Процiстаяць хваробам

Общество

Яшчур – інфекцыйная хвароба хатніх і дзікіх жывёл, якая хутка распаўсюджваецца. У хворай асобіны паяўляецца ліхаманка, слізістыя абалонкі роту, скура, вымя і міжкапытныя шчыліны пакрываюцца пухірамі. Найбольш успрымальная да яшчуру буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі, козы. Часам яшчурам хварэюць людзі, асабліва дзеці.

Крыніцай узнікнення інфекцыі з’яўляецца хворая жывёла, а таксама тыя асобіны, якія знаходзяцца ў інкубацыйным (скрытым) перыядзе хваробы.

Фактарамі перадачы ўзбуджальніка могуць служыць прадукты і сыравіна, атрыманыя ад інфіцыраванай жывёлы, а таксам адзенне і абутак людзей, транспартныя сродкі, на якіх вірус захоўваецца працяглы час.

Пры ўзнікненні хваробы ў буйной рагатай жывёлы тэмпература цела павышаецца да 40,5-41,5 градусаў. Жывёла прыгнечаная, удоі рэзка падаюць. На 2-3 дзень хваробы ў ротавай поласці, на языку і крылах носа, а таксама на насавым люстэрачку з’яўляюцца пухіры, якія праз 1-3 дні разрываюцца. Пухіры таксама ўзнікаюць на скуры ў міжкапытных шчылінах, на вымі. На месцы лопнуўшых пухіроў утвараюцца эрозіі.

Сродкі спецыфічнага лячэння біяпрамысловасцю не выпускаюцца з-за шматлікіх тыпаў і варыянтаў віруса яшчуру. Вакцынацыя не спыняе нашэнне віруса ў жывёлы.

На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь абстаноўка па яшчуру спрыяльная. Апошні выпадак захворвання быў зарэгістраваны ў 1983 годзе.

Аднак на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, Казахстана перыядычна ўзнікаюць ачагі захворвання жывёлы яшчурам.

Асноўнымі прычынамі распаўсюджвання яшчуру з’яўляюцца:

– занос віруса з іншых краін. У першую чаргу з нелегальным завозам жывёлы, прадуктаў жывёлагадоўлі і кармоў;

– міграцыя людзей (турызм, паломніцтва, стыхійныя бедствы), дзікай жывёлы і птушак;

– рост руху аўтатранспарту, у тым ліку і грузавога;

З мэтай прафілактыкі і недапушчэння ўзнікнення яшчуру гаспадарам жывёлы неабходна:

– прытрымлівацца ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання жывёлы;

– выконваць правілы асабістай гігіены;

– не рэкамендуецца пасвіць жывёлу каля аўтадарог міжнароднага значэння ў радыусе не менш аднаго кіламетра;

– пры выяўленні захворвання ў жывёлы, яе падзяжу тэрмінова паведамляйце аб гэтым ветэрынарным спецыялістам.

Таксама неабходна памятаць, што на тэрыторыі нашага раёна дзейнічаюць абмежаванні, якія ўстаноўлены ў сувязі з успышкай афрыканскай чумы свіней у в. Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, а менавіта:

– забарона на рэалізацыю свініны на рынках фізічнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, за выключэннем мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў;

– забарона на рэалізацыю свіней на рынках;

– забарона на закупку і ўтрыманне свіней у насельніцтва.

Пры спрыяльным развіцці падзей і адсутнасці новых выпадкаў захворвання свіней, гэтыя абмежаванні будуць зняты ў маі 2014 года.

Сяргей ШУПЕНЬКА,

галоўны ветэрынарны ўрач Валожынскага раёна

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *