Вывучаюць асновы праваслаўя

Культура

Пры Свята-Канстанціна-Аленінскай царкве ў Валожыне дзейнічае Нядзельная школа. На сённяшні дзень наведваюць яе 25 чалавек. Адны займаюцца першы год, іншыя – 4-5. У кожнага з дзяцей быў свой шлях у Нядзельную школу: некага прывялі бацькі, нехта прыйшоў самастойна, а некага накіравалі настаўнікі.

Заняткі ў школе праводзіць выдатны педагог Г. І. Косік. Яе любяць і паважаюць дзеці. Як сцвярджае сама Ганна Іванаўна, “для яе цуд ужо тое, што ў наш камп’ютарны век дзеці наведваюць Нядзельную школу. З кожным годам актыўнасці ў дзяцей усё менш, яны становяцца менш паслухмянымі. Адным вывучэннем Закона Божага дзяцей не зацікавіш.” Таму педагог выкарыстоўвае розныя віды дзейнасці: гульні, чаяванні, паходы на прыроду, экскурсіі, паездкі. У 2013 годзе выхаванцы наведалі Жыровіцкі манастыр, Дом міласэрнасці, Нацыянальную бібліятэку, на храмавыя святы Івянецкую і Вішнеўскую Нядзельныя школы. Летам Ганна Іванаўна запрашае сваіх падапечных да сябе на дачу, а ў зімовы час дамоў, дзе яны вядуць карысныя для душы размовы і дзеляцца самым патаемным.

Маша Волкава, наведвальніца Нядзельнай школы, распавядае, што тут яны вывучаюць жыццёвы шлях Ісуса Хрыста, а гэта вельмі цікава і карысна, знаёмяцца з разнастайнымі іконамі, чытаюць і абмяркоўваюць праваслаўныя кнігі. Падабаецца глядзець павучальныя мультфільмы-прытчы, якія вучаць дабру. Заўсёды з радасцю рыхтуюць спектаклі да Раджаства і Вялікадня. З нецярпеннем чакаюць выступлення, чаявання і канечне падарункаў. Са сваімі пастаноўкамі неаднаразова наведваліся ў дзіцячы сад № 3, у аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў “Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, выступалі на сцэне Раённага цэнтра культуры.

У Аляксея Унукоўскага, як і ў многіх хлопчыкаў, якія наведваюць Нядзельную школу, ёсць запаветнае жаданне – ён марыць служыць у алтары.

Бацькі выхаванцаў Нядзельнай школы рады, што іх дзеці выхоўваюцца ў праваслаўнай веры. Ала Яўгеньеўна Мошка аддае нізкі паклон Ганне Іванаўне і гаворыць, што і дарослым карысна і прыемна яе паслухаць, а яе дачка з задавальненнем наведвае заняткі. Яна ўпэўнена, што сумесная дзейнасць, паходы, паездкі аб’ядноўваюць дзяцей у праваслаўным разуменні сяброўства, вучаць адносіцца адзін да аднаго згодна з запаведзямі.

Галіна Васільеўна Волкава расказвае, што яе дачка наведвае Нядзельную школу ўжо некалькі гадоў. Вывучэнне асноў праваслаўнай веры спрыяе духоўнаму ўзрастанню, змяняюцца адносін да блізкіх і сяброў, дзеці стараюцца жыць, выконваючы Божыя Запаведзі.

Наталля Аляксандраўна Буклыс упэўнена, што ў Нядзельнай школе многія дзеці знаходзяць тое, чаго ім не хапае ў сям’і. А некаторыя, наогул, нясуць свае веды ў сям’ю і вядуць сваіх бацькоў у праваслаўную веру.

На Раджаство Хрыстова, выхаванцы традыцыйна падрыхтавалі невялікі спектакль. Спачатку ў царкве дзяўчаты праспявалі некалькі калядных песень, праслаўляючы Нараджэнне Хрыстова. Асабліва ўсім спадабаліся спевы Марыі Нахай, адной са старэйшых выхаванак. Затым у будынак Нядзельнай школы былі запрошаны бацькі і ўсе прыхаджане, якія прыйшлі на святочную службу. І гульня, і касцюмы, падрыхтаваныя бацькамі і самімі ўдзельнікамі, уразілі ўсіх. Выклікалі захапленне Зоркі ў прыгожых касцюмах, асабліва Настасся Загорская, першая памочніца, як сцвярджае Ганна Іванаўна, ва ўсіх арганізацыйных момантах. Пераканаўчымі былі валхвы і пастушкі. Аляксей Нехвядовіч удала выканаў ролю цара Ірада.

Пасля спектакля настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы протаіерэй Дзмітрый Агіевіч падзякаваў за спектакль і ўручыў выхаванцам салодкія падарункі.

Дзецей чакаў салодкі стол, падрыхтаваны Ганнай Іванаўнай і бацькамі. У гэты час Г. І. Косік у гульнявой форме правяла віктарыну, прысвечаную асновам праваслаўнай веры. Дзеці адзін перад адным стараліся адказаць на складаныя нават для многіх дарослых пытанні і зарабіць паболей ачкоў. У канцы ўсёй гэтай дзеі яны зноў атрымалі падарункі: цацкі, канцылярскія прылады і інш.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий