КАТАСТРОФА Ў ГIСТОРЫI…

Общество

27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.

Дата гэта выбрана Генасамблеяй ААН не выпадкова. 27 студзеня 1945 года Савецкая Армія вызваліла самы вялікі нацысцкі лагер смерці Асвенцым. Толькі тут падчас вайны было знішчана больш за мільён чалавек. Усяго ж ахвярамі Халакосту сталі звыш 6 мільёнаў яўрэяў.

Падчас вайны на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі заставалася ад 570 да 600 тысяч яўрэяў, з іх выжылі ўсяго 14-18 тысяч чалавек.

Па ліку ахвяр Халакосту на тэрыторыі СССР – звыш 800 тысяч чалавек – Беларусь займае другое месца пасля Украіны.

27 студзеня ў Валожынскім кінатэатры “Юнацтва” адбудзецца паказ дакументальнай стужкі Муміна Шакірава “Халакост – клей для абояў?” Гэта карціна пра існуючы феномен “амнезіі”, які ахоплівае цэлае пакаленне. Пачатак прагляду ў 18 гадзін.

Адпраўной кропкай для фільма расійскага рэжысёра стала фраза, вымаўленая юнымі двайнятамі ў адным з тэлешоу. На пытанне віктарыны “Што такое Халакост?”, школьніцы, не жартуючы, адказалі: “Клей для абояў”. Гэта гісторыя “ўзарвала” медыя-прастору.

Аказалася, што пытанне, якое на працягу дзесяцігоддзяў абмяркоўваецца сусветнай супольнасцю, для многіх – усё яшчэ закрытая кніга. Траўма, катастрофа чалавецтва, ад якой адны не могуць заспакоіцца дагэтуль, для іншых – зусім не вядомая старонка гісторыі.

Чым жыве сёння моладзь? Як канструюецца гісторыя, якое месца ёй адводзіцца ў школьных праграмах?

Рэжысёр вырашыў пазнаёміць двайнятак з нацысцкім лагерам смерці Асвенцым, каб тыя сваімі вачамі змаглі ўбачыць тое месца, дзе і сёння халадзее кроў. Фільм Муміна Шакірава – гэта гісторыя сталення дзвюх школьніц, якая здарылася з імі за некалькі дзён.

На раённых кінапляцоўках фільм будзе дэманстравацца да 30 сакавіка.

Людміла МАХНІЦКАЯ,

дырэктар Валожынскага філіяла

КУП “Мінаблкінавідэапракат”

 



Добавить комментарий