ВЕРНЫЯ СЯЛЯНСКАМУ ЗАПАВЕТУ

Культура

Хоць сціплай мазалёвай працай і рэдка здабудзеш шыкоўныя палацы, аднак павагі сярод людзей напэўна не згубіш.

Сям’ю МІКУЛЕВІЧАЎ з Пяршаяў аднавяскоўцы характарызуюць трапна і лаканічна – у працы наперадзе ходзяць. Шчырая адданасць роднай зямлі, сумленнасць і старанне дапамагаюць дбайным Мікулевічам пачэсна жыць сярод людзей.

87-гадовая Юзэфа Іосіфаўна ў гэтай сям’і – не толькі захавальніца традыцый і жыццёвай мудрасці, але і ўзор руплівасці. Першыя ўрокі працавітасці яшчэ змалку давала ёй зямля-карміцелька. Над бясконцымі радамі буракоў пот засцілаў вочы. Спякотныя поле ці пакос гудзелі камарамі і аваднямі. Але кволая дзяўчынка, хоць і знемагала ад стомы, прыпамінала сялянскі запавет: “Працу палюбіш – чалавекам будзеш”.

Падлеткам Юзэфа Іосіфаўна перажыла ваеннае ліхалецце. У цяжкія пасляваенныя гады дапамагала аднаўляць сельскую гаспадарку ў былым калгасе імя Карла Маркса – зараз СВК “Пяршаі-2003”. Тут яна сумленна і бездакорна працавала ўсё жыццё.

Даглядала бычкоў на жывёлагадоўчай ферме, была звеннявой па льну. Як адна з лепшых працаўніц гаспадаркі, удзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. За шматгадовую добрасумленную працу ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Юзэфу Іосіфаўну ўзнагародзілі медалём “Ветэран працы”. Беражліва захоўваецца ў сям’і і медаль “За доблесную працу”.

Не выпадкова ў руплівай маці вырас і працавіты сын. Мечыслаў Віктаравіч Мікулевіч, нібы пераняўшы эстафету, таксама працуе ў СВК “Пяршаі-2003”.  Не раз ён выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва сярод механізатараў: быў першым на сяўбе кукурузы, на нарыхтоўцы кармоў.

Яго жонка Алена Канстанцінаўна хоць і атрымала спецыяльнасць повара ў адным з вучылішчаў сталіцы, але 25 гадоў адпрацавала ў Пяршайскай гаспадарцы даяркай. Даіла 50 кароў. Яна таксама, як і свякроў, – ветэран працы і заслужаны работнік. Хоць Алена Канстанцінаўна ўжо на заслужаным адпачынку, аднак развітвацца з СВК не спяшаецца, працягвае працаваць на ферме: разам з напарніцай даглядае 120-160 цялят.

Галоўныя ўзнагароды Алены Канстанцінаўны ўсё ж не пачэсныя дакументы, а чацвёра дзяцей. Два сыны і дзве дачкі не сталі прадаўжаць справу бацькоў, паехалі жыць у сталіцу. Праўда, спецыяльнасці яны абралі таксама вельмі неабходныя грамадству: будаўнік, сантэхнік, маляр-тынкоўшчык.

Дзеці сувязь з роднай зямлёй не парываюць: кожныя выхадныя прыязджаюць на радзіму. Нават задумалі рэканструяваць бацькоўскую хату: зрабілі перапланіроўку, пашырылі плошчу, правялі паравое ацяпленне. Асабліва любяць гасціць у Пяршаях трое маленькіх Мікулевічаў, у будучым, напэўна, – такіх жа сумленных і працавітых, як іх прабабуля Юзэфа…

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий