Спазнаём гісторыю і культуру сяброў

Официально

23 вучням і 18 педагогам раёна пашчасціла пабываць у навучальна-адукацыйнай паездцы “Спазнаём гісторыю і культуру сяброў: Эстонія, Латвія, Літва”.

Выязджалі мы ноччу. Раніцай прыбылі ў маленькі, утульны эстонскі горад. Мы наведалі мясцовую адміністрацыю, гімназію, сельскую сярэднюю школу, дзіцячы сад, даведаліся шмат новага пра адукацыю, традыцыі гэтай краіны і, у прыватнасці, горада Йыгева.

Наступным пунктам нашага падарожжа стаў горад Тарту. Тут наведалі навукова-забаўляльны цэнтр “AХХAA”. У цэнтры можна было не толькі паглядзець, але і дакрануцца да ўсяго рукой, і нават паўдзельнічаць у правядзенні фізічных, хімічных, біялагічных вопытаў.

На другі дзень нас гасцінна сустрэла сталіца Латвіі – Рыга. Цікавае вандраванне працягнулася яшчэ ў адной прыбалтыйскай краіне – Літве. Колькі таямніц, аказваецца, хавае дагэтуль Тракайскі замак – адзіны астраўны замак ва Усходняй Еўропе. Тут нарадзіўся адзін з самых знакамітых літоўскіх князёў – Вітаўт.

У рамках адукацыйнай праграмы “Віціна – карабель мінулага” нас пазнаёмілі з суднабудаваннем XVII-XIX стагоддзяў. Мы даведаліся шмат новага і замацавалі веды пра Вялікае Княства Літоўскае. Мноства славутых мясцін Вільнюса адкрылася нам з вокнаў турыстычнага аўтобуса.

Паездка дазволіла не толькі даведацца шмат новага пра іншыя гарады і краіны, але і стаць бліжэй адзін да аднаго. Яшчэ доўга мы будзем успамінаць гэтыя шчаслівыя тры дні.

Удзельнікі экскурсіі дзякуюць арганізатарам – аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Дзіяна ШАРГАРОДСКАЯ,

вучаніца 9 класа гімназіі № 1 г. Валожына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *