КЛЮЧЫКI АД САКРЭТАЎ ПАЛIВАЛЬНАЙ СПРАВЫ Ў ЯЕ РУКАХ

Общество

Калі керамічная загатоўка пройдзе выпрабаванне агнём – абпал пры тэмпературы 800-900 градусаў – яе адправяць у рукі жывапісцаў. Пасля чаго, упрыгожаная ўзорамі, яна зноў патрапіць у печ. Падарожнічаць па такім маршруце адзін выраб можа некалькі разоў – усё залежыць ад складанасці задумкі мастака. Шлях стварэння глінянага шэдэўра не абыходзіцца і без важных “прыпынкаў” у палівальным цэху прадпрыемства.

За 14 гадоў працы на Івянецкім заводзе мастацкай керамікі палівальшчыца І. Б. ЮХНЕВІЧ дасканала асвоіла мастацка-тэхнічныя прыёмы апрацоўкі гліняных вырабаў.

А пазнаёмілася Ірына Баніфацаўна з творчасцю івянецкіх майстроў яшчэ раней. Некалі тут функцыянаваў цэх вышыўкі: сюды і ўладкавалася вязальшчыцай. Але пасля расструктурызацыі прадпрыемства прыйшлося змяніць і кваліфікацыю.

…Сакрэты палівальнай справы Ірына Баніфацаўна асвоіла, скончыўшы спецыяльныя курсы.

Зараз І. Б. Юхневіч адказвае за базісны колер ганчарнай прадукцыі, працуючы з вялікай палітрай фарбаў і лакаў.

Парашковыя палівы наносяцца спецыяльным прыборам – аэрографам, які працуе пад ціскам. Шклопадобнае пакрыццё – празрыстае, матавае, бясколернае ці каляровае – выкарыстоўваецца не толькі ў эстэтычных мэтах. Яно робіць гліну больш трывалай, засцерагае ад пранікнення вільгаці. Ірыне Баніфацаўне больш даспадобы працаваць з празрыстай палівай, якая не перашкаджае гліне струменіць цяплом, добра выяўляе яе натуральны колер, падкрэсліваючы старажытнасць ганчарнага мастацтва…

Фота і тэкст Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий