БIБЛIЯТЭКА – ЦЭНТР АСВЕТЫ

Общество

Бібліятэкару Г. І. ТАЛЬКОЎСКАЙ культура кніжная бліжэй, чым “планшэтная”: папяровае выданне, а не пластмасавы гаджэт, больш прыемна трымаць у руках. Выхоўвалася Галіна Іванаўна ў часы савецкай кнігаманіі, калі гадзінамі прастойвалі ў чэргах, здаючы кілаграмы макулатуры, каб атрымаць запаветны томік класікі…

Зараз жа кнігі даступны кожнаму: у віртуальнай прасторы можна адшукаць любы электронны варыянт нават вельмі рэдкага фаліянта, які не сустрэнеш у краме ці на стэлажах публічных бібліятэк. Аднак 16 гадоў працы ў бібліятэцы Пяршайскай сярэдняй школы дазваляюць Галіне Іванаўне заўважаць і адваротны бок тэхналагічнага прагрэсу: інтарэс маладога чытача да “высокай літаратуры”, на жаль, зніжаецца.

Але бібліятэка ў аграгарадку па-ранейшаму застаецца цэнтрам адукацыі, фонд папаўняецца навінкамі. Таму кожны мае шанс паўтарыць услед за Максімам Багдановічам: “Я не самотны, я кнігу маю…”

“Кніжную” справу Галіна Іванаўна вывучыла, скончыўшы Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А. С. Пушкіна. Праца за кніжнай паліцай патрабуе дакладнасці, любові да парадку, каб, не марудзячы, адшукаць патрэбнае выданне – загадвае школьны бібліятэкар фондам у 10 тысяч кніг.

Варта паведаміць і такі факт. Ёсць у прафесіянальным багажы Г. І. Талькоўскай і спецыяльнасць закройшчыцы, якую яна атрымала ў адным з Мінскіх вучылішчаў. Магчыма, адсюль і захапленне рукадзеллем. Школьнікі з задавальненнем наведваюць гурток “Саламяныя дзівосы”, якім кіруе Галіна Іванаўна. Тут дзеці ствараюць аплікацыі з залацістага прыроднага матэрыялу, робяць пано і кветкі з мешкавіны, інкруставаныя саломкай.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий