ШЧАСЛIВАЯ СВАIМI ДЗЕЦЬМI…

Культура

У Марыны і Алега Цішэвічаў з Пугачоў пяцёра дзяцей. Сёлета Марына Дзмітрыеўна за свой мацярынскі подзвіг з рук старшыні аблвыканкама атрымала ордэн Маці.

На стале Цішэвічаў — садавіна і гародніна з уласнага ўчастка, сыр і масла ад сваіх кароў, дамашнія яйкі і мяса. Як і ўсе добрыя вяскоўцы, яны шчыра працуюць, дбаюць пра дабрабыт.

Старэйшы сын Аляксей, лічы, ужо вылецеў з роднага гнязда. Ён – студэнт камандна-інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Каб паступіць у гэту навучальную ўстанову, акрамя добрага багажу ведаў, трэба яшчэ і моцнае здароўе мець. Ён пры любым выпадку стараецца прыехаць дадому, дапамагчы маме і тату, пагуляць з малодшымі брацікамі і двухгадовай сястрычкай Яначкай.

Яначка – асобая радасць Цішэвічаў. Дзяўчынка, відаць, адчувае гэта і вядзе сябе, бы сапраўдная прынцэса. Хоць яшчэ і не ўсе слоўцы ў яе выразна атрымліваюцца, але сустрэць гасцей, пацікавіцца, з чым яны прыйшлі ў іх дом, якія прынеслі падарункі, яна можа куды смялей за брацікаў.

Школьнікі Саша і Вадзім цяпер асноўныя памочнікі па гаспадарцы.

Дарэчы, шматдзетная Марына рашыла атрымаць другую спецыяльнасць, і падчас сесіі муж з сынамі выдатна ўпраўляюцца без мамы.

Усе дзеці выхаваныя, старанна вучацца, заўсёды прыветлівыя і акуратныя. А яшчэ яны вельмі дружныя паміж сабой.

Кажуць, адно дзіця ў сям’і – гэта манархія, двое – двоеўладдзе, трое – дэмакратыя. Пытаюся ў Марыны Дзмітрыеўны: «А пяцёра дзяцей з якім відам дзяржавы можна параўнаць?»

Жанчына на хвілінку задумваецца і кажа: «У нас усё можна назіраць. Яне пакуль што дазваляецца жыць па-каралеўску, Максімка ўжо гэты перыяд прайшоў, Саша і Вадзім часам вядуць між сабой спрэчкі і баталіі за нейкія прэферэнцыі, Аляксей заўсёды выступае за справядлівасць і роўнасць. Але і дэмакраты, і прыхільнікі двоеўладдзя падпарадкоўваюцца маме і тату. Інакш парадку не будзе. У сям’і, як і ў дзяржаве, патрэбна моцная рука…»

Алена ЗБІРЭНКА,

на фота – Саша, Вадзім, Максім і Яна Цішэвічы

 



Добавить комментарий