ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

ПАЎТОРНЫ ПРАВАЛ

Жыхарка Мінска атрымала першае пакаранне за кіраванне машынай у нецвярозым стане ў лістападзе мінулага года. Тады суд ёй прызначыў штраф у памеры 7 мільёнаў 600 тысяч рублёў і пазбавіў права кіравання транспартнымі сродкамі на 3 гады. Аднак гэта дастаткова строгая мера не прымусіла аматарку прыгод належным чынам задумацца. На мінулым тыдні супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі яе за рулём аўтамабіля ў нашым раёне, прычым зноў “пад мухай”. Цяпер супраць мінчанкі ўзбуджана крымінальная справа.

НЕ СПРАВІЎСЯ З ДАРОГАЙ…

Малады жыхар Брэсцкай вобласці не ўлічыў, што невялікі вадзіцельскі вопыт можа сыграць на заснежанай начной дарозе дрэнны жарт. Не маючы вадзіцельскага пасведчання, хлопец, тым не менш, сеў за руль аўто і накіраваўся ў бок Ракава. Аднак у адзін з момантаў з кіраваннем не справіўся і з’ехаў у кювет. Аварыя прывяла да балючых траўм і шпіталізацыі ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы.

НАЖЫЎСЯ НА ЧУЖЫМ

Пра крадзеж маёмасці паведаміў супрацоўнікам праваахоўных органаў жыхар Ракава. У дом, які гаспадар пачаў будаваць, невядомы зламыснік пранік праз незамкнёныя дзверы. А апынуўшыся ўнутры, “пажывіўся” будаўнічымі матэрыяламі – адлівамі і водасцёкавымі трубамі. Сума нанесенага ўрону склала 9 мільёнаў рублёў. Вінаватага шукаюць.

ДАВЯДЗЕЦЦА АДКАЗВАЦЬ

перад законам жыхару пасёлка Багданаў за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. На яго прысядзібным участку ўчастковы інспектар міліцыі выявіў самагонны апарат кустарнай зборкі. Агрэгат перададзены на адказнае захоўванне ў адну з гаспадарак раёна, а гаспадара гэтага “дабра” чакае штраф. 12,2 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці знайшлі міліцыянеры ў доме жыхара вёскі Слайкоўшчына. На яго таксама складзены адміністрацыйны пратакол.

РАБАЎНІКІ ЗАТРЫМАНЫ!

Далёка не самыя прыемныя хвіліны перажыла пенсіянерка з вёскі Філіпіняты, калі ў дом яе ўварваліся двое незнаёмых мужчын у масках і сталі патрабаваць грошы. Жанчына мусіла аддаць ім апошнія 450 тысяч рублёў, пасля чаго рабаўнікі пакінулі хату гаспадыні і зніклі ў невядомым накірунку. Аднак іх дарога доўгай не была. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку хутка выйшлі на след зладзеяў – раней судзімых жыхароў Ашмянскага раёна. Цяпер абодва затрыманы і чакаюць чарговага судовага працэсу.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий