З акардэонам па жыццi

Молодежный курьер

Колькі трэба прыкласці намаганняў і сіл, каб дасягнуць у справе свайго жыцця пэўных вынікаў, ведае кожны. А што неабходна для таго, каб цябе прызналі лепшым па прафесіі, а твой партрэт быў змешчаны на раённую Дошку гонару? Пра гэта многае можа расказаць сённяшні госць рэдакцыі – дырэктар Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Марат Вікенцьевіч ЛАГУТКА. Давайце разам пазнаёмімся з гэтым таленавітым, неардынарным, апантаным музыкай маладым чалавекам.

    – Марат, адкуль Вы родам і як пачынаўся Ваш шлях у музыку?

– Нарадзіўся я на радзіме Якуба Коласа – у Стоўбцах. А ў музычную школу трапіў, можна сказаць, выпадкова. Бацькі маёй аднакласніцы вырашылі праверыць яе музычны слых і адправіць дзяўчынку вучыцца ігры на інструментах. Мае бацькі пачулі гэта, падсадзілі разам мяне. У выніку я і паступіў.

   – А аднакласніца?

– Не (смяецца).

    – Вы акардэаніст. Чаму менавіта гэты інструмент абралі?

– Калі я паступаў вучыцца, выбар быў не асабліва вялікі: ці акардэон, ці баян. А любімая матуля колісь таксама вучылася ў музычнай школе, толькі па класе фартэпіяна. І там, і там клавішы аднолькавыя, таму мама вырашыла, што ёй будзе лягчэй дапамагаць мне асвойваць інструмент. Так і пачаўся шлях у будучую прафесію. Заняткі даваліся няцяжка. Але калі-нікалі наступала лянота, і тады я пачынаў праяўляць “характар”. Праўда, мама заўсёды ўмела падабраць правільныя словы.

    – Памятаеце першы поспех, які акрыліў і даў сілы на новыя дасягненні на музычным полі?

– Вядома ж. Толькі гэта быў не зусім поспех. Самы першы конкурс, у якім я ўдзельнічаў, праходзіў у Дзяржынску. Тады не атрымалася што-небудзь заняць. Але добра памятаю тую крыўду ў душы, калі адчуваў, што магу куды больш, чым паказаў на выступленні. Прыкладна па такім жа сцэнары развіваліся падзеі і на фестывалі акардэаністаў у Маладзечне. Аж слёзы на вачах выступілі. Тады падышоў да мяне наш вопытны і мудры педагог Генадзь Уладзіміравіч Несялоўскі. Менавіта гэтаму чалавеку я і абавязаны сваім сённяшнім уменням. Ён і сказаў, што ўжо на наступны год зробіць з мяне пераможцу і добрага музыканта. Але – пры ўмове поўнага падпарадкавання яго патрабаванням. І стрымаў сваё слова! У 1993 годзе я стаў лаўрэатам II прэміі рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча.

    – Як далей працягваўся творчы і прафесійны ўзлёт?

– Амаль кожны год – перамога ў розных конкурсах. І ва ўсіх быў лаўрэатам I або II прэміі. Увогуле, калі нешта атрымліваецца, то па гэтым накірунку і трэба ісці. У школе ў мяне праяўляліся нядрэнныя здольнасці да матэматыкі, фізікі і хіміі. І настаўнікі гэтых дысцыплін ускладалі на мяне немалыя надзеі. Таму не зусім зразумелі, калі я выказаў жаданне развівацца ў накірунку музыкі. Закончыў базавую школу, паступіў у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Там надарыўся і першы выезд за мяжу – на першы Міжнародны конкурс акардэаністаў-баяністаў па гісторыі ў германскі горад Клінгенталь. Пабываць разам з лепшымі музыкантамі свету і пераняць ад іх нешта для сябе – не малога варта! Пасля каледжа, які я скончыў з адзнакай, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

    – Абмежаваліся падчас вучобы там паглыбленнем валодання толькі сваім інструментам ці асвойвалі дадаткова яшчэ які?

– Кожны чалавек, думаю, імкнецца да шматграннага развіцця. Пра сябе магу сказаць, што паралельна асвойваў і спецыяльнасць дырыжора. Так як і акардэон, і фартэпіяна маюць аднолькавую раскладку клавіш, іграю і на гэтым інструменце. Маё меркаванне: нельга дасягнуць сапраўднага прафесіяналізму, калі будзеш імкнуцца асвоіць як мага большую колькасць інструментаў. Тут як у прыказцы: за двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш. Ёсць, вядома, самародкі-музыкі, таленавітыя людзі-аркестры. Аднак ні адзін з іх не выступае на прафесійнай сцэне.

    – А якім Вы былі студэнтам?

– Нармальны такі студэнт, са сваім “наборам тараканаў”. Але неяк пастаянна трапляў у цэнтр грамадскага жыцця. Напрыклад, на трэцім курсе мы стварылі Лігу студэнтаў акадэміі музыкі. Мяне абралі старшынёй гэтай структуры. Мы стараліся быць карыснымі. У выніку ўдавалася знаходзіць кампрамісы з кіраўніцтвам на розныя тэмы.

   – Якім чынам ураджэнец Стаўбцоўшчыны трапіў на працу ў наш раён?

–  Вядома як – па размеркаванні. Але гэта быў у нейкай ступені і свабодны выбар. З дырэктарам Ракаўскай школы мастацтваў Юліяй Мякінкай мы былі знаёмыя дастаткова даўно, бачыліся падчас шматлікіх выступленняў. І аднойчы, незадоўга да заканчэння акадэміі, Юля патэлефанавала мне, прапанавала падчас свайго дэкрэтнага адпачынку замяніць яе на пасадзе. Так што першы запіс у маёй працоўнай кніжцы – дырэктар. Згадзіцеся, прыемна з такога пачынаць кар’еру.

    – Як кіраўнік калектыву, што можаце сказаць пра яго? Чым незадаволены, чым ганарыцеся і якія бачыце перспектывы?

– Грэх быць незадаволеным такімі дружнымі, таленавітымі людзьмі. Кожны работнік стараецца ўкласці ў дзіця ўсе свае немалыя веды і ўменні, развіць яго як творчую асобу і выхаваць Чалавека! А ганаруся дасягнутымі поспехамі педагогаў і іх выхаванцаў. Напрыклад, наша цымбалістка Насця Супрончык, якая вучыцца пад кіраўніцтвам Кацярыны Вячаславаўны Сенінай, заняла трэцяе месца на трэцім адкрытым конкурсе “Залатая струна”. Там жа атрымаў дыплом наш гітарыст Дамінік Пятроўскі, якога вучыць Сяргей Сяргеевіч Колаш. Летась вызначылася выхаванка педагога па класу фартэпіяна Вольгі Іванаўны Кругловай Дзіяна Вялічка – яна заваявала дыплом на форуме фестываляў “Музычны капеж” у Оршы. Ганарымся Кацяй Гецман, якой скарылася трэцяе месца на фестывалі імя Грушвіцкага. Там жа годам пазней быў адзначаны і наш школьны ансамбль скрыпачоў, якім кіруе Алена Віктараўна Мялешка. Увогуле, мы ўдзельнічаем практычна ў кожным музычным фэсце, пра які чуем і на які запрашаюць. Не так даўно стварылі пры школе мастацтваў ансамбль акардэаністаў. Вось як толькі яны сыграюцца, з’явіцца і новая перспектыва.

    – Марат, якім дырэктарам Вы самі сябе лічыце?

– Складанае пытанне (смяецца). Напэўна, лаяльным. А ўвогуле, асоба кіраўніка ў многім залежыць ад самога калектыву. Шчыра дзякую сваім работнікам, якім не трэба нічога нагадваць і падштурхоўваць ідэямі.

    – Як думаеце, лягчэй камандаваць ці падпарадкоўвацца?

– Усё залежыць ад чалавека. На мой погляд, кіруючая пасада вучыць прымаць рашэнні і адказваць за іх. Гэта не толькі садзейнічае развіццю асобы, але і вельмі дапамагае ў жыцці. Вядома, калі рашэнне прымае нехта іншы, гэта прасцей. Але і тут ёсць свае выключэнні. Асабіста мне не сорамна ні за адзін прыняты выбар. Перакананы: усё, што робіцца – толькі да лепшага.

  – Лічыцца, што мужчына “склаўся”, калі пасадзіў дрэва, пабудаваў дом і вырасціў сына. Што з гэтага спісу можаце прымерыць на сябе?

– Дрэў нямерана пасадзілі ў школе. Уласнага дома пакуль не пабудаваў, а жывём мы з любімай жонкай Ірынай і яе бацькамі. Гэта сям’я мінчан. Наконт сына – то, напэўна, усяму свой час.

    – Што думаеце наконт прычын, з-за якіх моладзь не жадае затрымлівацца ў вёсцы?

– На вёсцы маладому чалавеку не стае магчымасці самарэалізавацца, заняцца справай па душы. Добрае жыццё і нармальны адпачынак – вось іх патрабаванне. І яно абсалютна нармальнае. З іншага боку, на маёй практыцы было шмат прыкладаў, калі людзі свядома пакідалі вялікі горад і асталёўваліся ў сельскай мясцовасці. Як бачым, тут таксама ўсё залежыць ад чалавека.

    – А асабіста Вам што бліжэй – жыццё ў горадзе ці вясковы быт?

– Больш цягне сталіца. Яна стымулюе “шавяліцца”, дзейнічаць, шукаць і знаходзіць…

   – Што для Вас сям’я?

– Месца, куды можна варочацца зноў і зноў. Надзейны тыл. Я вельмі ўдзячны і сваім бацькам, і бацькам жонкі, і ёй самой за вялікую аказваемую падтрымку кожны дзень, кожную хвіліну. Не ўяўляю сябе без гэтых самых блізкіх, дарагіх людзей.

    – Што найлепш дапамагае справіцца з дрэнным настроем?

– Здаровы і добры сон! Іншы раз у дапамогу прыходзяць салодкія прысмакі.

    – Вы азартны чалавек?

– Калі як. “Загарэўся” нейкай ідэяй – зраблю. А ўвогуле, у жыцці кожнага творчага чалавека павінна быць іскрынка азарту.

    – Марат, Вы “сава” ці “жаваранак”?

– Дакладна “сава”. Самы прадукцыйны час для мяне – вечар і ноч.

    – Якой была самая каштоўная парада, атрыманая ў жыцці?

– На ўсе выпадкі падыходзіць выслоў’е: “Адносся да іншых так, як хочаш, каб адносіліся да цябе”.

    – Што яшчэ любіце рабіць у вольны час?

– Падарожнічаць… і смачна есці! Пашанцавала з цешчай, якая сапраўдная гаспадыня на кухні. Частуе зяця раніцай і вечарам – заўсёды “пальчыкі абліжаш”.

    – У такім выпадку назавіце страву, якой аддаяце перавагу перад іншымі.

– Сырнікі! Вядома ж, не пакідаю па-за ўвагай і бліны.

    – А самі гатуеце?

– Самастойна харчавацца я пачаў з 16-ці гадоў, але вялікіх талентаў да гэтай справы не маю. Магу, вядома, бульбу пасмажыць ды яйка спячы…

    – На Ваш погляд, гумар і праца сумяшчальныя?

– Безумоўна! Любую напружаную сітуацыю лепш “разруляваць” з гумарам – тады ні ў кога крыўды не застанецца.

    – Назавіце апошнюю падзею, якая найбольш Вас уразіла.

– Уласнае вяселле і падарожжа ў Туніс. 10 дзён мы правялі на пляжах Сяродземнага мора. Падавалася, гэта нейкі зусім іншы свет… Адным словам, спадабалася надзвычай!

– Як сочыце за здароўем?

– Люблю футбол… па тэлеку глядзець (смяецца). Дзякаваць Богу, яшчэ не той ўзрост, калі трэба прыслухоўвацца да сваіх самаадчуванняў.

Бліц-апытанне на тэму: “Вашы любімыя…”

Пара года: – Лета. Люблю цяпло.

Кветка: – Сваіх пераваг няма. А жонка любіць герберы.

Жаночае імя: – Ірына, вядома! А Вы чакалі іншага адказу?

Тост: – За мілых дам!

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий