Пра надыход пары лясных пажараў

Закон и порядок

Паводле загаду Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, сёлета з 13 сакавіка аб’яўлены пажаранебяспечны перыяд. Устаноўлена пастаяннае дзяжурства, цяпер – да 20.00. З павелічэннем светлавога дня і ў залежнасці ад ступені пажарнай небяспекі час дзяжурства будзе павялічаны.

Дадаткова ў лясніцтвах выконваюцца планавыя супрацьпажарныя мерапрыемствы: пракладваюцца і даглядаюцца мінералізаваныя палосы, наводзіцца парадак уздоўж дарог, устанаўліваюцца аншлагі, шлагбаўмы, рамантуюцца ранейшыя і з’яўляюцца новыя месцы адпачынку.

Лясныя пажары – адна з найбольш сур’ёзных праблем сучаснасці. Штогод успыхвае каля 200 тысяч лясных пажараў, падчас якіх наносіцца шкода 0,5% агульнай плошчы лясоў і выкідваецца ў атмасферу мільёны тон прадуктаў гарэння. Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Узнікненне пажараў у лясным фондзе адбываецца па віне насельніцтва ў 73% выпадкаў, пры правядзенні сельскагаспадарчых палаў – 20%, і толькі 7% – па іншых прычынах. Найбольшая колькасць пажараў прыходзіцца на вясновы перыяд, калі выпальваецца сухая трава, а таксама ў гарачыя летнія дні ў ліпені і жніўні.

Валожынскі лясгас усім жыхарам і гасцям нашага раёна нагадвае пра тое, што, паводле «Правіл пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь», у пажаранебяспечны сезон забараняецца разводзіць вогнішчы ў іглічных маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравал і ветралом), тарфянішчах, у месцах з падсохлай травой, пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння (падпаленыя запалкі, акуркі і інш.), прамасленыя ці насычаныя лёгкаўзгаральныя матэрыялы і вадкасці, выкарыстоўваць на паляванні пыжы з лёгкаўзгаральных матэрыялаў. Таксама нельга запраўляць паліўныя бакі машын у неўстаноўленых месцах, а таксама пры працуючых рухавіках, эксплуатаваць машыны і механізмы з пашкоджанымі бакамі, правадамі. Забараняецца выпальваць сухую траву на землях ляснога фонду.

Таксама варта ведаць, што ў выпадку наступлення 4-5 класа пажарнай небяспекі і вырасшай колькасцю пажараў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права абмяжоўваць і ўводзіць забарону на знаходжанне насельніцтва ў лясах.

У выпадку выяўлення ляснога пажару тэлефануйце дзяжурнаму лясгаса па нумарах: 55-7-73, 55-0-93 ці ў МНС па тэлефоне 101.

Андрэй ЗАВАДСКІ,

інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Валожынскі лясгас”



Добавить комментарий