У ПАМЯЦI – СВIСТ КУЛЬ

Культура

Юльян Міхайлавіч БАЛДОЎСКІ паспытаў у свой час прапахлага порахам «хлеба». Ён добра памятае, праз што даводзілася прайсці, каб застацца жывым у царстве спёкі, скарпіёнаў і душманскіх абстрэлаў – Афганістане.

15 лютага для кіраўніка раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах – сапраўды святая дата. Адзін год і чатыры месяцы, праведзеныя воінам-інтэрнацыяналістам у пекле ваенных аперацый, напоўнілі паняцці “мір” і “жыццё” значна глыбейшым сэнсам.

…Маладому беларускаму хлопцу з вёскі Няровы выпала служыць вадзіцелем у расійскім Зорным Гарадку, дзе размяшчаўся Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў. Ю. М. Балдоўскі кожны дзень бачыўся і працаваў з асобамі, якіх мы сёння з гонарам і павагай называем легендарнымі. У прыватнасці, на апошняй вокладкавай старонцы яго ваеннага білета стаіць размашысты подпіс касманаўта, генерал-палкоўніка авіяцыі, двойчы Героя Савецкага Саюза П. Клімука. “Пётр Ільіч распісваўся з наказам – каб нідзе, ні пры якіх абставінах мы, прадстаўнікі ваенна-паветраных сіл, не падводзілі гонар і славу Зорнага Гарадка”, – расказвае Юльян Міхайлавіч. Неўзабаве і выпала дарога спачатку ў Самарканд, а потым – Ташкент, дзе на працягу нядоўгага часу практыкаваліся кіраваць грузавікамі ва ўмовах гарыстай мясцовасці. Пасля гэтага маладыя байцы селі на поезд, які давёз іх да туркменскай Кушкі, і адтуль ужо чацвёра сутак дабіраліся да Кандагара. У сфарміраваным палку, дзе служыў зямляк, былі яшчэ два беларусы. Пасля першага ж абстрэлу, які здарыўся ў Гераце, аднаго не стала. Афганскія баевікі вялі прыцэльны агонь у першую чаргу па сродках сувязі, і Ігар – так звалі сябра Юльяна Міхайлавіча – быў як раз радыстам…

“ГАЗ-66”, давераны Ю. М. Балдоўскаму, лічыўся транспартам асаблівай стратэгічнай важнасці. На ім перавозілася не толькі зброя і іншы воінскі рыштунак, але і сакрэтная дакументацыя, таму аўтамабіль нельга было пакідаць ворагу ні ў якім разе. Магчыма, яшчэ і з гэтай прычыны ў цэнтры кузава стаялі дзве скрыні, запоўненыя гранатамі-“лімонкамі”… Пазней ездзіў на “ЗІЛе” з прычэпам.

Верная тэхніка падвяла салдата толькі аднойчы за службу, пры пераправе праз невялікую рэчку. Выпадкова з маторнага адсека вываліўся шплінт дадатковай цягі. Буксуючы двума калёсамі, машына не магла ўз’ехаць на грунт. А тут – душманы… Прыйшлося ныраць, шукаць болт, прыладжваць яго на месца. І ўсё гэта – пад жорсткім абстрэлам. Пазайздросціць у такой сітуацыі можна толькі таму факту, што з той перастрэлкі ўдалося выйсці жывым і непараненым. Бог сцярог…

Улетку афганская спёка падымалася да 60 градусаў. Не пазайздросціш адчуванням вадзіцеляў, якім дадатковае цяпло ішло ў кабіну яшчэ і ад разагрэтага рухавіка. Вады хацелася неймаверна, але мясцовую піць было нельга – ураз жывот забаліць. Тады спрактыкаваліся фляжкі абшываць кавалкамі шыняля. Дзякуючы гэтаму, набраная пітная вада (іншы раз – і адвар з вярблюджых калючак) даўжэй захоўвала прахалоду.

Ноччу салдаты мусілі пільна аглядаць свае пасцелі. Там, асабліва пасля доўгіх пераходаў, з высокай верагоднасцю маглі аказацца скарпіёны і іншая ядавітая жыўнасць. Без адпаведных медыкаментаў адзін укус за гадзіну мог прывесці чалавека да смерці. Таму сачылі – за сабой і адзін за адным. І так да 5 мая 1981 года, пакуль не прыйшла пара вяртацца ў Савецкі Саюз.

Юльян Міхайлавіч дома апынуўся толькі праз 10 дзён. Рэзкая змена клімату прывяла да пагаршэння самаадчування. З Сакаўшчыны, дакуль прывезлі добрыя людзі, салдат напрасткі праз поле пайшоў да роднага дому. Дабрыў, пастукаў у акно, дзе бачная была клапатлівая матуля за мыццём падлогі. Ад хваробы дома акрыяў праз чатыры дні, бо добра было пад коўдрай у бацькоўскай хаце!..

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий