Рэха Першай сусветнай

Культура

Адышлі ў вечнасць сведкі той далёкай вайны, якую ў народзе называлі “Мікалаеўскай”. Але засталіся ў памяці аповеды тых, чый лёс быў непасрэдна звязаны з Першай сусветнай, якая парушыла людскія лёсы, мары,  а некаторым скалечыла жыццё…

Як і многіх вёсак, цяжкі лёс напаткаў мае Янушкавічы. Спачатку прыйшлі немцы, але яны жорстка з людзьмі не абыходзіліся. Вось толькі лес дубовы (40 гектараў!) спілавалі і пакінулі толькі 11 дрэў. Гэтае багацце вывезлі конкай, бо каля нашай вёскі праходзіла чыгунка ( ад Ракава да Гародзькаў, была разбурана пасля вайны), па якой коні цягнулі вагоны па рэйках. Неўзабаве немцаў з нашай тэрыторыі выцесніла царская армія, але да канца вайны было яшчэ далёка…

У нашай вёсцы размясціліся казакі, маладыя, прыгожыя. На іх сталі заглядацца дзяўчаты. З гэтай прычыны казакам забаранялася наведваць вечарынкі. Але жыццё — ёсць жыццё… Маладыя людзі сыходзіліся, бралі шлюб, стваралі сем’і, нараджаліся дзеці.

Аднавяскоўцы ўспаміналі, што царская армія была  багатая, салдатаў добра кармілі. У адным гумне захоўваліся прадукты харчавання: скрыні з салам, з чырвонай рыбай, шмат цукру, розныя кансервы… І коней у казакоў было многа, што аж знішчылі людзям гумнішчы, нават сады загінулі.

Каля чыгункі, за кіламетр ад Янушкавіч, быў пабудаваны ваенны склад, агароджаны высокім калючым дротам. Адсюль конкай вазілі боепрыпасы і правіянт ажно на “ракаду” (так называлі прыфрантавую дарогу). Пасля вайны той склад з боепрыпасамі ўзарвалі. Перад выбухам людзі былі папярэджаны казацкім камандзірам, каб хаваліся ў будынках і дасталі шыбы з вокнаў – выбух быў вельмі моцны. Хто не паслухаўся, той застаўся без акон. А замест склада атрымалася вялікая варонка, якая ператварылася потым у вадаём. Зямля гарэла і курэла некалькі месяцаў – адсюль і назва Курэлеўка.  Першая сусветная вайна “падарыла” нам і такія назвы, як Конка, Акопы, Траншэя, Загарадзь.

…Фронт быў ад нашай вёскі за 30 кіламетраў – гэта на лініі Бакшты, Багданава, Ластаянцы, Подберазь. Як там ірваліся снарады, было чутна ў нас.У небе пастаянна ляталі “цэпіліны” (вялікія надзіманыя шары).

Вайна прынесла шмат бяды. Некалькі чалавек з нашай вёскі былі атручаны газам пад Смаргонню, дзе немцы ўпершыню яго прымянілі. Многія збяднелі – палі не апрацоўвалі, бо ад іх узялі коней на фронт.

Хаты не закрываліся ад жабракоў і бежанцаў. Яны былі такія знясіленыя, што паміралі ў дарозе. У эвакуацыю ў Янушкавічы прыехалі на конях з усімі неабходнымі рэчамі пяць сем’яў-бежанцаў з Літвы. Яны прывезлі  сваю культуру: вокны завешвалі фіранкамі, падлогу дзерлі не дзяркачамі, а спецыяльнымі шчоткамі, кожны меў звязаныя кручком тапкі, пра якія ў вёсцы не мелі паняцця. Навучылі нас пячы хрушчы, рознае пячэнне, гатаваць літоўскія нацыянальныя стравы. Іх дзеці гулялі з нашымі і адзін у аднаго навучаліся мовам.

Падчас Першай сусветнай вайны здружыліся народы — аб’яднала іх  агульная бяда, дала добры ўрок салідарнасці, чалавечнасці. Вайна паказала сваю антыгуманную сутнасць – тысячы загінуўшых жыццяў з абодвух ваюючых бакоў.

На вялікі жаль, Першая сусветная не навучыла дабру саміх зачыншчыкаў гэтай бойні. Калі немцы ў Другую сусветную вайну з’явіліся ў Пяршаях, то наведалі магілы сваіх продкаў (каля 40 нямецкіх салдат было пахавана ля Вялага, дзе быў палац графа Тышкевіча). А адзін нават знайшоў апошні прыстанак свайго бацькі. Апошні прыстанак тут знайшлі немцы і ў апошнюю, самую страшную вайну. Каля развалін былога графскага палаца ёсць невялікі ўзгорачак – там ляжаць 30 фашыстаў, расстраляных партызанамі.

…Вось такая наша балючая гісторыя, пра якую мы павінны ведаць і не забываць.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ, жыхарка вёскі Янушкавічы

 



Добавить комментарий