РАСТУЦЬ ПАВЕРХI ПОСПЕХУ НА ТРЫВАЛЫМ ФУНДАМЕНЦЕ

Общество

Па выніках мінулага года філіял “Валожынскае РБУ”  ААТ “Універсалрамбуд” сярод 12 аналагічных філіялаў Мінскай вобласці заняў першае месца.

Імкненне да поспеху – гэта ў нейкім сэнсе амбіцыі, якія носяць пазітыўную афарбоўку. Тым больш, калі гэта імкненне не індывідуальнае, а звязана з калектывам, дзе працуе амаль сто чалавек.

Я не бяруся сцвярджаць, што дырэктар філіяла “Валожынскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд” Віктар Іванавіч Галабурда чатыры гады назад, калі ўзначаліў гэта прадпрыемства, свядома клапаціўся пра славу, імкнуўся да нейкіх там заслуг і рэгалій. Не да таго было… Ён пачаў з галоўнага: з выпрацоўкі эфектыўнай стратэгіі развіцця падначаленага прадпрыемства.

Ён не адмаўляўся ад усяго станоўчага, што было назапашана  дагэтуль. Існуючы патэнцыял быў захаваны, лепшыя кадры – таксама. Але дынаміку, сілу навідавоку набылі і новыя накірункі работы. Хаця магістральным відам вытворчай дзейнасці па-ранейшаму заставалася будаўнічая індустрыя. Гэтага мэтанакіраванага маладога кіраўніка ва ўсіх пачынаннях тады шчыра падтрымліваў і старшыня раённай вертыкалі ўлады Уладзімір Антонавіч Наумовіч. І гэта акалічнасць таксама мела свае плюсы: калі цябе цэняць, заўважаюць, то міжволі хочацца працаваць з падвоенай сілай. Тым больш, што і калектыў згуртаваўся вакол В. І. Галабурды старанны.

Разам ужо пройдзены шлях у чатыры працоўныя гады. Гэта быў час  напружанай працы, час проб і памылак, час настойлівага пошуку рацыянальных рашэнняў, якія эфектыўна прымнажалі б эканоміку прадпрыемства. І старанне калектыву, як і павінна было адбыцца пры такім падыходзе, увянчалася поспехам. Прычым поспехам, які ўмацоўвае высокі рэйтынг нашых будаўнікоў. Чатыры гады таму ў сваім трэсце яны былі амаль што апошнімі. Таму старт да будучых перамог быў, мякка скажам, не вельмі зайздросны і просты.

Але рэванш быў удала ўзяты! Мабілізаваўшы ўсе свае працоўныя рэсурсы, арганізатарскія здольнасці, узброіўшыся сучаснымі маркетынгавымі ведамі, малады кіраўнік, да таго ж надзелены і добрай прыроднай інтуіцыяй, смела павёў за сабой калектыў да новых перспектыў, у якія найперш цвёрда верыў сам. І заслужаны поспех не прымусіў сябе доўга чакаць. Па выніках мінулага года, філіял “Валожынскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд” сярод 12 аналагічных філіялаў Мінскай вобласці заняў першае месца.

Факты – красамоўная рэч. Таму дзеля пераканаўчай характарыстыкі стабільнай работы гэтага прадпрыемства прыгадаем некалькі вызначальных вытворчых паказчыкаў. Летась аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ склаў 18540 мільёнаў рублёў, тэмп росту ў супастаўных цэнах забяспечаны на 144 працэнты. Прадукцыйнасць працы на аднаго работніка склала 29,7 мільёна рублёў у месяц, што вышэй на 184 працэнты за мінулагодні аналагічны паказчык. Атрымана 125 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Рэнтабельнасць дасягнула 4,9 працэнта.

У Мінску на агульным сходзе абласнога будаўнічага трэста нядаўна прайшло ўшанаванне пераможцаў. Калектыў валожынскіх будаўнікоў атрымаў Ганаровую грамату, а назва прадпрыемства-лідара будзе занесена на Дошку гонару ААТ “Універсалрамбуд”. Будзе змешчана на Дошцы гонару і партрэт дырэктара В. І. Галабурды, які перамог у намінацыі “Лепшы дырэктар філіяла”. Такога ўшанавання ўдастоена па выніках працы на мінулы год і тынкоўшчыца валожынскага філіяла Рамуальда Станіславаўна Драздоўская.

Праца будаўніка адна з самых высакародных. Бо ўсё ўзведзенае рукамі кваліфікаваных спецыялістаў, застаецца на доўгія гады. Скарбонку добрых спраў універсалрабудаўцаў летась папоўнілі многія аб’екты. Яны маюць шырокі спектр свайго прызначэння. Будаваліся 20 аднакватэрных дамоў у Бабровічах. Праведзена рэканструкцыя інтэрната пад 4-х кватэрны дом у Сугваздах, завершаны капітальны рамонт жылога дома па Партызанскай, № З у Валожыне. Летась свой пасільны ўклад будаўнікі ўнеслі ў Дзяржаўную праграму рэканструкцыі і мадэрнізацыі жывёлагадоўчых аб’ектаў. Пацвярджэнне таму – малочнатаварная ферма  з даільным блокам у Камені. Дапамаглі яны і падрыхтоўцы навучальных устаноў да новага года. Тут трэба ўспомніць СШ № 2, Сівіцкі УПК  дзіцячы сад-базавая школа, рэканструкцыю даху галоўнага корпуса Івянецкага дома-інтэрната, рамантавалі і многія сацыяльныя аб’екты на тэрыторыі раёна.

Па вуліцы Горкага ў райцэнтры сваім выйгрышным архітэктурна-дызайнерскім рашэннем вылучаецца дом сямейнага тыпу, які справіў наваселле ў маі мінулага года. Гэта таксама плён рук будаўнікоў РБУ. Тут яны працавалі з асаблівым стараннем і адказнасцю. Дом не выпадкова атрымаўся ўтульным, па-сямейнаму цёплым і гасцінным.

За кароткі тэрмін гэта прадпрыемства ўзвяло і аптэку ў цэнтры горада Валожына. У адным з самых доўгачаканых і неабходных аб’ектаў – фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў райцэнтры – таксама ёсць значная доля ўдзелу гэтых руплівых будаўнікоў.

За чатыры апошнія гады ўпісаны прыкметны радок і ў адраджэнне беларускай вёскі. Прыгожыя, утульныя катэджы сядзібнага тыпу абнаўляюць вясковыя далягляды, адчувальна змяняюць архітэктуру мікрараёнаў сельскіх населеных пунктаў. Сіламі валожынскага філіяла ААТ “ Універсалрамбуд” узводзяцца 25 жылых дамоў у аграгарадку Пяршаі. Пяць з іх агульным коштам 12,1 мільярда рублёў будуць здадзены ў эксплуатацыю сёлета.

Прадпрыемства мэтанакіравана імкнецца заняць сваю нішу і на рынку паслуг: гэта аўтаперавозкі, паслугі аўтакрана, экскаватара, аўтагідрападымальніка і інш. Карыстаюцца попытам на рынку збыту і тратуарная плітка, плітка-траўніца, бардзюры. Адчувальна папаўняе даходы прадпрыемства і Івянецкі цэх па выпуску піламатэрыялаў.

Але на гэтым на прадпрыемстве спыняцца не збіраюцца. Летась было набыта нямала разнапрофільнай тэхнікі. У тым ліку і трактар “Беларус”. У бліжэйшых планах гэтага года закупка навяснога абсталявання для аказання насельніцтву паслуг у апрацоўцы прысядзібных участкаў.

Зразумела, адзін у полі не воін, як сцвярджае народная прымаўка. За кожным кіраўніком стаяць людзі, заўсёды патрэбны і кампетэнтны штат спецыялістаў. Вельмі важны і вопыт упраўленцаў сярэдняга звяна. І такі дзеяздольны кадравы корпус сфарміраваўся ў РБУ. Немалаважнае значэнне для кадравай стабільнасці мае і высокая заработная плата. На гэтым прадпрыемстве яе сярэдні паказчык складае больш за 6 мільёнаў рублёў у месяц. Сярод лепшых працаўнікоў тут заслужана называюць прараба І. В. Садоўскага, станочніка А. М. Вільняўца, цесляроў Ю. М. Сошнікава, А. І. Таўгяня, тынкоўшчыц Р. С. Драздоўскую і З. М. Козел, механіка С. У. Жука, машыніста аўтакрана П. С. Палавінкіна, вадзіцеля Ю. У. Карандашова, машыніста-экскаватаршчыка Д. І. Невяровіча і многіх іншых.

 

Замест эпілога.

А завяршыць гэту інфармацыю хочацца наступным. Я не здзівілася, што менавіта гэты калектыў стаў лепшым сярод роднасных 12 філіялаў вобласці. Ёсць у кіраўніка гэтага прадпрыемства арганізатарская жылка, ёсць пастаянны ў тонусе нерв адказнасці за ўсё, што ты робіш. І гэта адчуваецца нават і ў рабоце В. І. Галабурды з мясцовай прэсай. Даючы рэкламныя артыкулы РБУ ў газету, ён заўсёды прыходзіў у рэдакцыю асабіста. Унікліва разам з рэдакцыйнымі работнікамі распрацоўваў модульныя макеты. Да таго ж, у яго заўсёды знаходзіцца “персанальны” час, каб завітаць у рэдакцыю і падрабязна расказаць пра вытворчыя справы свайго калектыву. Выехаць разам з фотакарэспандэнтам на будаўнічыя аб’екты. Праўда, ініцыятыва напісаць пра членаў працоўнага калектыву РБУ найчасцей першай сыходзіць ад карэспандэнтаў. Відаць, залішняя сціпласць кіраўніка ніколі не дазваляе яму казыраць поспехамі. Хаця пахваліцца ёсць чым! Таму пра такія калектывы заўсёды пішацца з творчым натхненнем. Бездакорная праца людзей адпаведна выклікае пазітыўны рэзананс.

Ірына ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий