Бiяграфiя з геаграфiяй

Молодежный курьер

27-28 сакавіка вучоныя Рэспублікі Беларусь збяруцца на свой II з’езд, на якім абмяркуюць вынікі работы, вызначаць перспектывы развіцця.

 

    Сярод 90 маладых таленавітых вучоных, якім у 2014 годзе прызначана стыпендыя Прэзідэнта Беларусі, ёсць і прадстаўнік Валожыншчыны.

    Указ аб назначэнні стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным быў падпісаны 21 студзеня 2014 года. У топ-90 ёсць прозвішча ўраджэнца Валожына, выпускніка гімназіі № 1 Дзмітрыя Курловіча.

У школьныя гады практычна ўсе гараджане ведалі гэтага прыгожага, артыстычнага юнака, які вёў многія ўрачыстыя мерапрыемствы і канцэртныя праграмы. Акрамя таго, што Дзмітрый быў надзвычай актыўным у грамадскім жыцці, ён паспяваў яшчэ і добра вучыцца. У 1998 годзе юнак з сярэбраным медалём скончыў сваю першую альма-матэр.

Любоў да геаграфіі, я б сказала, “раман” з гэтай навукай пачаўся яшчэ ў школьныя гады пад уплывам настаўніцы Святланы Вітольдаўны Федарака. Таму свядома былі выбраны факультэт і навучальная ўстанова.  І адразу пасля школы Д. Курловіч стаў студэнтам самай галоўнай навучальнай установы краіны – Белдзяржуніверсітэта.

У 2003 годзе Дзмітрый заканчвае геафак і атрымлівае дыплом з адзнакай. Працягвае вучобу далей у аспірантуры БДУ і адначасова ў магістратуры Лундскага ўніверсітэта ў Швецыі.

Чарговая прыступка ў біяграфіі – абарона кандыдацкай дысертацыі. Адбылася гэта падзея ў 2011 годзе. Увесь гэты час Дзмітрый выкладае на сваім родным геаграфічным факультэце. Працуе ён на кафедры “Глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм”, у даны момант – у якасці дацэнта. Не спыняе малады кандыдат і заняткі навуковай работай. За гэты час выйшлі ў свет два яго падручнікі для студэнтаў – “Геаінфармацыйнае картаграфаванне зямель” у 2011 годзе і “Геаінфармацыйныя метады аналізу і прагназавання надвор’я” ў 2013 годзе.

У  бягучым годзе ў план выдавецтва БДУ ўключана манаграфія маладога вучонага, напісаная на падставе яго кандыдацкай дысертацыі, — “Прасторавая дыферэнцыяцыя і дынаміка морфаструктур Беларускага Паазер’я”.

Дзмітрый таксама з’яўляецца адным з аўтараў калектыўнай манаграфіі “Прыродна-рэсурсны патэнцыял і перспектывы ўстойлівага развіцця Валожынскага раёна”.

За гады пасля заканчэння ўніверсітэта Дзмітрый пабываў у шматлікіх замежных камандзіроўках, звязаных з навуковай работай. Даўно стала для яго блізкай Швецыя, дзе бываў шмат разоў. Пазнаёміўся з далёкай і ў многім экзатычнай Венесуэлай. Акрамя гэтага, малады вучоны пабываў у Даніі, Аўстрыі, Польшчы, не лічачы былых савецкіх рэспублік – Украіны, Расіі, краін Балтыі.

Але самай блізкай і любімай з’яўляецца дарога дадому, у родны Валожын, дзе чакаюць з нецярплівасцю маці, бабуля, родныя. Абавязкова знаходзіць час, каб наведаць любімую настаўніцу Святлану Вітольдаўну, якая нязменна застаецца першым дарадчыкам. Для яго  Святлана Вітольдаўна Федарака – педагог з вялікай літары, якая, смела можна сцвярджаць, дала вучню пуцёўку ў вялікае жыццё. Міжволі ўспамінаецца выказванне: “Настаўнік – выхавай вучня, каб было потым у каго вучыцца”. І хаця вучань дасягнуў ужо большых вышынь, чым яго школьны педагог, аднак  яе аўтарытэт меншым за гэтыя гады не стаў.

Зусім нядаўна ў жыцці Д. Курловіча адбылася яшчэ адна прыемная падзея: Савет геаграфічнага факультэта  БДУ вылучыў яго дэлегатам на II з’езд вучоных Беларусі, які адбудзецца ў гэтым месяцы. Сапраўды, 2014 для Дзмітрыя – зоркавы год!

І яшчэ адзін цікавы факт: сярод калег Д. Курловіча некалькі прадстаўнікоў Валожыншчыны. Сённяшні намеснік дэкана геаграфічнага факультэта Міхаіл Брылеўскі – выпускнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра, дацэнт, выкладчык факультэта Марыя Лаўрыновіч – выпускніца Івянецкай СШ.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий