Дастаўка радасцi на дом

Общество

Тры гады, як па дарогах раёна калясіць бібліобус. Ён забяспечвае жыхароў 12 аддаленых вёсак кнігамі і перыядычнымі выданнямі.

Паездкі распланаваны на кожную сераду месяца. Выдача кніг ажыццяўляецца работнікамі ЦРБ па графіку, у самых шматлюдных кропках: магазіны, аўтобусныя прыпынкі. Аб візіце вяскоўцы загадзя папярэджваюцца аб’явай. Да інвалідаў і нямоглых бібліятэкары прыязджаюць на дом. Чытачамі становяцца і грамадзяне працаздольнага ўзросту – ім часам «не з рукі» наведаць бліжэйшую бібліятэку, а таксама дзеці, якія на канікулах гасцююць у сваіх дзядуляў і бабуль.

Нядаўна метадыст В.І. Шыкуць і бібліятэкар І. Г. Танюкевіч сабралі друкаваны «груз» і адправіліся, згодна з графікам, у бок Вішнева і Багданава. Хапіла ў бібліобусе месца і для артыстаў: загадчыка аўтаклуба Дзмітрыя Завацкага, дырэктара Багданаўскага СДК Святланы Матус, дырэктара Вішнеўскага СДК Дзмітрыя Гурбана, бібліятэкараў з Багданава Яніны Камінскай і Наталлі Корвель, мастацкага кіраўніка Багданаўскага СДК Аляксандра Часноўскага.

Галоўным пунктам назначэння ў той дзень была вёска Вайганы. Тут, як сцвярджаюць работнікі ЦРБ, жывуць асаблівыя кнігалюбы. Яны не толькі шмат чытаюць, але і заўсёды імкнуцца абмеркаваць кнігу, падзяліцца сваімі ўражаннямі, выслухаць меркаванне спецыяліста-бібліятэкара. Таму візіты да гэтых шчырых людзей заўсёды прыносяць шмат задавальнення.

Павел Генадзьевіч Цішэвіч кніг самай разнастайнай тэматыкі заўсёды бярэ з запасам. Суседзі гэта ведаюць, і каму не выпала наведацца да бібліобуса, звяртаюцца да яго. Павел Генадзьевіч нават уласныя фармуляры вядзе, каб ні адна кніга выпадкам не прапала!

Пасябравалі з бібліятэкай на колах Зінаіда і Аляксандр Кышчы, загадчыца фельчарска-акушэрскага пункту Я. А. Завацкая, санітарка В. Д. Якаўлева, сям’я Ігнаценкаў, пенсіянерка Т. У. Пальчэўская.

Шмат аматараў кніг аказалася і ў прыватным прытулку для старых «Сямейны прычал», што ў Вайганах.

Тут зараз жывуць 23 чалавекі. Умовы для іх створаны выдатныя: светла, чыста, цёпла, харчаванне па гадзінах. Забяспечваюць усё гэта 17 адзінак персаналу. Работа нялёгкая, бо сярод пастаяльцаў і ляжачыя, і інваліды, і псіхічна хворыя. За некаторых гаротнікаў нават грошай няма каму заплаціць. Але і такім у «Сямейным прычале» ў доглядзе не адмаўляюць.

Як жа абрадаваліся старыя з прытулку бібліятэкарам і артыстам! Усміхаліся, а вочы не стрымлівалі вільгаці… Адчувалася, што госці тут – падзея важная і вялікая. Відаць, не часта родныя дзеці ці ўнукі наведваюць гэту сумную ўстанову пасля таго, як даставілі сюды бацькоў…

Старыя ахвотна разбіралі часопісы з рэцэптамі, з парадамі па садаводстве і агародніцтве, дэтэктывы. А Л. І. Гадун, якую прывезлі сюды аж з Расіі, папрасіла на наступны раз даставіць ёй рускую класічную літаратуру…

«Дзякуй за кнігі, за канцэрт! Наведвайцеся часцей! Мы будзем вас чакаць…» – гучала пры развітанні з усіх бакоў.

І падумалася: якія ж малайцы нашы работнікі культуры! Яны не забываюцца дарыць радасць людзям!

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий