Агляд падзей у раённай газеце за сакавік 1969 года

Официально

Выбар зроблены

Пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў у нашым раёне 16 сакавіка прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных.

Галасаванне паўсюдна пачалося ў 6 гадзін раніцы, закончылася ў 10 гадзін вечара. Выбраны дэпутаты ў Валожынскі гарадскі, Івянецкі пасялковы і 19 сельскіх Саветаў дэпутатаў працоўных. У выбарах прыняло ўдзел 99,98 працэнта выбаршчыкаў па кожнаму Савету паасобку. Колькасць галасоў, пададзеных супраць кандыдатаў у дэпутаты, складае: у гарадскі Савет – 0,27 працэнта, сельскія Саветы – 0,02 працэнта.

У мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных выбраны 794 дэпутаты, у тым ліку жанчын – 392, членаў і кандыдатаў у члены КПСС – 273, беспартыйных – 521, рабочых – 214, калгаснікаў – 377, не з’яўляліся дэпутатамі мінулага склікання – 312 чалавек.

 

Гiсторыю напiшам усiм раёнам

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР на Валожыншчыне былі створаны атрады рабочай гвардыі. Яны ў канцы 1939 года аб’ядналіся ў аддзел рабоча-сялянскай міліцыі. Першым начальнікам міліцыі быў назначаны Янкіль Роўкін, якога потым замяніў Агееў.

Ужо ўдалося ўстанавіць імёны першых работнікаў міліцыі, якія пачыналі працаваць у Валожынскім аддзеле, а таксама тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны на палях бітваў ці ад зладзейскай рукі крымінальных злачынцаў. Вось гэтыя імёны: Сяргей Пятровіч Іода-Малякшын, Фёдар Сямёнавіч Бацян, Афанасій Кузьміч Елькін, Іван Уладзіміравіч Жукоўскі, Фадзей Цімафеевіч Жупачка, Рыгор Журкевіч, Якаў Ізраілевіч Каждан, Мацвей Андрэевіч Койра, Пётр Антонавіч Кароль, Пётр Уладзіміравіч Кудлач, Андрэй Арцёмавіч Перагуд, Мікалай Аляксандравіч Рэуцкі, браты Антон і Міхаіл Шчуцкія, Іосіф Васільевіч Шакун, Уладзімір Іванавіч Турскі, Іван Дзмітрыевіч Трапашка. Імёны можна прачытаць на мемарыяльнай дошцы, прымацаванай ля ўвахода ў памяшканне аддзела.

Гісторыю стварэння аддзела супрацоўнікі пачалі збіраць у спецыяльны альбом. Зараз дарагая кожная дэталь ад родных ці знаёмых, якая дапаможа даведацца пра гераічныя подзвігі былых міліцыянераў, пра іх будзённае жыццё.

 

Мiкратапанiмiка зачаравала

Вучні Вішнеўскай СШ зацікавіліся тапанімікай Вішнеўскага і суседняга Багданаўскага сельсаветаў.

Асабліва актыўны ўдзел у зборы матэрыялу прынялі старшакласнікі Фёдар Сяргееў, Яніна Дубіцкая, Антаніна Вайніцкая, Ядвіга Пялейка, Галіна Блізняк.

Шляхам роспыту ў старажылаў вучні ўстанавілі паходжанне геаграфічных назваў 30-ці вёсак і іх ваколіц, лугоў, палёў, хутароў, пашы, лясоў, дарог.

Напрыклад, зямельную нястачу сялян назвы характарызуюць так: “Паўшнуркі”, “Вузенькія”, “Дадаткі” і інш.

“Цумантоўкамі” тут называюць частку лесу, дзе ў Першую сусветную вайну знаходзіліся цэментавыя бліндажы. Назва вёскі Люташ паходзіць ад слова “Люты”. Графам Храбтовічам сюды былі высланы сяляне з маёнтка Шчорсы Навагрудскага павета, якія паднялі супраць пана бунт.

Усяго навучэнцы сабралі і расшыфравалі 136 тапанімічных назваў, работа над матэрыялам працягваецца.

 

Пасябраваў з лесам

Душой і сэрцам палюбіў Георгій Фёдаравіч Шакун таямнічы шэпт магутных лясных дрэў. Як вялікае багацце, дзевяць гадоў ён клапатліва ахоўвае вялікі зялёны масіў.

На 395 гектарах раскінуліся яго ўладанні. Ляснік уважліва аглядае іх. Дбайны гаспадар зацікаўлены, каб у яго быў поўны парадак. Неадкладна ачышчаецца тэрыторыя ад хламу, своечасова праводзіцца санітарная высечка лесу. А калі ляснік выявіць самавольства, шкоднік атрымае па заслугах.

Быў такі выпадак. Санны след у лесе завёў лесніка да пакалечаных дрэў. Пахла свежай смалой. Непадалёку ляжала зацярушанае снегам галлё. Абураны Георгій Фёдаравіч рашыў абавязкова знайсці парушальніка. Крок за крокам вёў яго санны след бліжэй да хаты, што стаяла на ўскраі сяла. Мужчына ў кажуху паспешна хаваў украдзенае дрэва. Гаспадар не чакаў ранняга, нежаданага для яго госця. Так і застаўся стаяць, разгублены, перад поўным дакору поглядам лесніка. Парушальнік атрымаў за самавольства, адвёз дрэва ў лясніцтва.

Непрымірыма адносіцца Георгій Фёдаравіч да раскрадальнікаў грамадскага дабра, для сваіх калег з’яўляецца прыкладам добрасумленных, прынцыповых адносін да працы. Яго партрэт нязменна красуецца на Дошцы гонару Барсукоўскага лясніцтва.

 

Нiводнага дарожнага здарэння

Заклікаем усіх вадзіцеляў на грамадскіх пачатках па 4 гадзіны ў месяц падзяжурыць на дарогах з мэтай нагляду за рухам транспарту і пешаходаў.

У нашым раёне прыклады безаварыйнай работы паказваюць такія вадзіцелі,  як М. Лукша, С. Маркоўскі, Ф. Таўгень з калгаса імя М. Горкага; Л. Цімановіч, Ф. Бітэль, Ч. Стасяловіч з калгаса імя Чарняхоўскага; В Круглік, І. Жук з калгаса “1 Мая”; І. Аляхновіч, М. Калала, У. Мяцельскі, І. Грудзінскі і Ч. Амялоўскі з саўгаса “Багданаўскі”.

Гэтыя вадзіцелі не маюць парушэнняў Правілаў дарожнага руху, а замацаваныя за імі аўтамабілі заўсёды ўтрымліваюцца ў тэхнічна спраўным і акуратным стане. Усе названыя таварышы, з’яўляючыся грамадскімі аўтаінспектарамі, вядуць актыўную барацьбу з парушальнікамі транспартнай дысцыпліны.

 

200 кiламетраў пешшу

Група турыстаў Івянецкай сярэдняй школы прайшла па месцах рэвалюцыйнай і баявой славы.

Да галоўнай мэты паходу – падрабязнага вывучэння гераічнага мінулага землякоў – далучылася яшчэ адна: набыць неабходныя веды для правядзення турысцкіх паходаў, загартаваць сябе для лета – сапраўднай пары турызму.

Паход узначалілі намеснік старшыні абласнога савета па турызме і два інструктары. Праз восем дзён 25 юных даследчыкаў рапартавалі сваім сябрам па школе: паход прайшоў удала, турысты пераадолелі 200 кіламетраў шляху, наведалі музеі Ф. Э. Дзяржынскага і Я. Купалы, прайшлі па месцах партызанскіх стаянак. Удзельнікі паходу набылі практычныя веды па правядзенні турысцкіх паходаў другой катэгорыі складанасці і сталі грамадскімі інструктарамі па турызме.

 

“Бескультурны” гандаль

Шэраг недахопаў існуе ў гандлі Забрэжскага, Івянецкага і Ракаўскага сельскіх спажывецкіх таварыстваў.

На дзень праверкі ў многіх магазінах адсутнічалі тавары паўсядзённага попыту: хлеб, соль, макаронныя вырабы, селядцы і г. д. Перабоі з завозам хлеба даходзяць да 10-12 дзён. Многія магазіны не ацепліваюцца, завалены тарай. Не ва ўсіх загадчыкаў і прадаўцоў ёсць рабочыя халаты, у магазінах адсутнічае абгортачная папера, а цэннікаў на многія тавары няма.

Для прыкладу, у магазіне вёскі Шыкуці не толькі неахайна захоўваюцца тавары, але нават вагі адхілены на 10 грамаў на карысць… прадаўца. У Каменскім магазіне сцены ад вільгаці пакрыліся плесняй. У Падневіцкім магазіне хлеб звальваецца на падлогу, загадчык працуе ў брудным, рваным халаце. З боку асобных загадчыкаў магазінаў і прадаўцоў дапускаюцца грубыя адносіны да пакупнікоў, няўвага да іх попыту.

 

Ежа каралеўская

Пра гэта пісала раённая газета са спасылкай на часопіс “Беларусь”.

Бульба, як вядома, родам з Амерыкі. У Еўропу яна завезена англічанінам Дрэйкам у 1586 годзе.

У Францыі, як і ў Англіі, бульба спачатку таксама была ежай каралёў. Зацікавіліся ёю толькі тады, калі надышоў голад і акадэмія навук абяцала буйную прэмію таму, хто знойдзе расліну, якая замяніла б хлеб.

Прапагандыстам бульбы ў другой палове 18-га стагоддзя выступіў парыжскі аптэкар, аграном і спецыяліст па хлебапячэнні Антуан Парманцье. Значэнне бульбы як пажыўнага прадукту ён ацаніў, знаходзячыся падчас сямігадовай вайны ў нямецкім палоне, дзе яго кармілі адной бульбай. Па яго просьбе кароль Людовік XVI даў Парманцье пад Парыжам два ўчасткі для доследнай пасадкі бульбы.

Для таго, каб бульба атрымала распаўсюджанне, Людовік XVI насіў на грудзях букет кветак бульбы. Гэта нават стала модным пры двары караля. Сталічныя франты плацілі да дзесяці залатых за адну толькі галінку гэтых кветак, і сяляне парыжскіх ваколіц разводзілі бульбу спецыяльна дзеля кветак. Аднак харчаванне бульбай не прыжывалася.

Таму Парманцье прыдумаў хітры сродак: днём каля пасеваў бульбы ён ставіў ахову, якая адганяла ўсіх, хто блізка падыходзіў. Уначы вартаўнікоў знімалі, пакінуўшы пасевы без аховы. Гэта падзейнічала. Бульбу ноччу пачалі красці, і новая культура хутка распаўсюдзілася па Францыі.

 

Лічбы і факты

Адна з лепшых жывёлаводаў калгаса імя Леніна Яўгенія Фёдараўна Каранеўская атрымала па 17 парасят ад кожнай з 20 свінаматак. Ёй прысвоена званне “Майстар жывёлагадоўлі”. Ніна Васільеўна Шакун і Соф’я Васільеўна Каранеўская ў працы таксама маюць добрыя паказчыкі.

Камсамольцы разам з усімі працоўнымі раёна імкнуцца як мага лепш выканаць узятыя сацыялістычныя абавязацельствы. У радах першых крочаць камсамольцы: даярка калгаса “Верны шлях” Т. Гуд, палявод А. Анкута, шафёры Валожынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі Ю. Ланько і І. Рубан, сталяр Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання І. Мандрык.

На курортах, у санаторыях і дамах адпачынку бываюць штогод многія рабочыя пабудкома. Напрыклад, летась у санаторыі “Крыніца” правяла водпуск рабочая Кацярына Салановіч, у Кіславодску адпачыла лабарантка Валянціна Азарэвіч, у Есентуках – сталяр Аляксандр Мышлён. У дом адпачынку “Ждановічы” ездзілі шафёр Часлаў Глінскі і рабочая Лідзія Пасека.

Урокі працы – адны з любімых у вучняў Івянецкай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага. Хлопчыкі набываюць тут асновы токарскай справы, знаёмяцца з майстэрствам цесляра і сталяра. Любы з іх можа навастрыць нож або сякеру, зрабіць табурэт, кніжную паліцу, вешалку для паліто. Майстэрству юнакоў вучыць Цімафей Міхайлавіч Ісараў.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *