Жыццё раёна

Общество

Пачынаць гутарку не са слоў, а з усмешкі, прывыкла Н. А. БЫКОЎСКАЯ – памочнік выхавальніка ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей” горада Валожына.

Усмешка дапамагае Наталлі Аляксандраўне лёгка знаходзіць кантакт з кожным з 18 маленькіх непасед ясельнай групы “Гномікі”.

2-3-гадовыя малышы патрабуюць спецыяльнай, бацькоўскай увагі. Памочнік выхавальніка нагадвае клапатлівую маці, якая сочыць за ўсімі дробязямі ў доглядзе за малышом. Наталля Аляксандраўна выхаванцаў і пакорміць, і падрыхтуе да пасляабедзеннага сну, дапаможа распрануцца-апрануцца, навядзе ў групе парадак і чысціню. Яна стварае тыя камфортныя ўмовы, якімі дзіця звычайна акружаюць дома.

Цеплыня і мяккасць у адносінах з дзецьмі невыпадковыя. Н. А. Быкоўская – клапатлівая маці траіх сыноў, малодшаму з якіх дзесяць гадоў, а старэйшаму хутка дваццаць.

Уважлівасць і спагадлівасць Наталлі Аляксандраўны адзначаюць усе работнікі дашкольнай установы. Па іх словах, у любы час сутак можна звярнуцца да супрацоўніцы з просьбай аб дапамозе, і яна ніколі не адмовіць, што пацвярджалася ўжо не раз.

Па спецыяльнасці Н. А. Быкоўская – зборшчык мікрасхем. Скончыўшы Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча, яна працавала ў філіяле навукова-вытворчага аб’яднання “Інтэграл”. Аднак у цяжкія 90-я з прафесіяй прыйшлося расстацца. Да электронікі Наталля Аляксандраўна так і не вярнулася.

Кажуць, словы, якія часта намі вымаўляюцца ці нязменна суправаджаюць нас па жыцці, валодаюць здольнасцю матэрыялізавацца, уплываць на лёс, характар чалавека. Родам Наталля Аляксандраўна з вёскі з пяшчотнай назвай Зоранька Маладзечанскага раёна. Напэўна, нездарма твар жанчыны заўсёды праменіцца святлом і дабрынёй.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий