Пяць дзевачак-кветачак

Официально

Прафесіі ў шматдзетных бацькоў з Пугачоў Святланы Уладзіміраўны і Уладзіміра Віктаравіча Машчанкоў самыя што ні на ёсць класічныя для сельскай мясцовасці: жонка – даярка, муж – трактарыст. Прытрымліваюцца традыцыйнага ўкладу і дома: трымаюць гаспадарку, садзяць агарод. Жыллё, якое выдзеліла сельгаспрадпрыемства, прыватызавалі, неабходную мэблю і сучасную бытавую тэхніку набылі. Але галоўнае багацце Машчанкоў – дзеці: Алеся, Віялета, Маша, Ульяна і Наташа.

Адны імёны чаго варты, гучаць, як песня! Праўда, «песня» гэта з вуснаў мамы часам з «піяна» пераходзіць у «форта», калі дзяўчаты нешта не падзеляць ці не выканаюць якую-небудзь маміну просьбу. Але, са слоў Святланы Уладзіміраўны, такое здараецца рэдка. «Усе мае дзяўчаты паслухмяныя і ласкавыя,» – з гонарам гаворыць жанчына, а вочы напаўняюцца пяшчотай…

Цікава, што ў гэтай сям’і няма такой праблемы, як недахоп індывідуальнасці. Хоць дзяўчаты і падобны між сабой, але кожная мае свае схільнасці, свой характар. Чацвёртакласніца Маша так расказвае пра сябе і сясцёр: «Я люблю маляваць фарбамі ўсё прыгожае. Ульяну, якая ходзіць у другі клас, цяжка адарваць ад камп’ютара, васьмікласніца Віялета – фанат музыкі і танцаў, Алеся сёлета заканчвае школу і таму шмат чытае, а самая малодшая, Наташа, – мамін «хвосцік». Больш за ўсё яна любіць выконваць розную работу па дому…»

Напярэдадні Міжнароднага свята 8 Сакавіка ва Уладзіміра Віктаравіча прычын для хвалявання хапае: паспрабуй каторы год не паўтарыцца з падарункамі, дагадзі кожнай. І неяк жа яму гэта ўдаецца! «Зарабляю нядрэнна, магу парадаваць сваіх прыгажунь,» – зазначае У. В. Машчанок.

Колькі разоў даводзілася чуць ад сельскіх жыхароў скаргі на малыя заробкі, а вось жа ёсць сапраўдныя мужчыны, якія і ў вёсцы здольныя забяспечыць вялікай сям’і годнае існаванне.

– Валодзя працуе шмат, – расказвае Святлана. – Не магу наракаць на яго і як на хатняга гаспадара. Клапоціцца, каб надзел быў своечасова ўзараны, каб дома ўсё было прыбіта, адрамантавана.

Гадуючы пяцёра дзяцей, бацькі ахвяруюць нават адпачынкам. Пра круізы, мора і санаторыі Святлана Уладзіміраўна і Уладзімір Міхайлавіч пакуль што не мараць. Тут бы выкраіць хвіліну-другую, каб паляжаць з пультам у руках перад тэлевізарам…

Хаця, што на блакітным экране асабліва можа ўразіць, калі прама перад вачыма, у сваёй хаце столькі прыгажосці і талентаў! Бывае, вечарамі дзяўчаткі развесяляць жартамі або прымусяць сэрца сціснуцца ад жалю. Не адна тэлеперадача так не кране. Тым, хто не мае пяцёра дачок-прыгажунь, такое і не снілася…

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКІ

 



Добавить комментарий