Пушкін сцвярджаў, што кнігі – адзіныя сябры, якія не могуць здрадзіць.
Вернасць кнігам праносяць праз усё сваё жыццё і многія людзі. Загадчыца Дубінской сельскай бібліятэкі С. І. АРЦЮКЕВІЧ – з іх ліку.
Святлана Іосіфаўна рана засталася ўдавой. Падымала на ногі дваіх дзяцей, пастаралася даць ім магчымасць атрымаць адукацыю. Грошай не хапала. Некаторыя знаёмыя з усёй шчырасцю раілі жанчыне змяніць прафесію на больш аплатную. Але ўявіць сябе без любімай справы жанчына не магла.
Культработнік у сельскай мясцовасці чалавек адметны, таму застацца ўбаку ад грамадскай дзейнасці яму рэдка ўдаецца. С. І. Арцюкевіч пазбягаць даручэнняў грамадскасці ніколі і не збіралася. Для яе гэта прывычна і натуральна – адчуваць сябе ў цэнтры жыцця. Таму з адказнасцю ставіцца да выканання абавязкаў старасты вёскі Дубіна Юрздыцкая. Не раз землякі аказвалі ёй давер і выбіралі дэпутатам мясцовага Савета. С. І. Арцюкевіч прывыкла трымаць сябе ў рабочай форме заўсёды. Дома ёй таксама не да адпачынку – трэба пра гаспадарку, агарод клапаціцца. Шмат вольнага часу ўдзяляе кветкаводству.
Пра кветкі Святлана Іосіфаўна і тэарэтычна «падкаваная», дзякуючы кнігам, і практык адмысловы. Яе палісаднік радуе вока прыгожымі краскамі з ранняй вясны да позняй восені. У памяшканні бібліятэкі і дома таксама вырошчвае шмат самых разнастайных пакаёвых кветак.
Ахвотна падтрымлівае яна і сваіх калег па культурнай сферы – з’яўляецца ўдзельніцай народнага гурту гумару «Дубінскія фанабэры». Гэты калектыў робіць стаўку на мясцовы фальклор, але іншы раз ім не абысціся без добрай літаратурнай падказкі. Тады бярэ Святлана Іосіфаўна ў рукі патрэбную кнігу і чэрпае адтуль мудрасць, дасціпны гумар, натхненне…
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара