Па хвалях дабрынi i пазнання…

Официально

У кожнага чалавека ёсць першы настаўнік, які навучыў чытаць, пісаць, рашаць задачкі, а таксама “прывіваў” такія  жыццёвыя “прамудрасці”, як сумленне, добразычлівасць, чэснасць, ветлівасць…Такой асобай для многіх стала педагог гімназіі № 1 г. Валожына Н. В. Барахоўская. Яна ж — пераможца раённага конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Пачатковыя класы”.

– Ідуць па моры караблі… У кожнага свой шлях, свой маршрут, свая прыстань. Ці прыйдуць яны да вызначанай мэты, абыходзячы ўсе перашкоды і небяспеку, залежыць ад каманды на чале з капітанам карабля, — такімі словамі распачала Наталля Васільеўна самапрадстаўленне на другім этапе рэспубліканскага конкурсу.

Так, Наталля  Васільеўна не проста настаўнік. Яна – настаўнік-капітан, які вось ужо 23-ці год падарожнічае па незвычайнай краіне – Краіне Дзяцінства, дзе жыве вясёлы, гарэзлівы, таленавіты народ – дзеці.

Адпраўляючыся ў плаванне па хвалях Дабрыні і Пазнання да нязведаных астравоў, няўрымслівыя падарожнікі абавязкова бяруць з сабой любоў, узаемаразуменне, падтрымку, упэўненасць і канечне ж надзею. А каб вандроўкі былі цікавымі і плённымі, іх кіраўнік, як вопытны і высокакваліфікаваны педагог, выкарыстоўвае ўсё, што назапашана за гады працы ў школах раёна і вучобы ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і выхавацеля групы падоўжанага дня. Затым удасканальвала і павышала свой прафесійны ўзровень у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Наталля Васільеўна змалку марыла працаваць ў школе. Бо было  на каго раўняцца, у каго вучыцца. Заўсёды з цеплынёй у сэрцы згадвае сваю родную цётку Антаніну Аляксандраўну Вяршыцкую, настаўніцу роднай мовы і літаратуры, а таксама першую настаўніцу Зою Сяргееўну Сак, якія, можна сказаць, і аказалі непасрэдны ўплыў на выбар прафесіі.

У класе, дзе працуе Наталля Васільеўна, утульна, наглядныя дапаможнікі аформлены метадычна правільна і з добрым густам. Дарэчы заўважыць, што многія тэксты і малюнкі зроблены рукой самой гаспадыні, у якой яшчэ з дзяцінства былі заўважаны здольнасці мастака.

А дзяцінства будучай настаўніцы прайшло ў вёсцы Рачаняты, мясцовасці вельмі маляўнічай – побач лес, два возеры-люстэркі, зялёны луг з мноствам разнастайных кветак улетку – вось дзе раздолле для паэтычнай, мастацкай натуры! А заўважаць гэту прыгажосць і адлюстроўваць яе не толькі на лісце паперы ў выглядзе няхітрых дзіцячых малюнкаў, але і ўвекавечваць у тканых палотнах, навучыла маці Любоў Антонаўна і бабуля Марыя Сцяпанаўна, за што бясконца ўдзячна сваім дарагім, родным людзям.  Добра памятае, калі яшчэ быўшы дзіцем, разам з бабуляю садзілася за кросны і спасцігала навуку старажытнага народнага промыслу – ткацтва. А сёння з пачуццём гонару прызнаецца, што пасаг – посцілкі, ручнікі і іншыя тканыя рачы – падрыхтавала сваімі рукамі. Згадзіцеся, на сёння – гэта ўнікальная з’ява!

У сваёй педагагічнай працы Наталля Васільеўна выкарыстоўвае розныя формы і метады навучання – ад класічных традыцыйных да самых апошніх, інавацыйных. А галоўнае – імкнеецца працаваць так, каб ні аднаго вучня не абысці ўвагай, да кожнага стараецца падабраць «ключык».

– Мая задача, – зазначае настаўніца, —  дапамагчы дзецям авалодаць глыбокімі ведамі, шырокім кругаглядам і ўменнем зарыентавацца ў самастойным жыцці, знайсці сябе, зрабіць першае, самае важнае адкрыццё – адкрыць свае здольнасці, а можа быць, і талент. А значыць – навучаць і выхоўваць.

Наталля Васільеўна для сваіх выхаванцаў бадай самы блізкі, родны чалавек, можна сказаць, другая мама, якую так любяць і знаходзяць у ёй падтрымку і заспакаенне. А яна заўсёды ўважліва выслухае, па-мацярынску пашкадуе, паспачувае, справядліва рассудзіць, дапаможа разабрацца ў дзіцячых праблемах. Выхоўвае ў іх пачуццё прыгожага, вучыць разумець і любіць прыроду і ўсё жывое, развівае мастацкія здольнасці, а таксама такія якасці, як пачуццё меры, уменне адрозніць сапраўднае ад фальшу, даць ацэнку розным прыродным праявам, адзначаць галоўныя прыкметы пораў года… І яшчэ: навучае дзяцей быць добрымі, спагаднымі не толькі адзін да аднаго, а і да братоў нашых меншых – жывёл і птушак – быць адказнымі за іх жыццё. Усё гэта ўвасоблена на адкрытым уроку, які быў праведзены Барахоўскай падчас трэцяга (завочнага) тура рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». (Будзем спадзявацца, што гэта не апошні конкурсны ўрок).

Такім чынам, Наталля Васільеўна і яе вучні ўяляюць адно цэлае, накшталт капітана і каманды, якіх яднае душэўная шчодрасць, чуйнасць адно да аднаго, узаемаразуменне. І не саб’ецца з зададзенага курсу карабель, калі  штурвал яго ў моцных, умелых руках, а каманда —  надзейная і шчырая.

Пажадаем жа ім спадарожнага ветру ў іх незвычайных вандроўках, адкрыцця нязведаных астравоў і дасягнення новых вяршынь.

Людвіка ТАЎГЕНЬ

Фота з архіва школы

 



Добавить комментарий