Гефестаў агонь скарыўся майстру

Официально

Кавалі раней сяліліся наводшыбе: існавала небяспека ўзгарання кузні, што магло прывесці да пажару ў вёсцы. Такое адасобленае жыццё майстра было загадкавым, з-за чаго навакольныя часта лічылі таямнічага каваля чарадзеем.

Тое, што ў гэтым найстаражытнейшым рамястве ёсць нешта магічнае, мы пераканаліся, пазнаёміўшыся з М. М. ПАШКОЎСКІМ – кавалём ААТ “Агра-Дубінское”.

З металам вопытны майстар абыходзіцца нібы фокуснік: распалены матэрыял ён можа згінаць, як лазу, скручваць, наразаць, штампаваць, чаканіць, расплаўляць яго і заліваць кіпячую, як пунш, жалезную масу ў спецыяльную форму, атрымліваючы ў выніку неабходны ў гаспадарцы прадмет.

Зараз Мікалай Мікалаевіч рыхтуе тэхніку да веснавой сяўбы. Рамантуе бароны: на месца зламаных прыкоўвае новыя “зубы”, затупленыя – вострыць. Куе неабходныя дэталі, выпраўляе пагнутыя, дае другое “жыццё” зламаным.

У каваля, нібы ў класе геаметрыі, заўсёды пад рукой цыркулі, жалезныя лінейкі, вугламеры, рулеткі, трафарэты. Галоўнае ж абсталяванне кузні – горан, вялікае кавадла і кувалды. Не абысціся тут без розных відаў малаткоў, абцугоў, захватаў, ціскоў, механічнага капаравага (які падае) молата. Ёсць тут і прыстасаванні з вельмі пацешнымі назвамі: гладзілкі, перажымкі, абціскачы.

Майстрам па метале Мікалай Мікалаевіч працуе 23 гады. Старадаўняму рамяству яго навучыў сусед – каваль Уладзімір Сцяпанавіч Чабай, які меў такія залатыя рукі, што мог, відаць, і блыху падкаваць. Менавіта дзядзька Валодзя дапамагаў рабіць некалі ў калгаснай кузні горан, які верна служыць дагэтуль.

Не выпадкова на працягу тысячагоддзяў кавальскае рамяство карысталася асаблівай павагай. Бо хто, акрамя каваля, мог з кавалка металу зрабіць адмысловую падкову для хатняга каня, востры меч, вытанчанае ўпрыгажэнне для жанчыны ці неабходную ў гаспадарцы прыладу працы? Прамысловы прагрэс хоць і пацясніў ручную вытворчасць, але цалкам не знішчыў. У Дубіне без вопытнага майстра па-ранейшаму не абысціся. У адмысловыя падковы ад Пашкоўскага, напрыклад, “абуты” многія вясковыя коні…

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий