Запрашае арт-майстэрня

Общество

Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь накіравана на рэалізацыю  права дзіцяці пражываць і выхоўвацца ў сям’і. У Рэспубліцы актыўна развіваюцца сямейныя формы ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (апека, усынаўленне, прыёмная сям’я, сямейны дзіцячы дом).

Найбольшае распаўсюджанне ў рэспубліцы атрымала такая форма ўладкавання дзяцей, як прыёмная сям’я. Таму актуальнай становіцца праблема правільнай арганізацыі і суправаджэння прыёмнай сям’і, прафесіяналізацыі прыёмных бацькоў, ад чаго і залежыць лёс дзяцей.

У Валожынскім раёне на выхаванні ў 13 прыёмных сем’ях знаходзяцца 28 дзяцей, а таксама чацвёра выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Праведзены маніторынг становішча дзяцей у прыёмных сем’ях у 2012 годзе ў нашым раёне выявіў праблемныя моманты, якія ўзніклі ў працэсе выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Гэта часцей за ўсё:

— нізкі ўзровень псіхолага-педагагічных ведаў і навыкаў працы з прыёмнымі дзецьмі;

— няўменне канструктыўна выстрайваць узаемаадносіны з падапечным і выбіраць правільныя метады і стыль выхавання.

На жаль, часта прыёмныя бацькі галоўным лічаць накарміць дзіця, абуць, адзець, сачыць за яго здароўем, кантраляваць паспяховасць, не здагадваючыся, што для гарманічнага развіцця дзіцяці намнога важней эмацыянальна-валявое развіццё. Дзеці хочуць бачыць у прыёмных бацьках, перш за ўсё, безацэначную любоў і адчуваць побач з імі сябе бяспечна.

Каб вырашыць праблему ўзаемадзеяння бацькоў і дзяцей, неабходна і адным, і другім вучыцца разумець, чуць, бачыць адзін аднаго.

Асноўнай ідэяй праекта стала правядзенне сумесных творчых заняткаў бацькоў і дзяцей.  Такія заняткі памогуць не толькі развіць глыбокі давер у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, але і ўмацаваць адносіны паміж дзецьмі рознага ўзросту і полу.

Заняткі даюць унікальную магчымасць павысіць псіхалагічную кампетэнтнасць бацькоў у пытаннях выхавання, развіць эфектыўныя навыкі камунікацыі з дзецьмі, узаемны давер, прыхільнасць, а нам, як спецыялістам, ацаніць становішча дзіцяці ў сям’і.

Заняткі будуць праходзіць на базе Валожынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, ДУА “Багданаўскі вучэбна-педагагічны комплекс-дзіцячы сад”, ДУА “Ракаўская сярэдняя школа”.

У студзені праведзены тры заняткі па тэме “Сямейны герб” у Багданаўскім садзе-сярэдняй школе, Ракаўскай СШ, у Валожыне.

У лютым пройдуць заняткі па тэме “Сямейны альбом”,  у сакавіку – “ Палімерныя цуды”, у красавіку – “Куфэрак скарбаў”, у маі –“Карціна без пэндзля і фарбаў”.

Святлана МУЧЫНСКАЯ,

дырэктар Валожынскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра

 



Добавить комментарий