Спайсы з валожынскай “прапiскай”

Закон и порядок

Паводле інфармацыі райаддзела Следчага камітэта, у Валожыне ўзбуджаны справы супраць трох чалавек па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі – за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

Адзін з затрыманых – 1992 года нараджэння – меў намер распаўсюджваць псіхатропы. Ён набыў спайсы ў сталіцы і прывёз іх у райцэнтр, плануючы зарабіць “лёгкія грошы”. Аператыўныя работнікі міліцыі затрымалі яго, маладому чалавеку пагражае тэрмін зняволення ад 8 да 13 гадоў. Два чалавекі знаходзяцца пад следствам, ступень іх віны ўстанаўліваецца. Самае меншае пакаранне, прадугледжанае законам, – да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Спайсы, або курыльныя сумесі, – адны з самых страшных па наступствах псіхатропныя рэчывы. Іх уздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму чалавека ў 100 тысяч разоў мацнейшае за гераінавае. Паследкі нават адзінкавага ўжывання залежаць ад моцы арганізму. У лепшым выпадку, гэта – “спальванне” пэўнага ўчастка галаўнога мозга і стопрацэнтнае занясенне ў пажыццёвы спіс пацыентаў псіхіятрычнай клінікі. У горшым – смерць…

Бяда спайсаў яшчэ і ў тым, што яны вельмі танныя, а таму даступныя. І гэтым прыцягваюць даверлівую, прагную на новыя “непаўторныя” адчуванні моладзь. Псіхатропы распаўсюджаны сярод маладых людзей ад 16 да 20 гадоў. Таму супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта рэкамендуюць бацькам прыгледзецца да сваіх дзяцей, прааналізаваць іх паводзіны, пагутарыць на гэту тэму. Такім чынам удасца выратаваць не адно жыццё…

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий