З ВЫБАРАМ ПРАФЕСII НЕ ПАМЫЛIЛАСЯ

Культура

Кажуць, у жыцці, як і ў сельскай гаспадарцы, ураджай збіраюць восенню…

Але ёсць людзі, да якіх поспех прыходзіць шмат раней. Да такіх адносіцца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Пугачоўскай СШ Святлана Іванаўна Шніп. На раённым конкурсе «Настаўнік года» яна атрымала дыплом пераможцы. І гэта пры тым, што педагагічны стаж у яе невялікі – чатырнаццаць гадоў. А калі ўлічыць, што за гэты час яна паспела нарадзіць і выхаваць траіх дзетак, то можна спадзявацца, што ў будучым яе прафесійнае майстэрства папоўніцца яшчэ многімі творчымі і метадычнымі здабыткамі.

– Святлана Іванаўна, ці шкадавалі калі-небудзь, што сталі настаўніцай, што жывяце ў вёсцы?

– Настаўніцкі хлеб нялёгкі, але іншай жыццёвай дарогі для сябе не ўяўляю. «Запраграмавалася» на гэту прафесію яшчэ ў дзяцінстве. Чамусьці ўсе дамашнія тады ўжо гаварылі, што я буду настаўніцай. Не можа расчараваць мяне і вёска. Я нарадзілася ў Войцінаве, скончыла Суднікаўскую школу. Жыць на зямлі для мяне натуральна, зразумела і прывычна.

– Як удаецца сумяшчаць работу ў школе і дома?

– Маю надзейны тыл. Муж дапамагае, старэйшы сын. Яму 13 гадоў – самы памочнік. Таму не адмаўляемся ад хатняй гаспадаркі, вырошчваем уласную садавіну і гародніну. У тым, што змена дзейнасці – лепшы адпачынак, пераканалася на ўласным вопыце.

– У вольны час чым любіце займацца?

– Калі выпадае хвілінка, то стараюся правесці яе з дзецьмі – пачытаць ім карысную кніжку або проста пагуляць, падурэць. Любім усе разам з’ездзіць у заапарк ці на атракцыёны. Ёсць у мяне і хобі – фатаграфія. Але спецыяльна для гэтага занятку час не выдзяляю. Проста заўсёды нашу з сабой камеру ў дамскай сумачцы. І як толькі заўважаю цікавы сюжэт ці маляўнічы краявід, стараюся спыніць яго ў аб’ектыве.

– Ці багатая ў Вас бібліятэка? Якую кнігу гатовы перачытваць шмат разоў?

– У параўнанні з сапраўдным бібліяфілам – не шмат. Паставіла задачу перачытаць класіку, якую праходзілі ў школе. Хочацца параўнаць уласны юнацкі светапогляд і сучасны, успрыняцце тое і сённяшняе. Прадчуваю, што адкрыю нешта новае ў добравядомых творах. Нават хвалююся, як перад спатканнем са старым сябрам.

– Інтэрнэт і тэлебачанне для вас служкі, сябры ці проста суседзі? Якія ў вас адносіны з тэхнікай?

– Без Інтэрнэту сёння не абысціся. З сусветнай павуцінай сябрую і прымушаю яе служыць сабе. А з тэлебачаннем перасякаюся рэдка. Тэхнікі не баюся. Вось ужо гадоў дзесяць, як сама кірую легкавым аўтамабілем. Вадзіцельскія правы для сельскага жыхара патрэбны асабліва. Графік грамадскага транспарту не вельмі зручны. Таму пры нейкай нагодзе наведаць горад, лепш разлічваць на ўласныя магчымасці.

– Ці даводзілася калі-небудзь «штурмам браць» грамадскі транспарт? А наогул, як лічыце, ці можна кулакамі і локцямі пракласці дарогу ў жыцці?

– Былі спробы «пратаўкнуцца» ў перапоўнены аўтобус, але, як правіла, безвынікова. Абганяць, нахабна займаць чужое месца дадзена не ўсім. Як і ўменне нахрапам ісці па жыцці. Хаця, некаторым гэта ўдаецца.

– Калі б Вам прапанавалі пражыць месяц на бязлюдным востраве, што ўзялі б з сабой?

– Кнігі, мабільны тэлефон і ежу. Адношу сябе да гурманаў. Не магу пражыць без фруктаў і зефіру ў шакаладзе.

– А якія стравы любяць Вашы дзеці?

– Сярэдні сын аддае перавагу спагеці і грэчцы. Старэйшы – прыхільнік беларускіх страў. Дачка Яна любіць капусту, прычым, у любым выглядзе. На выхадныя пячэм бліны. Падаю іх з мачанкай, маслам, смятанай ці варэннем. Такі сняданак даспадобы ўсім.

– Уявіце сітуацыю: Луўр, пажар. Вы можаце выратаваць або шэдэўр да Вінчы «Мона Ліза», або аднаго падвыпіўшага наведвальніка музея. Каго выберыце?

– Чалавека. Няма нічога каштоўнейшага за жыццё.

– У якую эпоху Вам, як гісторыку, хацелася б накіраваць машыну часу?

– Вядома, цікава было б паназіраць за рознымі перыядамі развіцця чалавецтва. Але калі пра сярэднявечча ці эпоху антычнасці мы нешта ведаем, то пра самы пачатак зараджэння ўсяго жывога на Зямлі спрэчкі да гэтай пары вучонымі вядуцца. Вось у тыя часы я бы і накіравалася.

– З падарожжам у часе вызначыліся, а ў рэальным вымярэнні Вы турыст ці дамасед?

– Жаданне падарожнічаць ёсць, але не хапае сродкаў і магчымасці. Затое тыя мясціны, якія ўдалося наведаць, трывала аселі ў памяці і ў сэрцы. Гэта Адэса, Санкт-Пецярбург і яго прыгарады, Полацк.

– У Вас ёсць ідэал, з якога бераце прыклад, на каго раўняецеся?

– Канкрэтнай асобы няма. У галаве трымаю нейкі зборны вобраз, які адпавядае майму ўяўленню пра ідэал. Мяркую, беззаганных людзей на свеце не існуе. Мы ўсе маем як станоўчыя, так і адмоўныя рысы.

– Якім відам мастацтва захапляецеся?

– Люблю і тэатр, і кіно. Але асаблівую радасць атрымліваю, калі бачу класічныя харэаграфічныя пастаноўкі. Студэнткай-першакурсніцай упершыню трапіла на балет. Не спадзявалася нават, што апынуся ў чароўнай казцы! І сёння здзіўляе, што пластыкай, рухамі можна гаварыць, перадаваць пачуцці…

– Што, на Вашу думку, неабходна мяняць у сучаснай школе?

– Заўважыла, што змянілася стаўленне да вучобы як з боку вучняў, так і з боку бацькоў. Нейкае легкадумства зараз лунае ў паветры. Раней было больш адказнасці, павагі да школьнай адукацыі, імкнення да ведаў, а не да высокіх ацэнак. У выніку атрымліваецца, што дыпламаваных спецыялістаў мора, а даверыць адказную работу няма каму.

– Вам пашанцавала з калегамі, сябрамі, настаўнікамі?

– Пашанцавала. Дарэчы, поспех на конкурсе «Настаўнік года» ў многім забяспечаны той падтрымкай, якую аказаў увесь педкалектыў нашай школы. Настаўнікі мне таксама трапляліся выключныя і падчас вучобы ў каледжы, і ва ўніверсітэце. Але найбольш я ўдзячная Тамары Мар’янаўне Янушкевіч, якая выкладала ў Суднікаўскай школе хімію і біялогію. Менавіта пад яе ўплывам я рашыла стаць сейбітам разумнага, добрага, вечнага.

– Як Вы ўздымаеце сабе настрой?

– Музыкай. Тут я «ўсёядная». У залежнасці ад сітуацыі магу слухаць класіку, народную або «папсу».

– Ваша любімая расліна, жывёла, пара года?

– Люблю кветкі, таму ахвотна займаюся кветкаводствам. Зацвітаюць у палісадніку лілеі – не магу адвесці вачэй ад іх прыгажосці. Самай разумнай жывёлай лічу сабак, не баюся іх і засмучаюся, калі бачу бяздомных, кінутых. Магчыма, гэта выкліча ўсмешку, але я вельмі люблю кароў. У іх такія добрыя, мудрыя вочы!

Любімая пара года – залатая восень, пачатак навучальнага года, калі ўсюды адчуваюцца асаблівыя токі. Прырода пачынае адыходзіць ад буйства да адпачынку, школьнікі ўдосталь нагуляліся за лета, і ім таксама неабходна перамена занятку. У дзіцячых пакоях пахне новымі сшыткамі, партфелямі, школьнай формай.

– Ці даводзілася Вам трапляць у экстрэмальныя сітуацыі?

– Дзякаваць богу, з экстрымам да гэтага часу знаёмая не была. Лічу сябе моцным чалавекам і цяжкасцей не баюся. Перашкоды сустракаюцца на шляху кожнага, іх трэба або пераадольваць, або абыходзіць і смела рухацца наперад. Смеласць, як вядома, бярэ гарады і будуе іх.

– Як мяркуеце, народнай медыцыне давяраць можна?

– А чаму не? З яе паходзіць і традыцыйная медыцына. Людзі вякамі назіралі, вывучалі, як тая ці іншыя расліна ўплывае на здароўе. Маліннік у час прастуды не падводзіць і сёння. А вось многія хімічныя лекі спачатку рэкламуюцца як панацэя, а потым іх жа і абвінавачваюць у шкодных пабочных эфектах. Так што народнай медыцыне давяраць можна, а вось да самалячэння стаўлюся адмоўна.

– Які ўзрост для жанчыны можаце назваць «залатым»?

– Той узрост, у якім знаходзішся, і ёсць самым цудоўным. А ўвогуле, дакладна адказаць на гэта пытанне можа той, хто пражыў на свеце гадоў сто, як практык. Тэарэтычна магу дапусціць, што ўзрост ад 30 да 40 гадоў – найлепшы: ёсць прафесійныя навыкі, дзеці падгадаваны, яшчэ і бацькі могуць аказаць у нечым дапамогу, хваробы не даймаюць, знешнасць не страціла абаяльнасці. Усё гэта, безумоўна, адносна. Часам чалавек прывабны і цікавы толькі ў дзяцінстве ці раннім юнацтве, а потым пад уплывам алкаголю ці іншых дрэнных звычак пачынаецца працэс дэградацыі.

– Калі вучыліся ў Мінску, розныя прывакзальныя варажбіткі Вас часта пераймалі? І наогул, як ставіцеся да містычнага?

– Кожны раз, як сыходзіла з аўтобуса, то старалася ўгінаць галаву і хуценька рухацца да інтэрната, бо варажбіткі так і хапалі за рукі. Я іх вельмі баялася і баюся. Веру, што існуюць людзі з экстрасэнсорнымі здольнасцямі. Любімая тэлеперадача – «Бітва экстрасэнсаў».

– Вас лёгка рассмяшыць ці прымусіць плакаць?

– Лёгка. Хоць я і моцная жанчына. Слёзы – не прыкмета слабасці, гэта проста чуллівасць натуры, рэакцыя на знешні раздражняльнік. Пагадзіцеся, што ёсць моманты, калі проста немагчыма не заплакаць. Але ўсё ж лепш смяяцца! Цаню гумар і тых людзей, якія падмячаюць смешныя сітуацыі і ўмеюць потым іх расказаць.

– Якія падарункі, што атрымалі на вяселлі, аказаліся самымі запатрабаванымі?

– Спатрэбілася ўсё: і посуд, і бялізна. Некаторымі рэчамі карыстаемся да гэтага часу. Заўсёды, як наводжу гадзіннік, то абавязкова ўспомню і чалавека, які яго падарыў. Вяселле – старадаўні рытуал. Яго прыдумалі не толькі дзеля таго, каб весела пагуляць, але каб маладая сям’я магла пачаць жыць. Часам можна пачуць «навошта траціцца на вяселле? Лепш няхай маладыя ў падарожжа адправяцца ці машыну купяць…» Можа і так. Але каб не пашкадавалі потым у старасці, што не пакрасаваліся за вясельным сталом, не раздзялілі сваю радасць з сябрамі і роднымі.

– Мяркую, даты, як гісторык, Вы запамінаеце лёгка. А як з днямі нараджэння сяброў, іх нумарамі тэлефонаў?

– Гэта не менш важная інфармацыя, чым гістарычныя даты. Не ведаю, як даравала б сабе, калі б раптам забылася павіншаваць сяброўку з днём нараджэння! Эгаізм, няўважлівасць да іншых, раўнадушша пачынаюцца з дробязі. Не трэба даваць ім прарастаць у душы!

– Ваш дэвіз па жыцці?

– Калі рабіць абы-як, то лепш не рабіць ніяк…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий