Шанц на здароўе

Общество

У нашым раёне на дыспансерным уліку ў медыцынскіх установах стаяць 750 дзяцей. А 102 з іх увогуле маюць інваліднасць. Дзеці павінны аздараўлівацца штогод, дзеці з хранічнымі захворваннямі – тым больш. Для гэтага існуюць розныя формы.

Напрыклад, можам прапанаваць санаторна-курортнае лячэнне ў здраўніцах рэспубліканскага і абласнога значэння. Накіраванне на неабходнасць у санаторна-курортным лячэнні можна атрымаць ва ўчастковага ўрача-педыятра альбо ўрача агульнай практыкі.

Існуюць таксама цэнтры рэабілітацыі рэспубліканскага і абласнога значэння. Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі “Астрашыцкі гарадок” прымае хлопчыкаў і дзяўчынак з захворваннямі нервовай сістэмы, нефралагічнымі, гематалагічнымі і анкалагічнымі захворваннямі, рэспубліканскі дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Баравое” – з захворваннямі дыхальнай сістэмы. Рэспубліканская бальніца спелеалячэння ў Салігорску прызначана для дзяцей хворых бранхіяльнай астмай. У абласным дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі “Пухавічы”, што ў Мар’інай Горцы, могуць прайсці курс аздараўлення дзеці з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, дыхальнай сістэмы, апорна-рухальнага апарату.

Для аздараўлення створаны спецыялізаваныя санаторныя школы-інтэрнаты. Дзіця можа знаходзіцца там на працягу адной ці некалькіх вучэбных чвэрцяў. Напамінаем бацькам, што ў 2010-2011 навучальным годзе навучанне здзяйсняецца ў наступных класах: вучняў 3-9 класаў з хранічнымі неспецыфічнымі захворваннямі органаў дыхання прыме Чырванаслабодская агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат, 3-9 класаў з пачатковымі, малымі і затухаючымі формамі туберкулёзу – Старабарысаўская. У Маладзечанскай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых скаліёзам, займаюцца вучні 2-9 класаў, Уздзенскай –  4-9 класаў з захворваннямі органаў стрававання, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм.

Я б параіла бацькам уважліва адносіцца да здароўя сваіх нашчадкаў, не грэбаваць такімі цэнтрамі аздараўлення, бо менавіта ў дзіцячым узросце ёсць шанц выправіць многія хібы і пазбегнуць хвароб. За накіраваннем звяртайцеся да сваіх участковых педыятраў ці да ўрачоў агульнай практыкі.

Ала КРУЦЬКО, 

урач-педыятр раённы.



Добавить комментарий