Са спагадай i добрым словам

Общество

Дабрачынную акцыю для пацыентаў сацыяльных ложкаў пры медыцынскіх установах раёна напярэдадні 8 Сакавіка правялі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За адзін дзень яны пабывалі ў Пяршаях, Івянцы і Ракаве, завезлі туды 47 падарункавых набораў і 10 тортаў.

У Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду – 24 састарэлыя, у Івянецкай гарпасялковай і Ракаўскай участковай бальніцах – па 12 і 11 чалавек адпаведна. Кожны з іх быў адораны цёплымі словамі віншаванняў, атрымаў падарунак, а пасля ўсіх запрашалі на “салодкі стол”. З адміністрацыяй названых медыцынскіх устаноў абмяркоўваліся і некаторыя важныя пытанні гаспадарчага характару. У прыватнасці, гаварылася пра пошук магчымасцяў абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, стварэння дадатковых зручнасцяў для пацыентаў сацыяльных ложкаў.

Старэнькія жанчыны і мужчыны клопат пра сябе прынялі з вялікай удзячнасцю. А некаторым проста хацелася быць пачутымі – арганізатары дабрачыннасці выслухоўвалі іх трывогі і турботы, гутарылі “за жыццё”. І позіркі бабуляў і дзядуляў станавіліся куды цяплейшымі, разгладжваліся маршчынкі на тварах. Іншы раз звычайная ўвага і добрае слова лечыць неспакойнае сэрца куды лепш за самыя моцныя медыкаменты…

Сяргей САДОЎСКІ

Фота Ніны Радыны

 



Добавить комментарий