У пашане – рупнасць i старанне

Общество

Падвядзенне вынікаў працы за год – падзея для раёна заўсёды значная. У гэты дзень агучваюць эканамічныя паказчыкі, віншуюць адміністрацыю прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў-лідараў і, вядома ж, вітаюць лепшых працаўнікоў раёна, чые клапатлівыя і ўмелыя рукі дзень за днём стымулююць рост дабрабыту Валожыншчыны. У мінулую пятніцу ў зале кінатэатра “Юнацтва” райцэнтра сабраліся амаль 350 чалавек, у гонар якіх, можна сказаць, і ладзілася гэта мерапрыемства.

Мінулы год азначыўся многімі дасягненнямі ў самых розных сферах жыцця раёна. Гэта адзначыў, выступаючы з дакладам на сцэне, старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Нельга сказаць, што справы складаліся вельмі ўдала, асабліва гэта тычыцца працы аграпрамысловага комплексу, які займае ў эканоміцы рэгіёна цэнтральную пазіцыю. Аднак на гэтым фоне больш бачны кантраст вынікаў, прадэманстраваных руплівымі хлебаробамі, жывёлаводамі, механізатарамі. Прадпрыемствы і

.

_ арганізацыі АПК за кошт усіх крыніц фінансавання за мінулы год выкарысталі 209 мільярдаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Гэта амаль у паўтара раза перакрыла паказчык адпаведнага перыяду 2012 года. А вось важнейшы паказчык прагнозу – вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – склаў усяго толькі 90 працэнтаў. Як адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі, недастаткова спрацавалі і ў вытворчасці раслінаводчай прадукцыі – у першую чаргу на збожжавым полі. І ўсё ж па выніках уборачнай кампаніі, 10 камбайнерскіх экіпажаў перавысілі тысячны намалот, а экіпаж вытворчага ўчастка “Пугачы” ТАА “Тарасава” – Віктар Канстанцінавіч Пралат і Рыгор Васільевіч Сасноўскі – пераадолелі двухтысячны рубеж. Унёс свой значны ўклад ва ўраджай 2013 і маладзёжны экіпаж ААТ “Багданаўскі” ў складзе братоў Аляксандра і Мікалая Былінскіх.

Адзначылі на мерапрыемстве і сельгаспрадпрыемствы, якія ўтрымалі планку лідарства ў вытворчасці малака: СВК “Пяршаі-2003”, дзе надой на адну карову склаў 7530 кілаграмаў, ААТ “Манькаўшчына” – 5671 кілаграм, СГУ “Бабровічы” “УП “Мінаблгаз” – 4953, ААТ “Агра-Дубінское” – 4932, КСУП “Сугвазды-агра” – 4704 кілаграмы. Перадавыя пазіцыі занялі аператары машыннага даення Вольга Эдуардаўна Даманава з СВК “Пяршаі-2003” і Таццяна Баляславаўна Зянько з ААТ “Манькаўшчына”. Варта ўзгадаць тут і пяршайскага аператара машыннага даення Тамару Андрэеўну Лапо, якую летась узнагародзілі медалём “За працоўныя заслугі”. Адзначылі падчас мерапрыемства і аператараў па адкорме і дарошчванні маладняка, іншых спецыялістаў, якія працуюць з малочным статкам, работнікаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службы.

Уладзімір Антонавіч з вялікай сцэны шчыра парадаваўся за плённую работу горадаўтваральнага прадпрыемства – ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Не менш значныя дасягненні і ў валожынскіх філіялах РУП “Мінаблаўтатранс” “Аўтамабільны парк № 14” і ДП “Мінаблпаліва”, ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Кіраўнікі гэтых арганізацый пад апладысменты выходзілі на сцэну, каб атрымаць публічную падзяку. Словы ўдзячнасці кіраўнік раённай вертыкалі адрасаваў таксама калектывам ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, СП “Івкан” ААТ, Івянецкага завода мастацкай керамікі. Сярод арганізацый-лідараў таксама – ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, РУ “Валожынрайгаз”, райбыткамбінат і многія іншыя.

Завяршаючы выступленне, У. А. Наумовіч яшчэ раз выказаў словы прызнання тым, хто не шкадаваў сіл дзеля нашага агульнага дабрабыту: вясковым рупліўцам, будаўнікам, кіраўнікам прадпрыемстваў, настаўнікам і ўрачам, работнікам сферы гандлю і паслуг, работнікам культуры, прадпрымальнікам і прадстаўнікам грамадскасці, за плённую працу на карысць працвітання Валожыншчыны.

У ліку шаноўных гасцей свята быў і старшыня Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Леанід Уладзіміравіч Шахлевіч. Ён далучыўся да віншаванняў і выказаў упэўненасць, што сёлетні працоўны год прынясе новыя набыткі ў скарбонку дасягненняў Валожыншчыны. Таксама кіраўнік асабіста ўзнагародзіў 6 чалавек, якія зрабілі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці. Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны ўрач-педыятр участковай дзіцячай кансультацыі цэнтральнай раённай бальніцы Ніна Анатольеўна Аўдзей, аператар машыннага даення СВК “Пяршаі-2003” Вольга Эдуардаўна Даманава, загадчык івянецкага ясляў-сада “Лесавічок” Марыя Пятроўна Філіповіч. Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоены галоўны інжынер ААТ “Багданаўскі” Вітольд Станіслававіч Буйноўскі, станочнік філіяла “Валожынскае РБУ” Андрэй Вітольдавіч Гідлеўскі і матарыст растворабетоннага вузла ААТ “ПМК-188” Уладзімір Васільевіч Мурэнка.

У час мерапрыемства і напрыканцы яго гучалі выдатныя музычныя віншаванні, падрыхтаваныя работнікамі культуры раёна, самадзейнымі артыстамі і дзіцячымі калектывамі. У фае кінатэатра працавала выстава прадукцыі, прадастаўленая структурнымі падраздзяленнямі райспажыўтаварыства і філіялам ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Запрошаныя змаглі палюбавацца і творчасцю самабытных валожынскіх рамеснікаў-майстроў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *