За радком гісторыі

Культура

Гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі вядомыя каля вёсак Ракаў, Яршэвічы, у цэнтры горада Валожын (на поўдзень ад аўтавакзала, на пляцоўцы і схіле помніка размяшчаюцца могілкі XIX стагоддзя), в. Калдыкі (урочышча Жыдава Гара) і ў в. Ясенішкі (ур. Замак) Забрэзскага сельсавета, в. Узбалаць (ур. Рымарава Гара), в. Кашчэлічы (ур. Замак) Гародзькаўскага сельсавета.

 

Традыцыйная забудова сялянскіх двароў на працягу XIVXIX стст. складалася з жылога дома (хата, пякарня), клеці (“свіран”), хлява, гумна (“стадола”) і адрыны (“пуня”). Каля гумнаў стаялі азяроды (“пераплоты”), на якіх сушылі снапы, сена, бульбоўнік і г. д. У архіўных крыніцах захаваліся апісанні забудовы асобных вёсак Валожыншчыны ў XVIII ст. У в. Капусціна на адным з двароў стаялі “…дзве пякарні з сенямі, свіранак, хлеў і гуменька…”, на другім – “…пякарня старая, свіранак, гуменька, адрынка і хлявок стары”. У вёсцы Бурнейкі большасць сялянскіх сядзібаў складалася з жылога дома, свірана, хлява і гумна з азяродамі.

 

Галоўнымі цэнтрамі рамеснай вытворчасці і гандлю з’яўляліся мястэчкі. Як ужо адзначалася, асноўным заняткам іхняга насельніцтва была сельская гаспадарка. Таму колькасць рамеснікаў у большасці мястэчак малалікая. Напрыклад, у 1795 годзе жыхары м. Старынкі (22 двары) займаліся земляробствам. У гэтым жа годзе ў Пяршаях з 31 гаспадара толькі 4 займаліся рамёствамі: кравец, рымар, гарбар, стэльмах. 5 рамеснікаў было ў “неаселых”, г. зн. не забяспечаных зямельнымі надзеламі, дварах: кравец, ганчар, шавец, вінакур, сітнік. У м. Камень на 49 “аселых” і некалькі “неаселых” двароў прыходзілася 15 рамеснікаў. Местачковыя рамеснікі забяспечвалі сваёй прадукцыяй не толькі жыхароў мястэчак, але і навакольныя вёскі і бліжэйшыя феадальныя двары. Асобныя вырабы рамеснікаў Валожыншчыны, напрыклад, ракаўска-івянецкая кераміка, мелі попыт і на больш далёкіх рынках.

У вёсках рамесная дзейнасць сканцэнтроўвалася ў асобных дварах. Гэта былі рамёствы, звязаныя, як правіла, з ганчарным, кавальскім і дрэваапрацоўчым промысламі. Паколькі тутэйшыя землі Валожыншчыны не бедныя на балотныя руды, многія сяляне займаліся здабычай, плаўкай і апрацоўкай жалеза.

 

Залатою парою ў творчасці С. Буднага стаўся перыяд з 1573 па 1583 год, калі ён жыў у Лоску ў доме вядомага беларускага магната, прыхільніка арыянаў Яна Кішкі. Той прыдбаў у братоў Кавячынскіх друкарню, запрасіўшы да сябе і яе кіраўніка Д. Лэнчыцкага.

У Лоску Будны знайшоў выключна спрыяльныя ўмовы для плённай працы. Не губляючы часу, ён неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага Гектарам і Альбрэхтам Кавячынскімі перакладу Новага Запавету і ўжо літаральна праз год надрукаваў яго ў Лоску, напісаўшы “Эпіграму на герб Яна Кішкі” і грунтоўную “Прадмову да Чытача”.

Пасля з’яўлення Новага Запавету 1574 г. імя Буднага набыло папулярнасць у краінах Заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Германіі; з ім імкнуцца завесці знаёмства, пачуць ягоныя меркаванні па тых ці іншых праблемах.

 

У канцы XIX ст. колькасць ганчарных заводаў узрасла да 30, а колькасць рабочых – да 64 чалавек. Аднак, як сведчаць штогадовыя справаздачы царскіх чыноўнікаў, майстры не былі зацікаўленыя ў рэгістрацыі сваіх варштатаў. Да 1939 года колькасць ганчароў і рабочых узрастае больш чым удвая. За гэтым відавочна стаіць працэс пашырэння промыслу. Са статыстычных крыніц вынікае, што ганчары набывалі звыш паўтары тысячы вазоў гліны штогод. (З аднаго воза выходзіла капа – 60 штук точаных вырабаў сярэдніх памераў).

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *