваць дзецям!  А  ў імклівых рытмах танца і гады жыцця гэтай абаяльнай жанчыны-педагога здаюцца толькі светлай, прыгожай вясной…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий