Паглядзець на праблемы людзей праз прызму ўвагi i клопату

Официально

Чарговую тэлефонную “прамую лінію” з жыхарамі раёна правёў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч.

Штораз абвестка аб правядзенні “прамой тэлефоннай лініі” старшыні райвыканкама з жыхарамі раёна не застаецца незаўважанай. Прачытаўшы ў газеце інфармацыю, чытачы загадзя могуць абдумаць хвалюючыя іх пытанні, вызначыць галоўныя з іх, каб затым задаць кіраўніку раённай вертыкалі ўлады. Многія праблемы носяць прыватны характар. З некаторымі грамадзяне звяртаюцца адразу да кіраўніка раёна, мінуўшы іншыя службовыя інстанцыі, сельвыканкам. Гэта абумоўлена тым, што хвалюючая праблема ўзнікла нечакана. У іншым выпадку людзі справядліва лічаць, што тэлефанаванне старшыні райвыканкама заўсёды будзе дзейсным і праблемная сітуацыя аператыўна “разруліцца”. Таму свядома многія ўвялі за добрую манеру ў час чарговай “прамой лініі” абавязкова падзякаваць старшыні райвыканкама за станоўчае вырашэнне іх ранейшых праблем. У прыватнасці, такія званкі 24 лютага паступілі з вуліцы Беларускай райцэнтра, з вёскі Раднікі і іншых населеных пунктаў раёна.

А распачала на гэты раз адкрыты тэлефонны дыялог І. У. Журкевіч з Багданава. Яе непакоілі збоі ў ацяпленні ўласнага жылога дома.

Пасадзейнічаць у належным асвятленні вёскі Кісялі ў цёмны час сутак прасіў М. А. Балдоўскі. Прагучала запэўніванне, што гэта пытанне будзе вырашана з максімальнай зручнасцю для вяскоўцаў. Наступным патэлефанаваў Т. І. Казакевіч. Падстава яго тэлефоннага звароту – прысады старых дрэў у Філіпінятах у раёне школы. Сітуацыя будзе вывучана на месцы і пры тэхнічнай, фінансавай магчымасці дрэвы зрэжуць. Жыхарка вуліцы Карла Маркса горада Валожына прасіла паспрыяць у нармалізацыі паркоўкі транспарту ля жылога дома. Н. А. Сак непакоіць праблема пячного ацяплення ў жылым доме №10, таму кватэраўладальніца апраўдана цікавілася: ці ёсць у жыхароў гэтага дома па вуліцы Карла Маркса перспектыва падключэння будынка да цэнтральнай магістралі цеплазабеспячэння. Улічваючы выгаднае месцазнаходжанне двухпавярхоўкі, гэта пытанне і сапраўды з цягам часу можа быць вырашана станоўча.

Сваю пазіцыю наконт аптымізацыі гандлёвай сеткі  выказаў пастаянны ўдзельнік “прамой тэлефоннай лініі” з  Забрэззя Л. К. Шаўрэй. На яго погляд, лепш пераабсталяваць ранейшы прамтаварны магазін ва ўніверсальную гандлёвую кропку з шырокім наборам тавараў рознага асартыменту. Тым больш, што размяшчэнне магазіна даволі выйгрышнае.

Людская пагалоска сярод вяскоўцаў актыўна тыражуе чуткі аб магчымым закрыцці Падбярэзскай школы. Таму не выпадкова бацькі, каб расставіць кропкі над “і” ў гэтым сацыяльна значным пытанні, і патэлефанавалі на “прамую лінію”. Дададзім, што гэта былі бацькі школьнікаў-пачаткоўцаў. У. А. Наумовіч зазначыў, што факт закрыцця ў будучым гэтай навучальнай установы і сапраўды абмяркоўваецца. Але бацькам не варта хвалявацца: іх дзеці будуць дастаўляцца спецыяльным аўтобусам у іншую школу. Аптымізацыя адмоўна не паўплывае на якасць выхаваўчага, навучальнага працэсаў, і з цягам часу ўсе пераканаюцца ў правільнасці такой меры. Падобны станоўчы вопыт ужо пацвярджае гэта. Варта ўспомніць хаця б Вішнеўскі дзіцячы садок, які закрылі, і абсталявалі адпаведную плошчу ў школе. Камфорту і зручнасці дабавілася, ды і расходы на ўтрыманне ўдалося зменшыць. На жаль, не ўсё так гладка ідзе з аптымізацыяй работы сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі. Наладжаная сістэма аўтамабільнага абслугоўвання пакуль выклікае ў людзей справядлівыя нараканні. У прыватнасці, крытыку выказалі жыхары вёскі Раднікі. Людзям не хапае дакладнай інфармацыі наконт рэжыму работы паштовага аўтаабслугоўвання, наконт змен у графіку выплаты пенсій і шэраг іншых звестак.

Усяго на чарговую “прамую тэлефонную лінію” паступіла 17 зваротаў. Сярод іх было і тэлефанаванне ад нядаўніх навасельцаў з аграгарадка Ракаў. Дом, узведзены ААТ “Забудова”, даставіў людзям не толькі радасць, але і нечаканыя клопаты. У кватэры С. Каваленкі з-за праблем з дахам з’явілася сырасць. Шпалеры прыходзіцца падклейваць, а то і ўвогуле мяняць па некалькі разоў на год. Яго запэўнілі, што  створаная камісія аб’ектыўна ацэніць сітуацыю на месцы і садзейнічанне будзе аказана па максімуму. Паскардзіўся С. Каваленка і на такую “інавацыю”: у пад’ездзе электрычнае святло чамусьці гарыць круглыя суткі, бо так зманціравана сістэма.

У ліку іншых узнятых пытанняў было названа і працяканне даху над кватэрай №10 жылога дома № 27 па вуліцы Чапаева райцэнтра. Былі тэлефанаванні і наконт добраўпарадкавання вуліц, у прыватнасці, Мічурына горада Валожына.

Усе вусныя звароты грамадзян узяты на ўлік, будуць прыняты меры рэагавання ў тэрміны, вызначаныя заканадаўствам.

Ірына ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий