Адкрытая брама скарбаў

Культура

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы заўсёды пануе дзіўная атмасфера дружалюбнасці. Загадчыца Алена Іванаўна ТРАСЦЯНКА ўмее будаваць з маленькімі чытачамі даверлівыя і шчырыя адносіны. Дзеці не толькі прыслухоўваюцца да яе парадаў у выбары кніг, але і дзеляцца школьнымі поспехамі, давяраюць ёй. Майстэрства лёгка знаходзіць кантакт з чытачом не выпадковае: вопыт працы ў бібліятэчнай сферы ў А. І. Трасцянкі багаты – без малога 35 гадоў.

Адна з галоўных функцый кнігі – выхаваўчая, найважнейшая ж задача бібліятэкараў – заахвочваць дзяцей імкнуцца да дабра. Бібліятэкар з 15-гадовым стажам Жанна Міхайлаўна АЖЭЎСКАЯ стараецца прапанаваць юнаму чытачу не толькі кнігі з вясёлымі прыгодамі, але зацікавіць літаратурай, што закранае душу, вучыць міласэрнасці і спагадзе.

Не выпадкова юныя артысты лялечнага гуртка “Сонейка”, што працуе пры бібліятэцы, з пастаноўкамі казак і забаўляльнымі праграмамі часта наведваюць раённы сацыяльны прытулак і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, ствараючы святочны настрой для сваіх менш шчаслівых равеснікаў.

У гарадской дзіцячай кніжніцы ўсяго 4 бібліятэкары. Аднак невялікі калектыў паспяхова спраўляецца са значным аб’ёмам работы. Кожны тыдзень для дзяцей і падлеткаў ініцыятыўныя бібліятэкары арганізоўваюць цікавыя мерапрыемствы: праводзяць прэзентацыі кніжных навінак і часопісаў, тэматычныя выставы і «круглыя сталы», для юных інтэлектуалаў ладзяць сустрэчы з вядомымі дзіцячымі пісьменнікамі. Традыцыйным стаў конкурс “Мы з кнігаю сябруем”, дзе самыя эрудзіраваныя кнігалюбы не толькі атрымліваюць пасведчанні “Лепшы чытач бібліятэкі”, але і кнігі ў падарунак. Для першакласнікаў штогод тут праводзяць тэатралізаванае свята “Пасвячэнне ў чытачы”.

Бібліятэкары стараюцца, каб дзяцінства – падарожжа Гулівера ў краіну веліканаў, было яркім і шчаслівым. Не выпадкова сюды любяць зазірнуць і сур’ёзныя дарослыя за добрай кнігай для сямейнага чытання.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *