ПРАФЕСIЯ ДОРЫЦЬ НАТХНЕННЕ

Официально

Паказаць сваё педагагічнае майстэрства, свае прафесійныя здабыткі і паспытаць сілы ў конкурснай барацьбе з калегамі сёлета рызыкнулі 24 настаўнікі з 19 школ і дашкольных устаноў раёна.

У фінальны тур конкурсу выйшлі Наталля Васільеўна Барахоўская (пачатковыя класы, гімназія № 1), Алена Аляксандраўна Касаногава (пачатковыя класы, СШ № 2 г. Валожына), Кацярына Генадзьеўна Ляўковіч (англійская мова, Івянецкая СШ), Святлана Іванаўна Шніп (гісторыя і грамадазнаўства, Пугачоўская СШ-сад), Таццяна Міхайлаўна Скапец (ДЦРД «Расінка» г. Валожына), Наталля Аляксандраўна Грынявецкая (яслі-сад № 3 «Пралеска» г. Валожына). Самай адказнай і рашаючай датай для іх стала 23 студзеня, калі ў Раённым цэнтры культуры журы павінна было назваць лепшых.

Настаўніка года выбіралі па намінацыях. Інтрыга, якая доўжылася некалькі месяцаў, рашылася на карысць Н. В. Барахоўскай, К. Г. Ляўковіч, С. І. Шніп, Н. А. Грынявецкай, якія і атрымалі дыпломы пераможцаў. Іх саперніцам, А. А. Касаногавай і Т. М. Скапец былі ўручаны дыпломы лаўрэатаў. Старанні паўфіналістаў С. В. Родзевіч (СШ № 1 г. Валожына), Н. С. Панкратавай ( СШ № 2 г. Валожына), Н. І. Васілеўскай (Ракаўская СШ), І. А. Капуста (Ракаўская СШ), Н. М. Міхайлоўская (Багданаўская СШ-сад), А. І. Донь-Шынайка (яслі-сад № 2 «Вясёлка» г. Валожына), А. А. Звярко (Сівіцкая БШ-сад) адзначаны падзякамі аддзела адукацыі, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. За абласны тытул «Настаўнік года» пазмагаюцца ўсе чатыры дыпламанты-пераможцы.

Падтрымаць фіналістаў падчас іх выступлення на галоўнай сцэне раёна прыйшлі сябры і знаёмыя, калегі і сваякі. Сюды ж былі запрошаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын», ветэраны педагагічнай працы. Залу раз-пораз ускалыхвалі падбадзёрваючыя воклікі і апладысменты. Канкурсанты, якія прыкметна хваляваліся ў першыя хвіліны, мабілізаваліся і змаглі паказаць усё, на што здатныя.

Відавочна, што конкурсу папярэднічала вялікая работа. Педагогам патрэбна было не толькі сістэматызаваць прафесійныя навыкі, але і творча іх абыграць.

Тут без артыстызму, неад’емнай састаўной поспеху работы з аўдыторыяй, не абысціся. Настаўніца англійскай мовы з Івянецкай СШ Кацярына Генадзьеўна Ляўковіч гэтым і пакарыла публіку. Журы ж адзначыла яшчэ і добрае веданне методыкі выкладання прадмета, уменне праектаваць сучасныя тэндэнцыі на асобны ўрок.

Год гасціннасці, чэмпіянат свету па хакеі сталі адпраўным пунктам пры выбары тэмы дыдактычнага матэрыялу для А. А. Касаногавай і С. І. Шніп. Гэтыя настаўніцы сваю методыку актыўна напаўняюць мясцовым матэрыялам і такім чынам выхоўваюць у вучняў патрыятычныя пачуцці.

Шмат цікавых уласных знаходак для развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту паказалі Н. А. Грынявецкая і Т. М. Скапец. Дабрынёй і багаццем душы ўразіла і Таццяна Міхайлаўна, запомніліся яе словы: «Я не працую выхавацелем. Я жыву выхавацелем…»

Наталля Васільеўна Барахоўская стаўку зрабіла на класіку і не прайграла. Яе пятнаццаціхвілінны міні-урок па рускай мове быў і пазнавальным, і цікавым, і яркім.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Святлана Вітольдаўна Федарака, член журы, пераможца абласнога конкурсу «Настаўнік года-2009»:

– Мне спадабалася С. І. Шніп. Які багаты творчы патэнцыял у гэтай настаўніцы! Шкада, што на міні-ўрок было адведзена так мала часу. Хочацца падзякаваць ёй за станоўчыя эмоцыі, а вучням даць наказ — цаніце сваю настаўніцу і старанна ў яе вучыцеся…

 

Яўгенія Антонаўна Шышла, ветэран педагагічнай працы, былы дырэктар СШ № 1 г. Валожына:

– Прыемна, што сучаснае настаўніцтва не забываецца пра нас, ветэранаў. Было радасна пабачыцца з былымі калегамі, успомніць свой вопыт, пазнаёміцца з прафесійнымі здабыткамі тых, хто прыйшоў нам на змену. Педагагічная навука не стаіць на месцы, а імкліва развіваецца. Сачыць за гэтым працэсам вельмі цікава.

 

Наталля Анатольеўна Чарнышова, старшыня журы, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

– Кожны, хто звязаў свой лёс з высакароднай прафесіяй настаўніка, павінен ведаць: асноўная вучоба пачнецца пасля атрымання дыплома аб адукацыі і будзе доўжыцца ўсё жыццё. Конкурс гэта даказаў яшчэ раз. Лепшымі сталі тыя, хто шукаў і знайшоў новыя формы, методыку, неардынарны падыход. Гэта нялёгкі пошук і пад сілу толькі тым, чые сэрцы палаюць любоўю да дзяцей, да выбранай справы…

 



Добавить комментарий