За радком гісторыі

Культура

Забудова феадальных двароў складвалася паступова на працягу стагоддзяў і не мела рэгулярнай планіроўкі. Пасля кожнага новага ўладальніка дваровыя комплексы зведвалі пэўныя перамены. Галоўнае месца ў забудове займаў сядзібны дом. Найчасцей гэты драўляны будынак з некалькіх пакояў. У больш багатых дварах сядзібныя будынкі ўзводзіліся двухпавярховымі і ўключалі ў сабе дзясяткі розных памяшканняў. Канкрэтныя ўяўленні пра такія дамы можна атрымаць з інвентароў (гаспадарчых вопісаў) маёнткаў. Адно з найбольш поўных апісанняў знаходзіцца ў інвентары Валожынскага маёнтка за 1713 г.

Галоўны будынак Валожынскага двара ўяўляў сабой двухпавярховы мураваны палац. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што гэта адзін з першых, вядомых нам, мураваных сядзібных дамоў на Беларусі. Толькі ў XIX ст. мураваныя будынкі ў панскіх дварах пачынаюць пераважаць над драўлянымі. Палац у Валожыне быў пакрыты гонтавай страхой. Пад домам меліся сутарэнні (піўніцы). Падлога была зроблена з сасновых дошчак (тарніц). Сярод інтэр’ера згадваюцца шафы, сталы і столікі, скураныя крэслы, ліхтары, кафляныя грубкі.

Асноўная частка мястэчак Валожыншчыны ўзнікала непасрэдна каля феадальных замкаў і сядзіб (Валожын, Ракаў, Лоск, Вішнева, Івянец). Па сваім прававым статусе большасць мястэчак з’яўляліся прыватнаўласніцкімі. У ліку царкоўных мястэчак можна назваць Пяршаі, якія належалі віленскім біскупам. У пісьмовых крыніцах першыя згадкі пра мястэчкі рэгіёна адносяцца да 1522 г. (Івянец, Камень). У 1539 г. упершыню называюцца мястэчкамі Пяршаі, у 1551 г. – Валожын, у 1563 г. – Багданава, у 1579 г. – Ракаў, у 1582 г. – Яршэвічы, у 1583 г. – Вішнева.

Галоўным заняткам насельніцтва Валожыншчыны са старажытных часоў з’яўлялася земляробства. Земляробчыя прылады працы складаліся з ворных (саха, барана) і ручных (серп, каса, цэп і г. д.). Пры ворыве выкарыстоўвалася “літоўская” саха, якая была прыстасавана для пары валоў. У якасці баронаў ужываліся так званыя “сукаваткі”, а таксама пляцёныя бароны. Асноўнай прыладай для жніва служыў серп. Касой карысталіся не толькі ў час сенакосу, але і пры ўборцы пшаніцы.

У XVIII ст. на Валожыншчыне была пашырана вытворчасць жалеза. Напрыклад, у першай чвэрці стагоддзя дробныя прадпрыемствы – рудні і кузні працавалі ў вёсках Келевічы, Паніззе, Пруднікі, Яцкава і інш. Пры гэтым, у Келевічах былі дзве рудні, на якіх перапрацоўвалі руду і выраблялі з жалеза розныя сельскагаспадарчыя прылады, а ў Яцкаве функцыянавалі нават тры рудні.

Была невялікая рудня (дымарка) і ў Вішневе. Яна размяшчалася на рэчцы Альшанцы на тэрыторыі маёнтка графа Яўхіма Храптовіча, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага. Гэты чалавек дбаў пра дабрабыт дзяржавы, якая вымушана была штогод купляць замежнае (шведскае, маскоўскае) жалеза. Так, у 1769 годзе за імпартаванае жалеза заплацілі каля 27 тысяч “чырвоных” злотых. Граф Храптовіч вырашыў арганізаваць мясцовую вытворчасць чорнага металу. Па яго загадзе старую рудню знеслі і ў 1780 годзе збудавалі вялікую металургічную печ для выплаўкі чыгуну, тры фрышэркі – печы для пераробкі чыгуну ў жалеза. Доменная печ была зроблена па спецыяльнай тэхналогіі, аб чым можна меркаваць па апісанні, бо чарцяжы пакуль што не знойдзены.

Сярод памешчыкаў “сярэдняй рукі” вызначаліся ракаўскія памешчыкі Здзяхоўскія. Акрамя развітай сельскай гаспадаркі, яны эксплуатавалі вінакурны завод у Паморшчыне і лесапільны ў Міхалове.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *