ТАВАРЫ З ЛАГАТЫПАМ “ЧС”

Общество

У пошуках сувеніраў з лагатыпам чэмпіянату свету па хакеі-2014, які пройдзе ў нашай краіне з 9 па 25 мая, карэспандэнт газеты зазірнуў у чатыры прыватныя ўніверсальныя міні-крамы, размешчаныя на цэнтральных вуліцах Валожына, абышоў і кіёскі Белсаюздруку. Як высветлілася, у райцэнтры прадукцыі з сімволікай спартыўнага першынства планеты не так і шмат.

Вядома, што пасля 8 лютага – роўна за тры месяцы да старту чэмпіянату – большая частка тавараў беларускіх вытворцаў з хакейным лагатыпам павінна быць знята з прылаўкаў. Эксклюзіўным вытворцам сувенірнай прадукцыі стане шведская фірма. Скандынавы будуць прадаваць свае тавары на спартыўных арэнах і ў фан-зонах. Такія патрабаванні прапісаны ў кантракце з Міжнароднай федэрацыяй хакея: незалежна ад таго, у якім еўрапейскім горадзе праводзіўся б турнір, краіна-арганізатар абавязана кіравацца гэтымі ўмовамі. Аднак шведскія сувеніры абяцаюць быць нятаннымі…

У Валожыне адшукаць тавары з лагатыпам “ЧС” удалося толькі на прылаўках райспажыўтаварыства. У мясцовым універмагу асартымент “хакейнай” прадукцыі сціплы, аднак пры жаданні выбраць што-небудзь на памяць пра галоўную спартыўную падзею ў гісторыі суверэннай Беларусі ўсё ж можна…

Попытам карыстаюцца магніты на халадзільнік коштам 6 тысяч рублёў. Флікеры з сімволікай хакейнага чэмпіянату, – расказваюць прадаўцы, – ужо раскупілі. Засталіся араматызатары ў салон аўтамабіля, якія ўяўляюць сабой міні-варыянт беларускай хакейнай формы. У асартыменце ёсць блакноты коштам трохі больш за 9 тысяч рублёў. Самым папулярным падарункам для балельшчыкаў аказаліся стыльныя белыя кубкі. Гэты фарфоравы посуд па вельмі дэмакратычнай цане – усяго 12 тысяч рублёў – разабралі даўно.

Сярод будзённых тавараў з сімволікай “ЧС” найбольш хадавыя, мабыць, – цэлафанавыя пакеты коштам не вышэй за 2 тысячы рублёў ды папяровыя сурвэткі да 5 тысяч рублёў.

Ручнік з лагатыпам першынства свету-2014 можна набыць за 19 тысяч рублёў “з капейкамі”, дзіцячы джэмпер – за 63 тысячы, майку для дарослых – за 74 тысячы. Палатняная сумка абыдзецца ў 57 тысяч, заплечнік – у 146 тысяч. Самым дарагім таварам, што замыкае спіс, аказалася дарожная сумка за 617 тысяч рублёў.

– Рэалізоўваць беларускую прадукцыю з хакейнай эмблемай пачалі яшчэ ў кастрычніку мінулага года, – адзначае кіраўніцтва ўнівермага. – З 9 лютага магазінам дазволена прадаваць толькі 26 найменняў і 87 разнавіднасцяў тавараў з лагатыпам чэмпіянату: масленіцы, календары на тэкстыльнай аснове, сшыткі, альбомы для малявання, камплекты для саўны, лазні. Пад часовай забаронай продажу 56 найменняў і 188 разнавіднасцяў нехарчовых тавараў.

Пасля ўнівермагу мы зазірнулі ў магазін раённага вузла паштовай сувязі. Сярод прадукцыі з хакейным лагатыпам тут былі, на жаль, толькі цэлафанавыя пакеты. У касах жа раённага паштамта ўжо прадаюцца канверты, маркі і блакноты з эмблемай чэмпіянату.

Варта адзначыць, што пасля сусветнага першынства беларускія сувеніры вернуцца з “лаўкі запасных” і прабудуць у крамах трохі больш за месяц – да 30 чэрвеня. Так што ў хакейных фанатаў засталося няшмат часу, каб зрабіць “кантрольную закупку”…

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий