ВЕРНАСЦЬ ГАНЧАРНАМУ РАМЯСТВУ

Общество

Магія гліны не адпускае Марыну Алегаўну ЛАПО ўжо 32 гады. Гэты жывы матэрыял зачараваў адразу ж, як толькі прыйшла працаваць на Івянецкі завод мастацкай керамікі.

Спачатку яе, навічка, накіравалі ў спецыяльную творчую групу, дзе мастакі займаліся лепкай. Халодны камяк зямлі, сагрэўшыся цеплынёй чалавечых рук, нібы ў знак падзякі, неўзабаве рабіўся эластычным і падатлівым, гатовым пераўвасобіцца ў любую творчую задумку. Тут Марына Алегаўна пазнаёмілася і з самабытнай школай дэкаратыўнай размалёўкі івянецкай керамікі…

Аднак М. А. Лапо нават не меркавала, што ўсё жыццё прысвеціць старажытнаму ганчарнаму рамяству. Нарадзілася яна на далёкім Сахаліне. Але непрадказальны лёс “закінуў” іх сям’ю ў вёску Ганчары, што недалёка ад Валожына. Пасля заканчэння Смалявіцкага вучылішча са спецыяльнасцю аператара-птушкавода юную Марыну накіравалі працаваць па размеркаванні на Івянецкую птушкафабрыку. У мястэчку яна сустрэла сваё каханне. Муж Марыны Алегаўны – ганчар, таксама працуе на івянецкім прадпрыемстве. Вось так з людзьмі любіць пажартаваць лёс.

Зараз Марыя Алегаўна – адзін з дасведчаных жывапісцаў на вытворчасці. Дэкарыраваць керамічную паверхню, мабыць, самае цікавае ў рабоце з глінай. Умелыя рукі майстра рознакаляровымі фарбамі з лёгкасцю ператвараюць аднатонныя ганчарныя вырабы ў вытанчаныя вазы і арыгінальныя кашпо.

Узор на пасудзіну наносіцца піпеткай, ражком ці грушай. Мноства пэндзлікаў і іншых прафесійных прылад дапамагаюць жывапісцу ўпрыгожваць кераміку паводле эскізаў, распрацаваных галоўным мастаком прадпрыемства. Спрытная і акуратная Марына Алегаўна бездакорна выконвае вытворчую норму: за дзень паспявае распісаць 150 вырабаў.

Праца з глінай дорыць М. А. Лапо не толькі задавальненне, але і дзіўнае душэўнае заспакаенне. Не выпадкова нават псіхолагі зацікавіліся гэтым прыродным матэрыялам, назваўшы спецыяльныя заняткі з глінай арт-тэрапіяй.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *