Яе чароўная iголка

Культура

Галіна Паўлаўна МАКЕЙ з вёскі Лістапады Гародзькаўскага сельсавета не толькі шчыра беражэ, але і прымнажае духоўныя набыткі нашых продкаў. Гармонію і пачуццё радасці майстрыха знаходзіць у вышыванні храмаў, а таксама лікаў Багародзіцы і Хрыста.

У выставачнай зале народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца”, што ў Валожыне, адкрыта выстава “Чароўная іголка”, дзе прадстаўлена больш за 60 работ умелай рукадзельніцы.

Акрамя хрысціянскіх тэм, тут ярка адлюстравана і нацыянальная творчая традыцыя. Рукатворную вясёлку ствараюць ручнікі, падузорнікі, накідкі на падушкі, на якіх красуюць вяргіні, васількі, шыпшына і аксаміткі. Цешаць вока наведвальнікаў тэматычнай выставы таксама вытанчаныя лёгкія карункі шматлікіх сурвэтак. На вышываных пано свет эмоцый і настрояў ствараюць какетлівыя паненкі, пяшчотныя высакародныя лебедзі, грацыёзныя коні, ганарлівыя арлы…

Па спецыяльнасці Галіна Паўлаўна – мантажніца радыёапаратуры, а ў душы – мастак. Жанчыну натхняюць на творчасць не толькі маляўнічая прырода вёскі Лістапады, але і кветкавыя вазоны, якіх у хаце гаспадыні больш за 70. Руплівы характар дапамагае майстрысе ўсюды паспяваць, з усім спраўляцца. Але хобі ўсё ж бярэ верх. Таму не выпадкова за любімай вышыўкай рукадзельніца нярэдка можа праседзець цэлую ноч.

Днём жа працавітую Галіну Паўлаўну чакаюць справы на хатнім падворку. З мужам, з якім пражылі 43 гады, гадуюць коз і мноства птушкі. У гаспадарцы Макеяў адных толькі качак ажно 92!

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *