Трымаюць марку ганчары!

Общество

Івянецкія ганчары, нягледзячы на даволі высокую канкурэнцыю, ужо даўно занялі сваю нішу на спажывецкім рынку не толькі нашай рэспублікі. А сёння ў Беларусі працуюць некалькі прадпрыемстваў, якія выпускаюць аналагічную прадукцыю. Але івянчанам удалося  дамагчыся галоўнага: вызначыцца сярод шматлікіх канкурэнтаў самабытнасцю традыцый, адметным почыркам.

Не выпадкова іх прадукцыя на гандлёвых паліцах прэстыжных магазінаў, у тым ліку і ў сталіцы, заўсёды глядзіцца модна, гарманічна і выйгрышна. Яе з ахвотай купляюць у якасці сувеніраў, набываюць для побытавага выкарыстання. У асаблівай пашане – эксклюзіўныя работы жывапісцаў.

Ад гліны-сырца да  склада, дзе сартуюць прадукцыю для будучай рэалізацыі, керамічныя вырабы праходзяць доўгі ланцужок адладжанага вытворчага працэсу. Таму на кожным вырабе – адбітак умелых працавітых рук ганчароў. На ўчастку сартыроўкі завода працуюць тры чалавекі, вытворчыя нагрузкі ў іх унушальныя. За змену трэба адсартаваць, старанна ўпакаваць каля тысячы вырабаў. З гэтым удала спраўляецца Наталля Іосіфаўна Рослік (на здымку) і яе калегі Ірына Эдвардаўна Сержан і Таццяна Антонаўна Казерская.

На ўчастку, дзе ўстаноўлены вакуум-прэс, шчыруе Андрэй Часлававіч Богдан (на здымку). Ён рыхтуе сыравіну для наступных этапаў тэхналагічнага працэсу. Гліна, якая была загадзя дастаўлена з радовішча, тут старанна перамешваецца з вадой у пэўных прапорцыях, а  затым мелецца на працягу чатырох гадзін, паступова ператвараючыся ў пластычную масу. За змену такой сыравіны тут нарыхтоўваюць да трох тон. Маса фармуецца, дзеліцца на невялікія кавалкі і адпраўляецца ў цэх, дзе пераўвасабляецца ў прывабныя керамічныя вырабы. Вырабы, якія заўсёды даставяць светлую радасць пакупнікам, якія вырашаць набыць іх, зазірнуўшы ў крамы…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *