ЛIСТ ДА ЗЕМЛЯКОЎ

Общество

Дарагія землякі! Хачу расказаць вам пра філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які я скончыў у свой час і дзе працую выкладчыкам ужо амаль паўстагоддзя.

Гэта – адзін з найбольшых у БДУ факультэтаў. Тут амаль 250 выкладчыкаў (сярод іх – больш 30-ці дактароў і 120-ці кандыдатаў навук) навучаюць каля дзвюх з паловай тысяч студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з Беларусі і замежных краін. Філфак БДУ – адзін з самых запатрабаваных і аўтарытэтных у нашай краіне навучальных і навуковых асяродкаў. Дастаткова сказаць, што палова народных пісьменнікаў, некалькі акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, дырэктары шэрагу дзяржаўных літаратурных архіваў і музеяў, галоўныя рэдактары асобных часопісаў і выдавецтваў – выпускнікі нашага факультэта. Я ўжо не кажу пра заслужаных настаўнікаў і дзеячаў культуры, лаўрэатаў розных прэмій, дактароў і кандыдатаў навук, прафесараў і дацэнтаў, што працуюць у розных галінах асветы, навукі, культуры, народнай гаспадаркі ўвогуле. Нямала іх і ў нашым Валожынскім раёне.

Чым жа так вабіў і вабіць да сябе філфак?

Як сказана ў Бібліі, на самым пачатку было слова. І таму навука пра слова – філалогія – аснова ўсіх навук. А родная мова – усё роўна як родная маці. Людзі, якія захоўвалі, вывучалі, узбагачалі, ахоўвалі мову народа, здаўна станавіліся вядомымі, паважанымі, заслужанымі, як, зрэшты, і цяпер.

Філалогія як навука складаецца не толькі з навукі пра мову, мовазнаўства (лінгвістыкі), але і з навукі пра літаратуру, літаратуразнаўства. Тым самым філалагічныя факультэты адрозніваюцца ад некаторых іншых факультэтаў і нават універсітэтаў. Нідзе не атрымаеш адначасова такія глыбокія веды па гісторыі і тэорыі роднай і замежных літаратур, моў, міфалогіі, фалькларыстыцы і інш.

Філфак БДУ рыхтуе спецыялістаў па шасці спецыяльнасцях: беларускай філалогіі, рускай філалогіі, рамана-германскай (англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай) філалогіі, славянскай (балгарскай, польскай, сербскай, славацкай, чэшскай, украінскай) філалогіі, усходняй (кітайскай) і класічнай (лацінскай, грэчаскай) філалогіі.

Як і раней, усе выпускнікі філфака атрымліваюць спецыяльнасць выкладчыка.

Аднак зараз выхаванцы аддзяленняў рамана-германскай, славянскай, усходняй і класічнай філалогіі, апрача спецыяльнасці выкладчыка, будуць мець і запісаную ў дыпломе спецыяльнасць перакладчыка.

Што да студэнтаў аддзяленняў беларускай і рускай філалогіі, то яны, апрача авалодання спецыяльнасцю выкладчыка беларускай або рускай мовы і літаратуры, маюць магчымасць выбару яшчэ адной з трох дадатковых спецыяльнасцей: літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць, камп’ютарнае забеспячэнне, дзелавая камунікацыя. Па сутнасці, да настаўніцкай прафесіі дадаюцца яшчэ (згодна жадання і здольнасцей студэнта) прафесіі журналіста і праграміста з філалагічным ухілам. Такім чынам, у дыпломе запісваецца наступная кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык беларускай/рускай мовы і літаратуры. Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік (або: Спецыяліст па камп’ютарнай філалогіі; Спецыяліст па дзелавой камунікацыі). У адпаведнасці з набытай кваліфікацыяй выпускнікі філфака размяркоўваюцца не толькі ў сярэднія школы і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, але і ў выдавецтвы, часопісы, газеты, у аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэк, у архівы, музеі, ва ўстановы, дзе патрэбны граматныя рэдактары і карэктары, спецыялісты па камп’ютарным забеспячэнні і дзелавой камунікацыі (рэферэнты, прэс-сакратары …).

На вячэрніх курсах студэнты пры жаданні вывучаюць дадаткова адну са славянскіх або заходнееўрапейскіх моў, пасля чаго атрымліваюць адпаведны сертыфікат. Апрача таго, нашым студэнтам прадастаўляецца магчымасць паралельнага навучання на любым факультэце БДУ для атрымання другой спецыяльнасці: юрыста, эканаміста, псіхолага, культуролага і інш. Увогуле, больш падрабязна пра факультэт і магчымасці, якімі ён валодае, можна даведацца праз інтэрнэт: www.philology.bsu.by.

Бадай з самага свайго заснавання філфак БДУ набыў славу “пісьменніцкага асяродка”.  Відаць, большая палова вядомых беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. атрымала філалагічную падрыхтоўку ў нашым універсітэце. Многія выкладчыкі факультэта займаюцца пісьменніцкай працай, перадаюць свае веды і творчы вопыт літаратарам-пачаткоўцам.  Чвэрць стагоддзя на факультэце літаратурным аб’яднаннем “Узлёт” кіраваў прафесар, вядомы пісьменнік і літаратуразнаўца Алег Лойка, з-пад крыла якога вылецелі ў неба роднай літаратуры дзясяткі вядомых літаратараў. Цяпер падобнай літаратурнай суполкай “Альтанка” кіруе вядомая паэтэса Ірына Багдановіч.

Сёлета ў верасні наш факультэт будзе ўрачыста адзначаць сваё 75-годдзе. Праўда, БДУ пачаў рыхтаваць філолагаў ледзь не на 20 гадоў раней, з самага свайго заснавання – з 1921 г. Але асобны – філалагічны – факультэт быў утвораны толькі ў 1939 г.

Дарагія землякі, найперш – выпускнікі сярэдніх школ! Чакаем вас на філфаку БДУ. Наш адрас: Мінск, вул. Карла Маркса, 31.

Вячаслаў РАГОЙША,

прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ,

былы выпускнік Ракаўскай СШ

 



Добавить комментарий