Творчасць плюс iнiцыятыва…

Официально

Як вядома, у школе жыцця няма канікул. Апрача адукацыйнага працэсу, педагогі сярэдняй школы № 1 райцэнтра вялікую ўвагу надаюць падрыхтоўцы будучых выпускнікоў да адаптацыі ў дарослым жыцці, дапамагаюць як мага раней вызначыцца з правільным выбарам будучай прафесіі, вялікую ўвагу ўдзяляюць мікраклімату ў сем’ях вучняў.

Школа правяла першую раённую канферэнцыю бацькаў “Сямейны мір – вялікае багацце”, удзельнічала ў абласным бацькоўскім сходзе. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Пятроўна Паплаўская каардынуе працу 4-х аб’яднанняў па рабоце з сям’ёй. Напрыклад, аб’яднанне “Савет бацькоў” вырашае праблемы выхавання і ўзаемаадносін паміж дарослымі і дзецьмі.

Зараз у школе ствараецца рэсурсны цэнтр пачатковых класаў, на які дырэктар Ірына Вацлаваўна Чаховіч ускладае вялікія надзеі. Цэнтр будзе забяспечаны высокакваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі, на яго базе сканцэнтруюцца матэрыяльна-тэхнічныя, інфармацыйныя, інтэлектуальныя і іншыя рэсурсы адукацыі.

Выдатна ў СШ № 1 арганізаваны і вольны час дзяцей і падлеткаў. З 21 гуртка і секцый па інтарэсах – ад батыка да футбола – нават самы патрабавальны вучань можа абраць сабе занятак па душы. У юных модніц, напрыклад, вельмі папулярны гурток “Студыя моды”, якім кіруе настаўнік абслугоўваючай працы, канструктар-мадэльер Ала Аляксандраўна Яфімчык. У студыі дзяўчынкі шыюць модныя ўборы – тут ужо створана каля 20 калекцый крэатыўнага адзення. Вучаніцы дэманструюць свае вырабы не толькі на школьным подыуме: паспяхова ўдзельнічаюць у кастынгах фестывалю “Млын моды”, заваёўваюць дыпломы на этапах рэспубліканскай алімпіяды па абслугоўваючай працы.

Магчыма, дзякуючы такой мэтанакіраванай рабоце педагогаў, кожны з 510 вучняў заўсёды знаходзіць для сябе карысныя заняткі, і як вынік – узровень правапарушэнняў сярод непаўналетніх школьнікаў тут роўны нулю.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *