З iскрынкай творчасцi ў душы

Культура

Часам прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва выбіраюць сабе не зусім мужчынскія хобі. Сярод вядомых людзей, напрыклад, расійскі артыст балета Мікалай Цыскарыдзэ вышывае хусткі і карціны. Галівудскі акцёр Джоні Дэп калекцыяніруе фігуркі клоўнаў. Кіназорка Брэд Піт, пагаворваюць, любіць звязаць што-небудзь у вольны час…

А вось былы вадзіцель ААТ “ПМК-188” Станіслаў Аляксандравіч ПАЧЫКОЎСКІ з райцэнтра захапляецца вырабам шкатулак “на ножках”. Скарбонкі ён не майструе з дрэва, не пляце з саломкі, а шые ўручную. Зрабіўшы няхітрыя геаметрычныя разлікі, мужчына з дапамогай іголкі і трывалых нітак карпатліва злучае рознакаляровыя паштоўкі, кавалкі кардону ў лёгкі, арыгінальны выраб. Каб надаць скрыначцы глянец, трываласць, і галоўнае – абараніць яе ад вільгаці, у дадатак да кардону абавязкова ідзе тоўстая поліэтыленавая плёнка…

Родам Станіслаў Аляксандравіч з вёскі Палубоўцы Пяршайскага сельсавета. Ён вельмі рана стаў самастойным: пасля 7-га класа школы пайшоў працаваць прычэпшчыкам у калгас імя Карла Маркса. Спрытным на руку быў з юнацтва. Лёгка пераняў у бацькі майстэрства плесці кошыкі, замест лазы выкарыстоўваючы дрот. Любіў тэхніку, рамантаваў любы складаны механізм. Таму нездарма сваё жыццё Станіслаў Аляксандравіч прысвяціў шафёрскай справе – 33 гады працаваў вадзіцелем у ААТ “ПМК-188” горада Валожына.

Парадаксальна, але шыць яркія, лёгкія куфэрачкі С. А. Пачыкоўскі навучыўся, калі ляжаў у бальніцы. У нудлівых сценах медыцынскай установы “хэндмэйдам” захапляліся многія. Творчасць была аддушынай, дапамагала забыцца на хваробу. Рукадзелле, якое патрабуе засяроджанасці і часу, выхоўвала цярпенне.

Сваю першую скарбонку, пашытую з паштовак да 8 Сакавіка, ён падарыў каханай жонцы. З тых часоў прайшло 36 гадоў. Кардонны куфэрачак, выцвілы ад часу, дагэтуль беражліва захоўваецца ў секцыі.

Станіслаў Аляксандравіч займаўся рукадзеллем перапынкамі: пакідаў “шкатулачнае” хобі на некалькі гадоў, потым вяртаўся да яго. У свае 70 гадоў, сумуючы на пенсіі, ён ізноў узяўся за любімы занятак. А ў дадатак да кардонных куфэрачкаў пачаў шыць фігурныя аловачніцы.

На выраб дэкаратыўнай скрыначкі звычайна ідзе 2-3 дні. За працай мужчына праседжвае па некалькі гадзін, выводзячы акуратныя радкі ажурных швоў, пакуль не стомяцца вочы.

Жонка С. А. Пачыкоўскага Галіна Станіславаўна падтрымлівае незвычайнае захапленне мужа. Любіць прысесці побач на канапе і таксама ўзяцца за рукадзелле – звязаць мяккія тапкі для родных ці шорсткі дыванок пад парог на лесвічную пляцоўку. У час творчасці добра пагаварыць па шчырасці, падумаць пра жыццё сваіх траіх дзяцей, пра будучыню пяці ўнукаў…

Маляўнічыя шкатулкі дома не пыляцца. Майстар дорыць іх сваякам і сябрам. Атрымліваць прэзенты прыемна, а сувенір, зроблены ўмелымі рукамі мужчыны, прымаць прыемна ўдвая.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий