Сакрэт яе шчаслiвай старасцi…

Культура

Алімпіяда Мікалаеўна Рамаховіч з вёскі Сарокі аказалася не па гадах жвавай і бойкай бабулькай. Нават і не скажаш, што ёй… 98 гадоў! Доўгажыхарка многае пабачыла за сваё немалое жыццё. І не ўсе ўспаміны “салодкія”. Куды больш тых, якія пакінулі на сэрцы і душы незагойныя раны.

Сям’я Алімпіяды Мікалаеўны жыла ў Пугачах. Была яна не маленькая – бацькі гадавалі шасцёра дзяцей. Таму не дзіва, што матуля ледзьве спраўлялася з непаседамі, а бацька і ўвогуле быў заняты толькі тым, што зарабляў сродкі, каб пракарміць галодную дзетвару. Нельга сказаць, што ў мужчыны гэта не атрымлівалася: ён меў залатыя рукі і спецыялізаваўся на будаўніцтве дамоў. А ў той час жадаючых набыць уласны кут хапала. Таму з цягам часу завялася нейкая капейка, і маці Алімпіяды Мікалаеўны дазволіла сабе наняць дзяўчыну для дапамогі па доглядзе за дзецьмі, каб самой часткова вызваліцца ад хатніх клопатаў і падацца ў якія-небудзь заробкі. З гэтай ідэі, на жаль, нічога талковага не выйшла – маладая дзяўчына не магла зраўняцца са спрактыкаванай замужняй жанчынай у спрыце. Таму на адной з сямейных нарад пастанавілі: ісці ў найміткі падчас жніва, уборкі льну, весці туды ж і дзяцей. Старэйшыя будуць дапамагаць матулі, ды і за меншымі догляд належны будзе. Так і зрабілі. Алімпіяда Мікалаеўна прыгадвае, што на заробкі хадзілі з мамай нават старэйшыя браты, якія адслужылі ў арміі. Аплата складала тры злотыя альбо пуд дабра (так у часы дзяцінства маёй субяседніцы называлі збожжа). А ў іншы час дапамагалі бацьку рэзаць дошкі для будаўніцтва. Ці трэба казаць, што аддавалася на ўсе гэтыя і іншыя работы максімум сіл ад кожнага? Не вытрымаў непасільных штодзённых нагрузак бацька. Яго не стала ва ўзросце 46 гадоў…

А на сям’ю зваліліся новыя клопаты. Вялікую частку дзённага часу адымаў догляд за вялікай гаспадаркай – трыма каровамі, статкам авечак. Таму неўзабаве гадаванак пачалі аддаваць на пашу, за гэта таксама давялося адпрацоўваць. Астатнюю частку бюджэту папаўняў прададзены ўраджай яблыкаў з уласнага саду. Гандляваць хадзілі ў Гарадок (цяпер – Маладзечанскі раён) і Ракаў, да знаёмых яўрэяў, якія трымалі адпаведны “бізнес”. У іх жа і атаварваліся ўсім неабходным – ежай, вопраткай, абуткам. Няхітрае жыццё вялікай сям’і працягвалася да таго самага дня, калі па радыё перадалі пра пачатак вайны…

Стварыць сям’ю, нягледзячы на надыход нямецкіх войскаў. Гэта рашэнне было прадыктавана жорсткай неабходнасцю. Салдаты вермахта забіралі несямейных мужчын і жанчын на прымусовыя работы ў Германію. Так павінна было здарыцца і з гераіняй майго аповеду, і з яе будучым жаніхом – мужчынам, нашмат старэйшым за сваю суджаную. Можа, і хацелася прыгожай і жвавай дзяўчыне палятаць яшчэ вольнай птушкай, ды мусіла… А там, як водзіцца, сцярпелася-злюбілася, пайшлі сямейныя справы на лад. Неўзабаве нарадзілася дачушка. Не трэба казаць, што ў час ліхалецця і самім пракарміцца было складана. А тут практычна апошняе трэба было аддаваць нямецкім салдатам, якія на першай пары ўдзень пачувалі сябе вальготна і ўпэўнена і, не саромеючыся, заходзілі ў вясковыя хаты па харчы. А ноччу ў вокны стукаліся партызаны, дапамагаць выжыць якім патрабавала сама душа. Праўда, іншы раз пад выглядам народных мсціўцаў “завітвалі” і бандыты. Вось апошнія не шкадавалі нічога і нікога, забіралі ўсё, што можна было забраць… Калі мужа адправілі на фронт, жанчына круцілася як умела і магла. З неймавернымі цяжкасцямі назапасіла 50 пудоў жыта, за якія купіла ў дамашнюю гаспадарку карову. На карміцельку бандыты і спакусіліся… Увогуле, Алімпіяда Мікалаеўна той час успамінае з горкай слязой: без гаспадара ў хаце давялося самой навучыцца і касіць, і за плугам хадзіць, і па іншых, спрадвечна мужчынскіх справах завіхацца. Ды не гэта рвала сэрца. Не вытрымала голаду і нястачы маленькая дачушка… Калі яе пахавалі, Алімпіяда Мікалаеўна доўга не магла знайсці сабе месца. І мужу – сапёру, узнагароджанаму 4-ма ордэнамі Чырвонай зоркі і 15-цю медалямі, адпісвала лісты, дзе казала, што ўсё ў іх добра – каб не рваць яму і без таго знявечанае вайной сэрца. Расказала ўсё, як вярнуўся – абняўшыся моцна-моцна, гаравалі разам…

Калі наступіла мірнае жыццё, у пары нарадзіўся сын. Выхавалі яго ў пяшчоце і любові. Цяпер жыве ў Маладзечне. Бацькі няма ўжо даўно, таму ўсё цяпло сынавай душы аддае матулі. Дзе трэба, даглядае, куды трэба – падвозіць, што скажа – робіць. І не пад прымусам – ад душы стараецца аддзячыць за колішні і цяперашні мамін клопат. Алімпіяда Мікалаеўна гаворыць, што ў яе лепшы сынок на свеце. Бачна, што яна сапраўды ім ганарыцца. У тым, напэўна, і хаваецца сакрэт шчаслівай старасці…

Сяргей САДОЎСКІ, 

фота аўтара



Добавить комментарий