У стылі максімалізму

Общество

Даярка СВК “Манькаўшчына” Таццяна Баляславаўна ЗЯНЬКО надаіла летась па 9525 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У чым жа сакрэт? Можа каровы асаблівыя, ці абсталяванне на ферме іншае? Бо, як вядома, у некаторых сельгасгаспадарках рубеж і ў чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы застаецца непакораным…
– Таццяна Баляславаўна, дык можа падзеліцеся сакрэтам поспеху з калегамі?
– Сакрэт ёсць, і я гатова яго раскрыць. Вось толькі ці ўсім ён даспадобы? Паспрабуйце працаваць з усёй аддачай: кожную змену – да стомы, да болю ў спіне, да салёнага поту. Тады і вынік будзе, нават большы, чым у мяне. Жывёлаводы добра ведаюць, наколькі складаная і адказная справа – раздаіць першацёлку. Уся далейшая прадукцыйнасць каровы закладваецца менавіта пасля першага ацёлу. Таму выдойваць малачко неабходна да апошняй кроплі, не халтурыць. Каровы ў маім статку мяняюцца праз месяц: адных раздаіла, тут жа другія паступаюць. Жывёла звычайная, думаю, што і на большасці фермаў трымаюць такую пароду. Ды і абсталяванне ў нас стандартнае, так што ўвесь сакрэт поспеху – чалавечы фактар. Магчыма, што я “працаголік”, магчыма, што так і нельга. Ведаеце, я за ўсё жыццё нават у адпачынку ні разу не была. Усё здаецца, што без мяне не справяцца…
– Як лічыце, адкуль у Вас такая працаздольнасць?
– Усё ў чалавеку закладваецца ў маленстве. У нашай сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей. Каб пракарміць, абуць і адзець кожнага, патрэбны былі грошы. Іншага ж шляху здабытку матэрыяльных каштоўнасцей, чым цяжкая фізічная праца, у тыя часы вяскоўцы не ведалі. Гэта зараз можна купіць нешта па адной цане, а прадаць па другой, атрымаць “навар”. Мы ж вымушаны былі працаваць з малых гадоў: дапамагалі бацькам гадаваць скаціну, палолі вялізазныя дзялкі буракоў, уручную рвалі лён. Для гулянак і забаў часу амаль не мелі. Хіба што зімой можна было калі пакатацца на лыжах ці санках, у снежкі пагуляць.
– Ваша жыццё заўсёды было звязана толькі з вёскай?
– Скончыўшы Яршэвіцкую сярэднюю школу, паступіла ў Мінскае ПТВ абутнікоў, нават і папрацаваць па спецыяльнасці паспела ў сталіцы. Але там я не адчувала сябе шчаслівай, бо была пазбаўлена такіх простых рэчаў, як прадчуванне надыходу вясны, не заўважала, як лета пераходзіць у залатую восень. Здаецца, у гарадской мітусні нават час бег хутчэй, чым дома. Так і не прыжылася я ў сталіцы, і, калі выйшла замуж за хлопца з Манькаўшчыны, вярнулася на радзіму. Вярнулася і адчула – тут маё месца. Канечне, у горадзе больш бытавых выгод, большы выбар тавараў і магчымасцей праводзіць вольны час. Але невыносна адчуваць сябе чужой, нікому не патрэбнай. Дома ўладкавалася на работу на ферму, была спачатку падменнай. Напачатку, пакуль уцягнулася, было вельмі цяжка. Калі вы хоць аднойчы даілі карову, то пэўна ж адчулі, як моцна баляць рукі. Гэта як заняткі фізічнымі практыкаваннямі – пакуль мышцы не прывыкнуць да пэўных нагрузак, будзе балюча. Нядаўна чула ў адной тэлеперадачы, як адна балерына раіла другой: “Раз баляць ногі – танцуеш мала”. Зусім як у нас, даярак – “ныюць” рукі ад працы, значыць, трэба даць ім больш нагрузкі.
– Тэлевізар для Вас гэта адпачынак ці магчымасць нешта даведацца, пашырыць свой кругагляд?
– Я зусім не паклонніца тэлебачання. Нават не ведаю, якія цяпер серыялы ці праграмы рэйтынгавыя. Куды больш люблю чытаць. Аддаю перавагу кнігам дэтэктыўнага жанру. Апошнім часам захапілася творчасцю Юліі Шылавай. Усе яе навінкі, якія толькі з’яўляюцца ў кнігарні, дочкі мне прывозяць. Чытаю і як бы перасяляюся ў іншы свет, дзе зусім іншыя праблемы, уклад жыцця, але такія агульначалавечыя вартасці, як вернасць, каханне, клопат пра будучае дзяцей, хвалююць усіх людзей аднолькава.
– Лічыцца, што кожная жанчына марыць пра прыгожае адзенне, дарагія ўпрыгажэнні. Вы таксама не выключэнне?
– Марыць, напэўна, кожная, у тым ліку і я. Але я ўжо не ў тым узросце, калі можна лунаць у палоне летуценняў. Ну ёсць у мяне адна вячэрняя сукенка, якую надзела толькі аднойчы, на выпускны баль дачкі. Зараз убор вісіць у шафе, і хутчэй за ўсё яго чакае пераход у разрад экспаната для нашага хатняга музея. А можа якая яшчэ нагода і здарыцца прыбрацца…
– Вы часта запрашаеце гасцей?
– Каб ведаць часта ці не, трэба параўнаць сябе з некім. Зразумела, што адзначаем нейкія сямейныя ўрачыстасці, рэлігійныя святы. Заўсёды, акрамя сваякоў, за сталом бываюць суседзі, знаёмыя, сябры. Вельмі ўдзячная сваім калегам па рабоце: жанчыны ахвотна дапамагаюць мне прыгатаваць застоллі. Агульнымі намаганнямі асвойваем новыя рэцэпты, а то і ствараем уласныя.
– Гатаваць любіце?
– Як жонцы і маці мне гэта неабходна рабіць. Ніколі не задумвалася, люблю гэту справу ці не. Сям’я павінна быць накормлена. Выручаюць найчасцей бліны – і спажыўна, і смачна. Заўсёды на нашым стале – малочныя прадукты. Ахвотна збіраю ягады, вару рознае варэнне, самае любімае ў нас – малінавае. А кампотаў зараз менш ставім.
– Вось Вы прыходзіце стомленая дадому, а дочкі на ўсю моц уключылі магнітафон і слухаюць сучасную музыку. Якімі будуць Вашы дзеянні?
– Такая сітуацыя ўвогуле немагчыма. Марына і Іна ўжо дастаткова дарослыя і разумеюць, наколькі цяжка я працую. Музыка тут жа будзе сцішана. Дочкі – мае галоўныя памочніцы. Агарод, парадак у доме, хатнія кветкі застаюцца іх абавязкам і клопатам, праўда, толькі на выхадныя. Дочкі ўжо павыляталі з бацькоўскага гнязда, старэйшая працуе швачкай у Валожынскім Доме быту, а малодшая вучыцца ў каледжы чыгуначнікаў на правадніцу.
– А Вы якую музыку слухаеце?
– Любімы спявак – Віктар Каралёў, а песні з яго рэпертуару “Белая сирень”, “Красная рябина” заўсёды напяваю, калі ў добрым настроі. Маімі слухачамі найчасцей з’яўляюцца каровы. Перад імі «выступаю» без хвалявання – яны ж не пакрытыкуюць за фальшывую ноту!
– Выходзіць, песня не толькі будаваць, але і даіць дапамагае! А гумар ці ў пашане ў даярак?
– Мы не выключэнне: любім вясёлыя жарты, анекдоты, можам і пакпіць адна з адной, разыграць на першае красавіка. Але гэта трэба рабіць дасціпна і асцярожна, а то аднойчы так галоўнага заатэхніка “развялі”, што той бедны ледзь на бальнічны ложак не трапіў. Мы патэлефанавалі яму, што абарваўся электракабель і тры каровы забіла токам. Заатэхнік у імгненне вока прыбег на ферму, мы нават пасля гадалі, як яму так хутка ўдалося дабрацца…
– Вам кожны дзень даводзіцца кантактаваць з жывёлай. Вы згодны з тым, што прадстаўнікі жывёльнага свету – “браты нашы меншыя”?
– Скаціна хоць і бязмоўная, але небяздушная. І аднымі інстынктамі тут не абыходзіцца. Неяк на ферме адбылося замыканне, пачаўся пажар, перапалоханыя каровы збіліся ў цесны гурт і моцна адтапталі мне ногі. Праз некаторы час скаціна ламанулася ў адчыненыя дзверы, а я стаяла і не магла зрабіць крок, боль быў невыносны! Я наўзрыд галасіла. Праз хвіліну цялушкі пачулі мой голас, вярнуліся, абступілі мяне і так спагадна пазіралі!
– Ці ўзнікала ў Вас калі-небудзь жаданне зазірнуць у будучыню пры дапамозе варажбы ці іншай містыкі?
– З усяго нематэрыяльнага з павагай стаўлюся толькі да рэлігіі, лічу сябе веруючай, хаця не заўсёды ўдаецца прытрымлівацца ўсіх правіл і царкоўных рэкамендацый. Так і не навучылася строга захоўваць пост… А варажбу, гараскопы, сны лічу не вартымі ўвагі. Аднойчы цыганка прапанавала мне пагадаць, я адмаўлялася, але супрацьстаяць націску нахабнай варажбіткі не змагла. Не памятаю ўжо, колькі я заплаціла за “паслугу”, але нічога, што мне наваражылі, не споўнілася.
– Чым плануеце займацца, калі пойдзеце на заслужаны адпачынак?
– Пенсія яшчэ не так і скора, таму ніякіх планаў наконт яе не будую. Але кардынальна мяняць жыццё хутчэй за ўсё не буду. Я ніколі не падарожнічала, далей Мінска не ездзіла, неяк і не заўважыла, як страціла цікавасць да перамен. Не думаю, што стану калі-небудзь апантанай турысткай. Вось каб у які санаторый недалёка ад дому з’ездзіць… А то маю праблемы са здароўем, і калі выпадае выхадны, то еду не на базар за пакупкамі, а да ўрачоў.
– Якія кветкі любіце?
– Кветнік каля дома – самае лепшае ўпрыгажэнне падворка. Але больш за ўсё мне падабаюцца тыя краскі, што цвітуць у лесе ці лузе. Найпрыгажэйшыя з іх – ландышы і званочкі. Магу бясконца любавацца імі, удыхаць іх непаўторны водар.
– Любімы кінафільм…
– Усе савецкія камедыі.
– Ці сябруеце з сучаснай тэхнікай?
– Карыстаюся толькі пральнай машынай. Ёсць жаданне і магчымасць набыць аўтамабіль, але за руль сесці смеласці не маю. Усё перадавое і сучаснае вітаю, хоць і не з’яўляюся актыўным карыстальнікам тэхнікі. Нядаўна швагер параіў пакласці ў калідоры і кухні керамічную плітку. Я да гэтай прапановы аднеслася спачатку без асаблівага запалу, але калі работа была зроблена, то пагадзілася – сапраўды і прыгожа, і прыбіраць куды прасцей, чым звычайную падлогу. Зараз людзі навучыліся рабіць жыццё больш зручным, умеюць акружаць сябе прыгожымі рэчамі. Хацелася б, каб і ў сельскай гаспадарцы прагрэс больш адчуваўся. А то ў гэтай галіне працаёмкасць застаецца па-ранейшаму вельмі высокай.
– Які ў Вас рэжым?
– Штодзённы пад’ём у чатыры гадзіны, у палову пятай ужо першая дойка. Дадому прыходжу недзе ў палове дзевятай. Пачынаюцца дзве гадзіны хатняй работы: уборка, гатаванне ежы, догляд гаспадаркі. У палове адзінаццатай – зноў на работу, выганяем кароў на прагулку. Затым заганяем кароў, кормім скаціну і пачынаем дзённую дойку. А пятнаццатай гадзіне разыходзімся па дамах. На вячэрнюю дойку збіраемся на ферме ў палове сёмай і вызваляемся толькі недзе ў пачатку дзесятай вечара. І так кожны дзень, з году ў год…
– Дзякуй, Таццяна Баляславаўна, за размову. Ад імя ўсіх чытачоў жадаю Вам здароўя і поспехаў у працы. Няхай у Вашым жыцці адбываюцца толькі прыемныя перамены!
– А я ў сваю чаргу таксама жадаю вам, землякі, шчасця і спаўнення самых запаветных мар!

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий