ТРАКТАРЫСТ. ДЭПУТАТ. ГАСПАДАР

Культура

Гэтыя словы з’яўляюцца ключавымі ў біяграфіі Сяргея  Дзмітрыевіча Бубневіча з вёскі Подбалаць Валожынскага сельсавета. Не менш цікавы і лёс яго вернай спадарожніцы жыцця…Пазнаёмімся з гэтай сям’ёй бліжэй!

Іх хата ў Подбалаці быццам усміхаецца табе, гасцінна запрашае прыпыніцца і ацаніць рукатворную прыгажосць. Шаляванка жылога будынка блішчыць навізной: здаецца, што нібы толькі ўчора старанна пафарбавалі сцены. Аказваецца, трымаць фасон – у трывалай звычцы гэтых дбайных гаспадароў. Таму падворак Бубневічаў у Подбалаці вылучаецца сярод астатніх сваім выйгрышным выглядам.

У свой час прозвішча Сяргея Дзмітрыевіча Бубневіча было на слыху ў раёне. Ён – лепшы механізатар тагачаснага прыгараднага калгаса імя Леніна – аднаго з флагманаў сельгасвытворчасці. 37 гадоў жыцця аддаў гэты чалавек хлебаробскай справе. Да гэтай пары памятае свой першы трактар “РС-09”. Ён быў без кабіны,  у сцюжу, дождж пра камфорт можна было толькі марыць. Праз некалькі гадоў перасеў на калёсны “Т-150”. З цеплынёй у сэрцы ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці ўспамінае колішніх кіраўнікоў калгаса-мільянера: сапраўднага энтузіяста і падзвіжніка Міхаіла Іванавіча Уласіка, а таксама Яўгена Іванавіча Войтава. Калгас тады лідзіраваў па многіх пазіцыях у раёне.

Патомны хлебароб С. Д. Бубневіч у багатых засеках сваёй памяці перабірае зярняткі поспеху раслінаводаў, якія шчыравалі ў тандэме з механізатарамі. Нават у тыя далёкія часы ўдавалася збіраць рэкордныя ўраджаі. Асабліва радаваў азімы ячмень, якога намалочвалі на круг ад 37 да 50 цэнтнераў.

Па працавітасці не ўступае мужу і  жонка. Антаніна Міхайлаўна 42 гады была перавязачнай медсястрой хірургічнага аддзялення райбальніцы.

У размове з гэтымі людзьмі адчуваецца: статус Сяргея Дзмітрыевіча ў гэтай сям’і заслужана высокі! Ды і не толькі ў сям’і. У роднай вёсцы ён таксама паважаны чалавек. З рэспектам гавораць пра яго і былыя калегі-механізатары. Брыльянтавай агранкай яго прызнання стаў наступны факт: у 90-я гады С. Д. Бубневіч ад Валожынскай выбарчай акругі стаў дэпутатам тагачаснага Вярхоўнага Савета – вышэйшага заканадаўчага органа рэспублікі. Вядома ж яму, патомнаму селяніну, было псіхалагічна няпроста адарвацца ад звыклай працы на зямлі, правесці амаль пяць гадоў у сталіцы. Ён быў больш звыклы да сціплага вясковага асяроддзя, да халаднавата-росных раніц, якія, нібы малаком, густым туманам ахутвалі родную вёску. Ён часта сумаваў па сваёй Подбалаці, таму амаль кожныя выхадныя ў абавязковым парадку выбіраўся дадому.

Сваёй працай у парламенце ён ганарыцца. Грэе душу  адчуванне таго, што ты, просты, сціплы чалавек, таксама меў непасрэднае дачыненне да маштабных пытанняў у жыцці краіны. За тое дэпутацкае скліканне парламентарыі разгледзелі і прынялі шэраг заканадаўчых актаў. У іх ліку і змяншэнне ўзроставай мяжы да 55 гадоў пры выхадзе на пенсію механізатараў, жывёлаводаў і іншай катэгорыі работнікаў. Рэалізуючы наказы выбаршчыкаў, ён дапамог у пераводзе кацельні горада Валожына на прыродны газ, паспрыяў у вяртанні каталіцкага храма вернікам, вырашаў іншыя пытанні.

Гады, праведзеныя ў Вярхоўным Савеце, гэта час яго грамадзянскай сталасці, патрыятычнай загартоўкі, гэта і вострае адчуванне таго, як блізкія сэрцу яго любімая вёсачка, родны кут.

Пакуль муж стаў часова мінчанінам, руплівая жонка зрабіла ўсё, каб захавалася ранейшая вялікая гаспадарка, хоць ноша стала ўдвая цяжэйшай. У сям’і падрасталі двое дзяцей. Змалку яны былі прывучаныя да сялянскай працы. Шчыра дапамагалі маці ва ўсіх справах.

З далёкіх гадоў маленства свайго сына Сяргей Дзмітрыевіч любіць прыпамінаць наступны красамоўны  факт. Мікалай хадзіў у тагачасную Шчалканаўскую школу. Насупраць навучальнай установы быў прадуктовы магазін. І кожны дзень, без напамінку і просьбы бацькоў, падлетак вяртаўся дадому з боханам свежага хлеба пад пахай.  Вяскоўцы бачылі гэту дзіцячую паслужлівасць і па-добраму зайздросцілі, кажучы бацьку: “Будзе з твайго хлопца варты чалавек!” І сапраўды, лёс сына склаўся ўдала.  Бо дамінанта яго характару – працавітасць і мэтанакіраванасць. Сваё жыццё Мікалай звязаў са службай ва Узброеных Сілах. Кар’ера складваецца пакуль што ўдала. З мудрагелістай электронікай ён “на ты”. Кваліфікавана рамантуе тэлевізары, іншую бытавую тэхніку.

“А з камп’ютарам мой Мікалай размаўляе, як я са сваёй каровай”, –  такую дакладную, хоць і вельмі непасрэдную ацэнку вялікай дасведчанасці здольнага сына, даў бацька, сфармуляваўшы свае думкі ў простым і зразумелым усім сялянскім вывадзе-параўнанні.

Дачка Таццяна пайшла матчынай прафесіянальнай сцяжынкай: працуе медсястрой у 9-й клінічнай бальніцы горада Мінска. Ад маці ёй перадалася і вялікая страсць да кветкаводства. Любіць аздабляць бацькоўскую сядзібу, ды і ў Мінску летам штогод афармляе пышную клумбу ля шматпавярхоўкі, дзе жыве яе сям’я.

Старэйшыя Бубневічы ўжо прычакалі чатырох унукаў. Сардэчным клопатам іх акружаюць дзеці. Здаецца, жыццё ўдалося, няма на што наракаць. Можна адпачыць, пажыць для сябе. Але сядзець склаўшы рукі гэта вясковая сям’я не можа. Па-ранейшаму трымаюць вялікую гаспадарку: ёсць конь, карова, свойская птушка, свінні.

Доўгая зіма дае кароткую перадышку людзям з моцнай сялянскай загартоўкай, якія любяць і ўмеюць працаваць. А калі нарэшце абудзіцца зямля ад першага ўстойлівага цяпла, спраў у гэтых вяскоўцаў адразу становіцца бясконцае мноства. Сяргей Дзмітрыевіч так вобразна вызначае хронаметраж сваёй занятасці: “Сколькі сонца свеціць, столькі мы і працуем. Як быў трактарыстам, дык спаў толькі па чатыры гадзіны ў суткі…”  Пачуўшы гэта шчырае прызнанне, мне чамусьці падалося, што гэтая мера часу – пакуль сонца свеціць! – звязана не толькі са звычайнай працягласцю сутак. Усё свядомае жыццё гэтых рупліўцаў падпарадкавана аднаму правілу: шчыра працуй, пакуль жывеш на свеце! Таму і аптымізму, бадзёрасці ў Бубневічаў столькі, што хоць адбаўляй. Не толькі яны ад сонца зараджаюцца энергіяй, жыццялюбствам, але і сонца таксама, відаць, міжволі сілкуецца ад гэтых людзей. Бо яны ўмеюць жыць з радасцю і шчырай удзячнасцю Богу за тое, што аднойчы нарадзіліся на гэтай зямлі…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий