Светлыя днi сакавiка

Общество

На працягу тыдня ў райцэнтры працаваў фестываль-кірмаш праваслаўнай культуры “Кладзезь”. І кожны дзень ён быў багаты на наведвальнікаў.

Благаславіў гэту духоўную акцыю протаіерэй, благачынны Валожынскай акругі Дзмітрый Агіевіч. Адбыўся малебен на пачатак добрай справы ля іконы з часціцамі святых мошчаў.

У раённай газеце ў папярэдніх нумарах ужо было  падрабязнае знаёмства з праграмай “Кладзезя”. Таму  ў гэтай заметцы дэталізаваць ход фестывалю ў нашым горадзе мы не станем. Зазначым толькі, што кожны, хто імкнецца да духоўнай сталасці, да пазнання асноў хрысціянства, хто стараецца пашырыць свой кругагляд, знайшоў тут нямала карыснага для сябе. Быў тут не толькі хлеб надзённы ў прамым сэнсе гэтага слова, а і хлеб духоўны…

Арганізатары мерапрыемства ў размове з карэспандэнтам адзначылі ў жыхароў і гасцей нашага горада вялікую цікавасць да гэтага мерапрыемства.  Шмат пабывала тут і моладзі, прыходзілі мамы з малымі дзеткамі. На працягу ўсяго тыдня ў раённым Цэнтры культуры, дзе праходзіў фестываль-кірмаш, было шматлюдна.  Дарэчы, за апошнія гады гэта ўжо другая падобная акцыя. Таму ўвага да ўсяго, што прадставіў тут Свята-Елісавецінскі манастыр, іншыя праваслаўныя прыходы, і на гэты раз была вялікая. Вернікі і тыя, хто яшчэ толькі імкнецца паглыбіць веру, свае веды аб хрысціянстве, з задавальненнем набывалі духоўна-асветніцкую літаратуру, відэа і аўдыёматэрыялы, сувеніры, лекавыя травы і інш. І, вядома ж, з асаблівай пачцівасцю выбіралі іконы.

На фестывальнай пляцоўцы было прадстаўлена многае з таго, чым займаюцца сёння прыходскія і манастырскія майстэрні. Дзетак гарадскіх школ зацікавіла батлейка. Былі наладжаны творчыя сустрэчы і для дарослых.

Наведвальнікі маглі запасціся і духмяным мёдам многіх сартоў. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся прыродны прадукт з пяргой і пылком.

Усё, што было прадстаўлена на кірмашы, напярэдадні было благаслаўлёна малітвай у Свята-Елісавецінскім манастыры.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий