ПАДВОДЗЯЧЫ ВЫНIКI ЗРОБЛЕНАГА

Общество

Работа трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, лічу, была дастаткова прадукцыйнай. Вырашаліся задачы па тэхналагічным абнаўленні эканомікі, забеспячэнні яе ўстойлівага развіцця.

Прынята каля 90 запатрабаваных жыццём законапраектаў. Мы ўдзельнічалі ў фарміраванні бюджэтна-падатковай палітыкі на бягучы год. Праз сустрэчы, кансультацыі, дыскусіі – часам вельмі вострыя – сумесна з Урадам выпрацавалі падыходы да фарміравання бюджэту. Асабліва важна пры гэтым было ўлічыць, каб і сродкі выкарыстоўваліся эфектыўна, і рэсурсы эканоміліся, і дзяржава не мела праблем з выкананнем сацыяльных абавязацельстваў.

Падчас сесіі завершана работа над блокам законапраектаў, якія павінны павысіць стымулюючую ролю рынка. Зняты шэраг бар’ераў, якія перашкаджалі развівацца гандлю і грамадскаму харчаванню. У Працоўны кодэкс унесены папраўкі, прызваныя забяспечыць большую гібкасць рэгулявання працоўных адносін і баланс правоў работнікаў і наймальнікаў. Прафесіянальна і адказна падышлі да задач па ўмацаванні здароўя нацыі, павышэнні адукацыйнага і культурнага патэнцыялу грамадства. Стадыю першага чытання прайшоў законапраект, якім прадугледжана пераарыентацыя аховы здароўя на прафілактыку захворванняў, культываванне здаровага ладу жыцця і развіццё інавацыйнай медыцыны.

Важна, што шматлікія рашэнні падчас іх падрыхтоўкі атрымалі шырокае грамадскае абмеркаванне. Гэта тычыцца праблем насілля ў сям’і, наркаманіі, увядзення адказнасці за прадастаўленне ў арэнду жылля, набытага па льготным крэдыце. Разгледжаны шэраг іншых важных пытанняў. Дарэчы, цяпер мне даручана весці распрацоўку змяненняў і дапаўненняў у Закон аб бяспецы дарожнага руху. Напачатку падавалася, што справіцца з гэтым будзе дастаткова лёгка. Але чым больш я ўнікаў у праблему, тым больш з’яўлялася спадарожных пытанняў. Гэты закон закранае дзейнасць не толькі аўтааматараў і пешаходаў, але і рэгулюе дзейнасць многіх структур. У кожнага з бакоў ёсць свае інтарэсы. Галоўная задача тут – знайсці “залатую сярэдзіну”, якая б задаволіла ўсіх.

Асаблівую ўвагу звяртаем і на ўзмацненне дэпутацкай актыўнасці ў выбарчых акругах. Тут важна не толькі павысіць эфектыўнасць работы з насельніцтвам. Кожны з нас нясе персанальную адказнасць за стан спраў у эканоміцы, сацыяльнай сферы рэгіёна. У мінулым годзе я правёў 12 сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства выбаршчыкаў – 8 у Маладзечанскім раёне і 4 тут, на Валожыншчыне. Было арганізавана і 29 прыёмаў грамадзян, у тым ліку 15 – на вашай гасціннай зямлі. Наведаўся я за гэты перыяд у кожны сельсавет. Ад маладзечанскіх і валожынскіх выбаршчыкаў асабіста да мяне паступілі 144 звароты. Найбольш характэрныя праблемы, якія ўзнімаюць людзі, – газіфікацыя населеных пунктаў, будаўніцтва і рамонт дарог і вуліц. Валожынцаў таксама хвалявалі пытанні прыватызацыі жылля, якое належыць сельскагаспадарчым арганізацыям, добраўпарадкавання вёсак і аграгарадкоў, работа аптэк, рамонту новаўведзеных жылых дамоў. Асобныя выбаршчыкі выказвалі пэўныя нараканні на дзейнасць арганізацый ЖКГ. Падымалася таксама праблема, звязаная з выдзяленнем грашовых сродкаў для будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы ў Івянцы, разглядаліся іншыя пытанні прыватнага характару.

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з раённай уладай, кіраўнікамі арганізацый, служб і ведамстваў (а іншы раз – і абласных структур), большасць пытанняў удалося станоўча вырашыць. Асобныя моманты прыйшлося ўзяць на асабісты кантроль. Вынікі гэтай працы бачныя жыхарам вуліцы Сахарава ў Валожыне, для якіх заасфальтавалі дарожнае палатно. Была адноўлена работа аптэкі ў мікрараёне Сельгастэхніка, адрэгуляваны вадзяны ціск у доме жыхара аграгарадка Доры. Праводзіцца ліквідацыя недахопаў, дапушчаных пры будаўніцтве жыллёвага кааператыва “Эльбрус-2007”, завершаны работы па лакальным уцяпленні тарцовай сцяны ў доме № 10 па вуліцы Міра райцэнтра. Накіроўваліся хадайніцтвы ва УП “Мінскаблгаз” па пытанні газіфікацыі населеных пунктаў Вішнеўскага, Гародзькаўскага сельсаветаў, а таксама ў Мінаблвыканкам – адносна будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы ў гарпасёлку Івянец. Вырашаны шэраг іншых праблем. Цяпер мне не сорамна глядзець у вочы выбаршчыкам, якія ўскладалі на мяне вялікія спадзяванні і аддавалі свае галасы. Спадзяюся, гэта пачуццё ўзаемнае.

Станіслаў Францавіч КУЛЕШ,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *