Чалавек слова i гонару

Официально

Першы намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік В. Р. Якутовіч за дваццаць гадоў службы прайшоў шлях ад участковага інспектара да начальніка крымінальнай міліцыі. Адзін з самых вопытных супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў  мае яшчэ і дэпутацкія абавязкі. Гэта праца не менш адказная, часам вельмі няпростая. Але, як і на службе, падпалкоўнік заўсёды падтрымлівае законныя інтарэсы сваіх выбаршчыкаў.

У дзяцінстве Віктар Рамуальдавіч Якутовіч не думаў, што будзе служыць менавіта ў праваахоўных органах. Праўда, насуперак жаданням бацькоў, якія бачылі яго ўрачом, усё ж марыў стаць афіцэрам і знайсці свой лёс на службе ва Узброеных Сілах. Выпускнік СШ № 1 райцэнтра старанна рыхтаваўся да паступлення ў Харкаўскае ваеннае вучылішча, але… За некалькі тыдняў да жаданай паездкі трапіў у аўтамабільную аварыю, зламаў абедзве нагі. Зразумела, пра кар’еру ваеннага – па меншай меры на бліжэйшы час – давялося забыць. У 1988 годзе паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць інжынера-механіка. Там таксама была ваенная кафедра, і юнак не губляў надзеі ў будучым звязаць жыццё з арміяй. Гады вучобы прыйшліся на пераломны момант у адносінах саюзных рэспублік, і заканчваў Віктар Рамуальдавіч ужо Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. А вярнуўшыся ў раён, малады чалавек сутыкнуўся з першымі сур’ёзнымі цяжкасцямі: не знайшоў работу і вымушаны быў чакаць першага зручнага выпадку, каб працаўладкавацца. Такая магчымасць прадаставілася аж напрыканцы года. У снежні В. Р. Якутовіч прыступіў да службы ў РАУС. У многім на такі выбар паўплывалі і сябры дзяцінства, якія ў большасці таксама працавалі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Маладога “навабранца” прызначылі ўчастковым інспектарам міліцыі ў Залескім сельсавеце. З таго часу і пачаў кар’ерны рост – заўсёды на прынцыпах кампетэнтнасці, адказнасці, узаемапавагі і ветлівасці. За час службы займаў пасады следчага, начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Служба ў міліцыі прынесла і дывідэнды ў выглядзе другой вышэйшай адукацыі: Віктар Рамуальдавіч у 2001 годзе завочна скончыў Акадэмію МУС Беларусі.

Ёсць што ўспомніць міліцыянеру і за час практычнай, “палявой” дзейнасці. Падпалкоўнік да гэтай пары памятае імёны ўдзельнікаў банды Цвірко, якую разам з іншымі аператыўнікамі затрымаў у 1996 годзе ў Барысаве. Банда спецыялізавалася на крадзяжы і наступным продажы аўтамабіляў. Крымінальны лідар гэтай групоўкі прыбыў у Беларусь з Казахстана – “наведаўся” да сваякоў пасля таго, як на радзіме забіў свайго падзельніка і лепшага сябра – не падзялілі “навар”. Ды так і застаўся. Асвоіўся, аглядзеўся – і неўзабаве ўзяўся за старое. Узялі яго па “гарачых слядах” напярэдадні Новага года. Тады ўсе ўдзельнікі банды атрымалі па 12 гадоў турэмнага зняволення. Цяпер, па словах Віктара Рамуальдавіча, такіх адкрытых праяў крыміналітэту няма. Вядома, хапае дастаткова заблытаных спраў, але вырашаюцца яны, як правіла, хутка і аператыўна.

Закон і яго патрабаванні заўсёды стаяць для падпалкоўніка на першым месцы. З гэтых пазіцый ён будуе і сваю асноўную работу, і грамадскую дзейнасць. “Як і міліцыянеру, дэпутату трэба быць камунікабельным, умець падтрымліваць добрыя адносіны, заўсёды адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў і ніколі не кідаць слоў на вецер”, – адказвае на маё пытанне В. Р. Якутовіч. Сёлета ён другі раз балаціруецца ў дэпутаты раённага Савета – цяпер па Гагарынскай выбарчай акрузе. Як і на асноўнай службе, чалавек гатовы апраўдаць ускладзены на яго людскі давер.

Віктар Рамуальдавіч з вялікай адказнасцю адносіцца да сваёй працы. Ёсць у яго цвёрды прынцып: заўсёды памятаць, што за сказаным і зробленым ім – вырашэнне праблем не аднаго жыхара нашага раёна. Магчыма, у тым і хаваецца сакрэт поспехаў на службе і вялікай, заслужанай павагі ад людзей.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *